Выездное совещание управления райсельхозпрода прошло на базе ГП ПолитотделецАгро и ДроздыАгро Бешенковичского района

Заботы сельские

Набліжаецца вясна. Хутка на палетках пачнуць сваю песню магутныя агракараблі. На машынных дварах сельгаспрадпрыемстваў не адкладаюць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Таму ў лютым у рамонтных майстэрнях праца ідзе поўным ходам. Не за гарамі пасяўная, а да яе трэба быць гатовымі. Асаблівасці падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна на чале са старшынёй райвыканкама А. А. Булаўкіным абмеркавалі на выязной нарадзе, што пачалася на базе ДП «ПалітаддзелецАгра».


На парадку дня ў ліку галоўных былі пытанні пачатку сельгасработ, гатоўнасці тэхнікі, забяспечанасці насеннем шматгадовых траў. Сёлета ў раёне, дарэчы, іх запланавана пасеяць 5750 га. На кантролі трымаецца ачыстка і праверка насення. Адпавядае пасяўным стандартам 82,3 тоны насення (у тым ліку вытрымалі праверку 30,1 т бабовых і 52,2 т злакавых).


Адкрыў нараду і расказаў пра стан спраў у раёне старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін. Да пачатку вясенне-палявых работ адрамантавана ўжо 90% трактароў, у тым ліку 76% энерганасычаных, 70% плугоў, столькі ж дыскавых барон, адпаведны працэнт гатоўнасці маюць і камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты, 95% культыватараў.


Справаздачу трымаў намеснік дырэктара ДП «ПалітаддзелецАгра» Юрый Якаўлевіч Ткачонак. Гаспадарка ўваходзіць у шэраг тых, дзе гэты працэс падрыхтоўкі набліжаецца да завяршэння. Высокі працэнт маюць таксама ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», УП «Свіціна-ВМК» і УП «Вядзерава». Праблемныя пытанні падрыхтоўкі тэхнікі агучыў намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу М. В. Кавалёнак. Нізкімі тэмпамі ў гэтым накірунку працуюць ДП «ПлісыАгра», КСВУП «ДраздыАгра» і ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс».


– У асноўным гэта звязана з недахопам грашовых сродкаў, – адзначыў Міхаіл Віктаравіч. – З раённага бюджэту на дадзены від работ выдзелена 50 тысяч рублёў, што размеркаваны паміж гаспадаркамі.


Закранулі і такі важны момант, як падрыхтоўка агрэгатаў да тэхагляду. Працаўнікам нагадалі і пра сябе не забываць – своечасова прайсці медагляд. Абмеркаваўшы пытанні тэхнічныя і раслінаводчыя, удзельнікі нарады перамясціліся на ферму «Дразды». Па-ранейшаму востра ў раёне стаяць пытанні вытворчасці малака. Другая частка семінара-нарады была прысвечана гэтай тэме. Разгледзелі асаблівасці раздойвання першацёлак, утрымання навацельных кароў і цялят, працэсаў кармлення, даення, асемянення і іншыя. Намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Баранок акцэнтаваў увагу на правільнай арганізацыі раздойвання, яго інтэнсіўнасці, бо спецыялістамі ўстаноўлена, што ад гэтага залежаць не толькі высокія надоі, але і больш працяглае прадуктыўнае жыццё кароў, іх даўгалецце. У навацельны перыяд трэба забяспечыць жывёл энергіяй і пратэінам. Ды і ўвогуле тут неабходны комплексны падыход: кантраляваць кармленне (каб харчаванне было збалансаваным), дазаваць канцэнтраты і (абавязкова!) выводзіць на прагулкі. Каб у памяшканнях было чыста і светла. Для цялят зрабіць асобныя месцы.


Балючае пытанне – эфектыўнасць асемянення. Размову на гэту тэму вёў дырэктар філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» У. П. Белязека. Поспех пачынаецца з адносін да працы, таму Уладзімір Пятровіч рэкамендаваў перагледзець падыход. Як атрымалася, што ў гэтым месяцы, нягледзячы на адсутнасць прагулак, у ДП «ПлісыАгра» лепшы працэнт асемянення? Усё дзякуючы своечасоваму выяўленню.


У цэлым стан па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі здавальняючы. Па раёне за месяц каля 800 галоў прыплоду. На 1 лютага ў гаспадарках налічвалася 19842 галавы БРЖ.


Кіраўнік раёна заклікаў больш патрабавальна падыходзіць да пытанняў вытворчасці якаснай прадукцыі, імкнуцца да высокіх вынікаў. Аснова паспяховай працы – яе правільная арганізацыя. А хто добра працуе, той мае чым хваліцца. Таму дзень у жывёлаводаў распісаны па графіку, занята літаральна кожная хвіліна. Па-іншаму нельга, калі ты адказны за якасць прадукцыі.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *