Александр Моторо, водитель с 40-летним стажем, отметил юбилей

Человек и его дело

«Вецер за кабінаю носіцца з пылам, злева паварот, асцярожна, шафёр!» – спяваецца ў песні. Гэта, вядома ж, і пра яго, нашага субяседніка, вопытнага вадзіцеля філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» Аляксандра Аляксандравіча Матору, чые працоўныя будні і ў завею, і ў спёку, і ў перыяд вясенняй, восеньскай бездаражы праходзяць у дарозе.


Віляе дарога палявая, такая звыклая, што ўжо амаль родная. Гудзе матор, за плячыма – бясконцыя кіламетры. Колькі іх было ў Аляксандра Аляксандравіча? Дзясяткі ці, нават, сотні тысяч, цяжка падлічыць. Імчыць машына, вабіць поле… вось ужо 40 гадоў, як вабіць яно вадзіцеля. Сапраўды, ёсць у ім нейкая прыцягальнасць. Праехаць на аўтамабілі там, дзе ў прынцыпе гэта зрабіць цяжка, ці ўвогуле не ўяўляецца магчымым. Вясковая дарога – гэта і галавакружныя спускі, і ўздымы. Да ўсяго гэтага мужчына прызвычаіўся, бездараж для яго – не перашкода! Учора Аляксандр Аляксандравіч адзначыў юбілейны дзень нараджэння, а напярэдадні мы сустрэліся, бо вельмі хацелася пачуць яго гісторыю, як-ніяк, чалавек адпрацаваў столькі гадоў і ўсё – на адным прадпрыемстве, дзе яго ведаюць і паважаюць як вопытнага і надзейнага працаўніка, сапраўднага прафесіянала, бо адносіцца да справы з найвышэйшай ступенню адказнасці.


– Нарадзіўся і жыў я ў вёсцы Забар’е, – пачаў свой аповед шаноўны юбіляр. – Вучыўся ў Пяцігарскай школе, прайшоў вадзіцельскія курсы ў Уле і – у армію, служыў у Германіі. Давялося паездзіць за рулём «Урала». Вярнуўшыся ў 1978 годзе са службы, пайшоў на племстанцыю вадзіцелем.


Прафесія Аляксандра Аляксандравіча, можна сказаць, нарадзілася ў дзіцячых марах: бацька – механізатар, брат – вадзіцель, механік. Звязаць лёс з тэхнікай было наканавана. Першая машына, з якой пачыналіся працоўныя кіламетры – «ГАЗ-69», пасля армейскай гэтая здавалася такой маленькай, але справіўся, потым былі «УАЗы».


– Што ні кажы, а цяпер працаваць лепш, – заўважае вадзіцель. – Раней ферм было больш і дарогі горшыя. Па-рознаму, але ўсё ж перажывалі цяжкасці. Ды і маладыя былі, здавалася, што ўсё па сілах. Нікуды не пайшоў, іншай працы не шукаў, хоць прапаноўвалі, ды я ўжо тут карэннямі ўрос (смяецца). Бывае, сустрэнеш знаёмага, а ён дзівіцца: «Дык ты яшчэ там працуеш?» А як жа іначай? Да калектыву я вельмі прывык. Нас тут 19 усяго, з іх 5 вадзіцеляў. Працаўнікі добрыя, згуртаваныя. Дзень пачынаецца ў 8 гадзін, але мы ўжо ля транспарту. Калі што ў машыне няспраўна – аператыўна рамантуем, бо курсіраваць па ўсім раёне: Бачэйкава – Вярхоўе – Астроўна, сельгаспрадпрыемствы і акрамя іх прыватны сектар. За дзень да 200 км атрымліваецца.


Кіраўніцтва і калегі пра Аляксандра Аляксандравіча кажуць з вялікай павагай, хваляць: і да справы ён адносіцца грунтоўна, сур’ёзна, а дзе і пажартуе, асабліва з раніцы, настрой на ўвесь дзень добры зробіць, і тэхніку любіць. Знаходзіцца ў поўнай «баявой гатоўнасці», на яго можна спадзявацца. Усякае ж здараецца, а ён заўсёды гатовы да неабходных дзеянняў. Галоўны заатэхнік Таісія Данілаўна Альшэўская ўзгадала, якім ён калісьці прыйшоў працаваць: «Прыемны, сціплы, добрасумленны хлопец, але вельмі адказны, больш бы такіх».


Пра сям’ю працаўнік гаворыць з асаблівай цеплынёй, бо яна – гонар і радасць. Напэўна, лёсам было наканавана, што і суджаную юбіляр сустрэў на племстанцыі: Галіна Віктараўна прыехала з Лепельскага раёна, на той час працавала заатэхнікам. У 1985-м згулялі вяселле, а яшчэ праз год нарадзілася дачка Вольга, потым Алена, у іх таксама па дзве дачушкі.


У кожнага свой шлях, свая дарога. Жыццё Аляксандра Аляксандравіча ідзе практычна за рулём. Маецца, вядома, і хобі.


– Рыбу люблю вудзіць з дзяцінства, жыў ля ракі, бацька ж заўзяты рыбак, ды і я нядрэнны, не прафесіянал, але аматар, – усміхаецца субяседнік. – 20 гадоў быў паляўнічым. Цікава і азартна ўсё гэта. Гаспадарка невялікая: ёсць куры, сабака. Ля дома сад, агарод…


Пра нашага героя, вадзіцеля са стажам і юбіляра, можна расказваць бясконца доўга, настолькі цікавае і насычанае яго прафесійнае жыццё. Юбілей – нагода для асаблівых віншаванняў родных і калег. Далучаемся ж да іх і мы. Моцнага здароўя вам, Аляксандр Аляксандравіч! Шчасця, сямейнага дабрабыту, поспеху, душэўнай цеплыні. Няхай сэрца заўсёды грэюць шчырыя ўсмешкі самых-самых блізкіх людзей. З днём нараджэння!


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *