В Бешенковичах выбрали Деда Мороза-2018

Конкурс

Навагоднія святы для казачных чараўнікоў – самы «гарачы» час. Столькі пісьмаў трэба прачытаць! Столькі дзіцячых жаданняў спраўдзіць! Столькі падарункаў раздаць! Так што адпачываць самім не выпадае. Аднак урачыстасці хутка мінуюць і дзядулі крыху могуць уздыхнуць з палёгкай. У нядзелю яны нават змаглі сабрацца на сустрэчу, павесяліцца і паспаборнічаць паміж сабой. Між іншым, конкурс так і называўся «На тусоўцы Дзядоў Марозаў».


Пяцёра казачных герояў, што вырашылі прыняць удзел у мерапрыемстве, з’явіліся, як і заўжды, пры поўным парадзе, у кажухах і з посахамі. Каб выявіць, хто з іх самы-самы Дзед Мароз, трэба было прайсці выпрабаванні. Дзядулі спачатку ўпарціліся-ўпарціліся, а потым усё ж згадзіліся і …што тут пачалося! Яны пра сябе расказвалі і ў скокі пускаліся, спявалі і са святамі віншавалі, а яшчэ падрыхтавалі творчы конкурс «Сюрпрыз ад Дзеда Мароза».


Колькі ж было цудоўных пажаданняў!.. Так, трэба пагадзіцца, што бешанковіцкія Дзяды Марозы надзвычай таленавітыя, вясёлыя і крэатыўныя. Майстэрства сваё яны дэманстравалі з запалам. У зале не было чалавека, якога б не захапіла ўсеагульная весялосць. Гледачы, нават дарослыя, калі дзядулі запрашалі іх паўдзельнічаць, уключаліся ў гульню з вялікім задавальненнем і, вядома, атрымлівалі потым падарункі-прызы. Дзядулі на жарты здатныя, яны няспынна здзіўлялі журы. З Драздоўскім Дзедам Марозам гледачы нават «вудзілі» рыбу, а вось Бачэйкаўскі Дзед Мароз прынёс у мяху сімвал года – сабаку, да якога ўсе імкнуліся дакрануцца і загадаць самыя запаветныя жаданні.


Увогуле канкурсанты-Марозы справіліся з пастаўленымі задачамі выдатна і даказалі, што ім усё па сілах. Ацэньваць іх намаганні для журы аказалася няпростай справай. Аднак конкурс ёсць конкурс. «Дзедам Марозам-2018» стаў казачны чараўнік з Вярхоўя. Дзядуля Мароз, які працуе ў раённым Цэнтры культуры, перамог у намінацыі «Дзед Мароз-Чырвоны Нос». чараўнік, што прыбыў з Бачэйкава, прызнаны самым спрытным, Дзед Мароз з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама – самым крэатыўным, а Драздоўскі Дзед Мароз – самым вясёлым. Нікога не пакрыўдзілі. Кожны ўдзельнік раённага конкурсу быў адзначаны дыпломам і ў дадатак атрымаў падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.


Аднак усё ж лепшай узнагародай сталі задаволеныя ўсмешкі дзятвы, якая з захапленнем пазірала на казачных герояў. Для Дзедаў Марозаў гэта – самая вялікая радасць.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *