Комплексные мероприятия Быт проводятся в Бешенковичском районе

Новости района

Залатыя восеньскія дні. Усё карацей становяцца яны. Хутка верасень перагарне апошнія лісткі календара. Ад гэтага на сэрцы, бывае, зробіцца самотна. Але вяскоўцам не выпадае сумаваць. Час прыспешвае іх, бо на палях трэба выканаць яшчэ нямала работ. У гэтую пару года клопатаў у сельгасвытворцаў хапае розных. Увагі земляробаў патрабуюць бульба і кукуруза, агародніна…


У гаспадарках раёна шануюць кожную хвіліну. Адначасова з уборачнай ідзе пасяўная. Днямі мы пабывалі на палетках УП «Свіціна-ВМК», палюбаваліся, як вядзецца сяўба азімых збожжавых. Па дадзеных на 22 верасня, іх у гаспадарцы пасеялі ўжо 60%. Зладжаную працу дэманструюць свіцінскія механізатары. На ўзворванні глебы заняты Юрый Аляксеевіч Любачка і Фёдар Фёдаравіч Заяц, на чызеляванні – Аляксандр Васільевіч Шэлест, Юрый Рыгоравіч Галай, хутка да іх далучыцца і Анатоль Аляксандравіч Мачыха, з сеялкай «АПП-6Д» завіхаецца Сяргей Іванавіч Каралёў. Падвоз збожжа забяспечвае Валерый Аляксандравіч Долгі. На ўнясенні мінеральных угнаенняў задзейнічаны Аляксей Уладзіміравіч Шчука.


– Зараз мы актыўна вядзём сяўбу гібрыднага жыта, – адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Людміла Пятроўна Мамойка. – Летась ураджайнасць гэтай культуры склала 54,7 ц/га. Сёлета ім зоймем плошчу 200 гектараў. Пасеяць якасна і ў аптымальныя тэрміны – такая задача стаіць перад усімі ўдзельнікамі сяўбы. Наш поспех залежыць не толькі ад умоў надвор’я ці якасці падрыхтаванага пасяўнога матэрыялу, але і ад працаўнікоў, занятых на пасяўной, ад іх адказнага падыходу да выканання пастаўленых задач. У полі яны – ад цямна да цямна, стараюцца як мага хутчэй завяршыць сяўбу. Пры гэтым зрабіць усё якасна, па тэхналогіі, бо дакладнае выкананне комплексу агратэхнічных прыёмаў забяспечвае паспяховую зімоўку культур і атрыманне высокага ўраджаю. Трэба вытрымаць тэрміны сяўбы, закласці зерне на правільную глыбіню. Як бы ні хацелася зрабіць справу хутчэй, усё ж занадта спяшацца нельга, бо зерне ў зямлю ляжа няроўна.


Назіраючы такі сур’ёзны падыход, можна не сумнявацца, што пасяўная ў свіцінцаў пройдзе якасна і ў тэрмін.