На уборке кукурузы лидирует филиал Свитино-ВМК ОАО Витебский мясокомбинат

Заботы сельские

Па тэмпах уборкі кукурузы філіял «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» знаходзіцца сярод лідараў у раённай зводцы – на 6 кастрычніка тут убралі 51,5% плошчаў, ці 103 з 200 гектараў ад плана. На ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы нарыхтавана ўжо 26,17 цэнтнера кармавых адзінак.


На мінулым тыдні, пакуль дажджы ў чарговы раз не прыпынілі работу аграрыяў, кукурузу ўбіралі на ўездзе ў аграгарадок Вярхоўе. Да фермы з аднайменнай назвай філіяла «Свіціна-ВМК» адзін за адным пад’язджалі трактары з паўнюткімі прычэпамі. У кожным – тон па 10 здробненай кукурузы. Ішла закладка сіласнай траншэі. Тут на «Амкадоры-352» на трамбоўцы зялёнай масы шчыруе вопытны і спрактыкаваны механізатар Іван Аляксеевіч Чачанец.


– Справу сваю Іван Аляксеевіч любіць, да тэхнікі адносіцца як да жывой істоты. Яна ў механітара заўжды дагледжана і на хаду, – ухвальнае слова пра свайго працаўніка кажа дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка. – Адказны і працалюбівы, практычна адзін сёлета спраўляецца з трамбоўкай зялёнай масы і якасна выконвае гэту работу.


Добрыя словы ў кіраўніка знайшліся і для іншых удзельнікаў уборачнай кампаніі. Напрыклад, у адрас Уладзіміра Віктаравіча Прошчанкі. У гэты «гарачы» час ў філіяле «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» земляроб стаў ледзь не адным з самых галоўных на кукурузным полі. На яго спадзяюцца. Сам механізатар, які працуе ў сельскай гаспадарцы «ўсё жыццё», з надзеяй глядзіць на свой «КВК-800», рэгулюе яго, змазвае перад пачаткам рабочага дня і думае: хоць бы не падвёў.


Уладзімір Віктаравіч разумее, што ад вынікаў яго працы будзе залежыць работа (а значыць, і заробак) іншых механізатараў, якія працуюць на адвозцы і трамбоўцы. А гаспадарцы, якая мае не адзін жывёлагадоўчы аб’ект, нарыхтаваць сіласу трэба многа – пяць тысяч тон.


І калі мы прыехалі на кукурузнае поле, тут кіпела работа. Магутны «КВК-800» хаваўся ў высокай кукурузе, здалёк бачна было, як здробнены корм сыплецца ў прычэп трактара. За якія дзесяць-пятнаццаць хвілін быў паўнюткі прычэп. Ішла бесперапынная нарыхтоўка кармоў. Кожны дзень на рахунак У. В. Прошчанкі прыбаўляецца па дзвесце-трыста тон здробненай масы. Камбайн «абслугоўваюць» тры трактары.


Лепшы механізатар на адвозцы – Валерый Іванавіч Барадаўка, ён паспявае зрабіць за дзень больш за дзясятак рэйсаў да сіласнай траншэі і назад. Не саступае яму і камандзіраваны на дапамогу ў гаспадарку з ААТ «Віцебскі мясакамбінат» малады механізатар Віктар Юр’евіч Далгашэеў. Менавіта яго на трактары «МТЗ-1523» з «ПС-45» мы заспелі на полі ля «КВК-800» Уладзіміра Прошчанкі.


Па нашай просьбе механізатары на некалькі хвілін перапынілі сваю работу. Пытаемся ва Уладзіміра Віктаравіча пра сёлетні ўраджай. «Амаль што ў чалавечы рост кукуруза – значыць, ураджай што трэба! – ацэньвае механізатар. – Цэнтнераў трыста з гектара будзе! Такую і ўбіраць – любата».


Уважліва сочыць за станам спраў на кукурузных палетках дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка. З вышыні свайго прафесійнага вопыту Людміла Пятроўна ацэньвае сёлетнюю ўраджайнасць кукурузы як сярэднюю – 272,5 ц/га, летась яна давала з гектара 457 цэнтнераў. Між тым па раёне сёлета менавіта «царыца палёў» са «Свіціна-ВМК» дае найбольшы ўраджай. Увогуле настрой у кіраўніка гаспадаркі і механізатараў аптымістычны. «Не зазімуем!» – упэўнены яны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *