Лучшая телятница области живёт в Бешенковичском районе

Год малой родины

Здаецца, жыццё, як чысты ліст паперы, ляжыць перад табой, душа поўная мараў і надзей, але аднойчы прыходзіць час, калі трэба падводзіць вынікі: смуткаваць па няздзейсненым, ганарыцца тым, што зроблена. Шчаслівы той чалавек, каму ёсць чым ганарыцца, хто ажыццявіў сваю мару. Жанчына, працаўніца, маці… Ёсць у вёсцы іх нямала, простых жанчын з моцным характарам, добрай і чулай душой. Яны здзіўляюць сілай свайго духу, бескарыслівасцю і працавітасцю. Сабраная і спокойная, вопытная і спрытная, добрасумленная і сціплая — такой паўстала перад намі і Людміла Паўлаўна Зайцава, аператар па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства «Вядзерава».


Яе рукі спазналі нямала вясковай працы, але ўсё ж не шкадуе, што калісьці абрала гэты шлях. —Цяпер яна — лепшая цялятніца ў вобласці. Восем гадоў ужо, як даглядае цялятак ад самай першай гадзіны іх жыцця. Падапечных у яе шмат, адначасова можа быць каля 150. Валавыя прывагі за студзень склалі 4410 кг, а сярэднясутачныя — 1105 грамаў. Але гэта толькі лічбы…


— Для таго, каб дасягнуць добрага прыбаўлення, трэба ўкласці нямала сіл, — дзеліцца сваімі назіраннямі гэтая рашучая жанчына. —Цяляці — нібы дзіця, хоча ўвагі і ласкі, акрамя гэтага трэба прасачыць за кожным, каб паелі, каб не хварэлі, раслі ды сіл набіраліся. Без правільнага настрою на працу, без старання і зацікаўленасці ў выніках таксама не абысціся.


У абласным спаборніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сярод аператараў па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы Людміла Паўлаўна — на першым месцы па выніках працы за студзень. За добрасумленную высокапрадукцыйную дзейнасць, павелічэнне аб’ёмаў і дасягненне лепшых вынікаў па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы працаўніца адзначана дыпломам, які ёй уручылі на сходзе калектыву МТФ «Вядзерава».


Жыццё склалася: трое дзяцей, двое ўнукаў, гаспадарка. Дабрынёй свецяцца вочы вясковай працаўніцы. Душа адкрыта людзям, а сэрца спагадлівае, да сябе ставіцца патрабавальна. У гэты выдатны дзень, напярэдадні жаночага свята, хочацца павіншаваць вас, Людміла Паўлаўна, і ўсіх сельскіх працаўніц. Вы самі будуеце свой лёс, шчыра і сумленна. Жадаем сілы, каб пераадолець любыя перашкоды, справіцца з усімі цяжкасцямі, перажыць любыя нягоды і застацца проста жанчынамі — далікатнымі, пяшчотнымі, добрымі, яркімі, прамяністымі і …шчаслівымі! Жанчынамі з вялікай літары, бо менавіта на вашых плячах трымаецца зямля. Са святам!


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *