В прокуратуре приём граждан ведётся по графику

Новости района

Калі ўсталявалася сапраўдная летняя спёка, захацелася апынуцца там, дзе шуміць і хінецца да зямлі важкі спелы колас. Там, пасярэдзіне, у самым сэрцы поля і нараджаецца ён, кліч жніва. Назойлівая думка не адступала, захацелася адчуць, як хвалюецца ў руках калоссе, казыча нос непаўторны пах зямлі, поля, збожжа.


Як жа спраўляюцца хлебаробы? Ім не ўпершыню змагацца і пераадольваць капрызы прыроды. Нарэшце, цікавасць узяла сваё: мы на палетках ДП «ПалітаддзелецАгра». Карыстаючыся спрыяльным надвор’ем, тут на поўную моц ідзе ўборка ячменю.


Шчыруюць экіпажы. І вось на поле прывезлі гарачую ежу – настаў час абеду. Хлебаробы неахвотна пакідаюць свае «КЗС-1218», якія ўжо даўно сталі роднымі. Працаўнікі ўсе вопытныя, адданыя справе. Тройку лідараў сярод іх складаюць Міхаіл Алегавіч Корань і яго памочнік Аляксандр Уладзіміравіч Курмель, якія намалацілі 766 тон збожжа, Сяргей Аляксандравіч Радкевіч (намалаціў 689 тон). На ліку Дзмітрыя Іванавіча Міклуша і Уладзіміра Сцяпанавіча Булыні – 643 тоны. Добра працуюць і іншыя экіпажы: бацька і сын Аляксей Мікалаевіч і Вячаслаў Аляксеевіч Яўсеенкі, Аляксандр Сяргеевіч Марціновіч і Уладзімір Віктаравіч Ляховіч, Вячаслаў Анатольевіч Шэк і Аляксандр Мікалаевіч Надзёжка, Дмітрый Уладзіміравіч Камоска.


На адвозцы шчыруюць чатыры «МАЗы», за «штурваламі» якіх – Уладзімір Васільевіч Аксюта, Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка, Сяргей Уладзіміравіч Парфёнаў і Мікалай Пятровіч Надзёжка.


Падсілкаваўшыся, камбайнеры хвілінку пагутарылі са мной, падзяліліся думкамі, перажываннямі за ўраджай. На надвор’е ніхто не наракаў, бо да яго даўно прызвычаіліся. Разам мы прайшліся па хлебнай ніве, зрабілі некалькі фотаздымкаў. Час на іх быццам спыніўся. Пазіраючы, нібы аднаўляеш у памяці каштоўнае імгненне: залаціцца ніва, хвалюецца, чакае гаспадарскай увагі. Не прымушаюць хлебаробы доўга чакаць сябе. На адпачынак у іх – імгненне. А потым зноў спяшаюцца да камбайнаў. Займаюць месцы за «штурваламі». Яшчэ імгненне – і вось ужо задаволена завуркаталі маторы, і паплылі па залатым хлебным «моры» магутныя агракараблі…