Выездная коллегия управления райсельхозпрода состоялась на базе ОАО Бешенковичи агросервис

Заботы сельские

Стала добрай традыцыяй праводзіць штотыднёвыя семінары-нарады ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама з выездам у сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. У мінулую пятніцу на базе ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс» адбылася выязная калегія ўпраўлення райсельгасхарчу, у якой прыняў удзел старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін. У рабоце калегіі таксама ўдзельнічалі спецыялісты райсельгасхарчу, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: галоўныя аграномы, інжынеры, заатэхнікі і ветэрынарныя ўрачы. У шэрагу актуальных пытанняў – арганізацыя рамонту тэхнікі, падрыхтоўка машынна-трактарнага парку да вясенне-палявых работ 2018 года, падвядзенне вынікаў работы жывёлагадоўлі за мінулы год і іншыя.


Нарада пачалася на мехдвары гаспадаркі ў Бачэйкаве. Старшыня райвыканкама Андрэй Анатольевіч Булаўкін, які адкрыў мерапрыемства, звярнуў увагу прысутных на тое, што навядзенне парадку з захаваннем тэхнікі, яе аховай, улікам паліва, а таксама стварэнне ўмоў для правядзення рамонтаў спрыяе стабілізацыі сітуацыі ў гаспадарцы, эканоміць грошы і матэрыяльныя рэсурсы. Каб прывесці ферму ці мехдвор да ладу, патрэбны вялікія намаганні, аднак больш складаная задача – падтрымліваць такі стан. «Знешні выгляд вытворчых аб’ектаў – гэта твар прадпрыемства, таму наведзены парадак трэба падтрымліваць пастаянна», – адзначыў кіраўнік раёна.


Перад кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена задача – аператыўна праводзіць рамонт тэхнікі, бо не за гарамі час, калі трэба выходзіць у поле.Таму зараз неабходна зрабіць усё магчымае, каб падрыхтавацца да новага сезона годна.


– У цэлым па раёне спраўныя 70% энерганасычаных трактароў, 75% глебаапрацоўчай тэхнікі, 63% пасяўных агрэгатаў, 55% плугоў для вясновага ўзворвання, 51% раскідвальнікаў цвёрдых мінеральных угнаенняў, 58% машын для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў, – паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення райсельгасхарчу В. Г. Падрэз, што таксама прымаў удзел у пасяджэнні калегіі. – Адказна да справы падышлі такія гаспадаркі, як ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», УП «Вядзерава» (маюць высокі працэнт гатоўнасці тэхнікі), а вось у ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс», ДП «ПлісыАгра» і УП «Свіціна-ВМК» рамонт вядзецца недастаткова хуткімі тэмпамі.


Паступова ідзе працэс ачысткі і праверкі насеннага матэрыялу яравых збожжавых і зернебабовых культур пад ураджай 2018 года, а таксама шматгадовых траў. Згодна з планам усяго па раёне неабходна праверыць 2180 т насення яравых збожжавых і зернебабовых культур (з іх вытрымалі праверку ўжо 1657 т) і 95,2 т шматгадовых траў (праверана 41,4 т).


Яшчэ адным аб’ектам, які наведалі ўдзельнікі нарады, была малочнатаварная ферма «Барацьба». Сярод важных задач, акрэсленых на калегіі, знаходзіцца арганізацыя кармлення жывёлы. У рацыёне жывёлы абавязкова павінны прысутнічаць грубыя кармы.


Падвядзенне вынікаў работы сельскагаспадарчай галіны раёна за мінулы год прайшло ў клубе. Адбылася вострая, зацікаўленая гаворка. Пытанням вытворчасці малака, узнаўлення дойнага статку, асемянення і лячэння кароў, забяспечанасці медыкаментамі і іншым прысвяцілі свае выступленні начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч, намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок, дырэктар філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» У. П. Белязека. На пасяджэнні было адзначана, што вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі за 2017 год – недастатковая. Валавы надой малака склаў 29525 т, ці 94,2% да ўзроўню мінулага года. Удой малака на карову – 5045 кг (93,4%). Валавыя прывагі БРЖ – 2459 т (82,1%). Сярэднясутачныя прывагі – 482 грамы. Сярод сельгаспрадпрыемстваў адзначаны ДП «ПалітаддзелецАгра» і УП «Свіціна-ВМК», дзе плюсуюць па вытворчасці малака ў параўнанні з мінулым годам (валавы надой склаў 102,6% і 107,9% адпаведна). Гэтыя ж гаспадаркі маюць нядрэнныя паказчыкі сярэднясутачных прываг (641 г і 614 г адпаведна). У параўнанні з 2016 годам больш, чым на 20% павялічылася рэалізацыя малака гатунку «экстра». У цэлым па раёне яго рэалізавана 73,8%. Добрых паказчыкаў дасягнулі такія гаспадаркі, як УП «Свіціна-ВМК» (100% рэалізацыі), УП «Вядзерава» (94%), ДП «ПалітаддзелецАгра» (79,3%). Аснова атрымання прадукцыі вырошчвання БРЖ – павелічэнне пагалоўя. Адным са спосабаў якога з’яўляецца закуп маладняку. Сярод гаспадарак у лідарах ДП «ПалітаддзелецАгра» – 26 цялят (усяго па раёне закуплена 44). Астатнім гаспадаркам ёсць над чым працаваць. Абмяркоўваліся пытанні надояў і прываг, якасці малака, прагулак буйной рагатай жывёлы, правядзення санітарных дзён, выканаўчая дысцыпліна.


Увагу галоўных заатэхнікаў і ветурачоў скіравалі на неабходнасць адладжанай працы па своечасовым падборы груп жывёлы для асемянення і правядзенні яго ў першым квартале бягучага года. Акрамя таго, кіраўнікам і галоўным заатэхнікам усіх сельгасарганізацый даведзены заданні па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на 2018 год, комплекс мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці работы МТК, павелічэнні прадукцыйнасці дойнага статка не менш як 5500 кг малака за год.»Вёска жыве з фермы. Малако – гэта рэальныя грошы, таму варта паклапаціцца пра рост яго валавой вытворчасці», – падкрэсліў у канцы пасяджэння С. Г. Акуневіч.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *