Весенний запрет на вылов рыбы

Новости района

Фельчар на сяле – не проста радавы медыцынскі работнік. Гэта той чалавек, якому часта даводзіцца браць на сябе ўсю паўнату адказнасці за даверанае яму здароўе вяскоўцаў. Праца гэта не для абыякавых, бо працоўны дзень сельскага «доктара» часта выходзіць за рамкі звычайнага, але ж за гэта медык узнагароджваецца шчырай удзячнасцю сваіх пацыентаў.


Напрыклад, усяго пару месяцаў (пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага каледжа) Ржаўскі фельчарска-акушэрскі пункт узначальвае М. А. Скітова. Але малады ўзрост – не бяда, калі ёсць характар.


Як прызналася сама гаспадыня ФАПа, за кожнага свайго пацыента яна перажывае і імкнецца зрабіць усё магчымае, каб хвароба адступіла. Лёгкай работы ў сельскага медыка не бывае, але Марына Андрэеўна сваю складаную прафесію палюбіла ўсім сэрцам. Зрэшты, пагаварыць доўга нам не прыйшлося, так як на прыём прыйшла пацыентка. І малады медык падрабязна пракансультавала мясцовую жыхарку па хвалюючым яе пытанні.


Дарэчы, пры неабходнасці загадчыца ФАПа запісвае сваіх пацыентаў на прыём да гарпасялковых дактароў, аказвае даўрачэбную дапамогу. Усяго на ўчастку Марыны Андрэеўны Скітовай абслугоўваюцца 506 чалавек. Ціснуцца ў чэргах ім не даводзіцца – у светлым холе ФАПа абсталяваны месцы для чакання, а ў кабінетах ёсць усё неабходнае для прыёму пацыентаў. Фельчарска-акушэрскі пункт – гэта яшчэ і свайго роду міні-аптэка, дзе можна купіць патрэбныя лекі.


У земскага доктара працы заўсёды ўдосталь. Прыём на ФАПе, затым выезды па вёсках на выклікі. У сярэднім за дзень трэба агледзець-выслухаць 30 чалавек (у выключных выпадках – больш за 40). У кожнага з іх свае праблемы… Толькі паспявай пераключацца з адной на іншую.


У цэлым пра работу ў сельскай мясцовасці Марына Скітова адгукаецца з цеплынёй і аптымізмам. За добрасумленнае выкананне медыцынскіх абавязкаў пацыенты, у сваю чаргу, плацяць фельчару адкрытасцю і разуменнем. Усё разам узятае працуе на чалавека, на яго дабрабыт і здароўе.