Военный комиссариат Бешенковичского и Шумилинского районов проводит прямые телефонные и горячие линии

Новости района

З самага ранку ў мінулую суботу людзі спяшаліся на кірмаш. А восьмай гадзіне сюды прыйшлі тыя, хто меў на мэце быць першым пакупніком, каб зрабіць запасы на зіму. Прыдзвінцаў ветліва сустракалі сельгасвытворцы, фермеры, прадаўцы райпа і прыватныя гандляры – яны былі зацікаўлены, каб як мага хутчэй рэалізаваць свой тавар.


Увогуле каляровая палітра восеньскага кірмашу парадавала. Бульба і капуста, морква і буракі, яблыкі і журавіны, цыбуля і перац, рэдзька алейная, пшаніца, ячмень, авёс і нават мука. Нібыта ўсе фарбы восені перамяшаліся паміж сабой.


УП “Свіціна-ВМК”, ДП “ПалітаддзелецАгра”, ДП “ДраздыАгра”, ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”, ЗАТ “ААБ-Агра Наватар” традыцыйна прапаноўвалі землякам мясную прадукцыю: ялавічыну можна было набыць па цане ад 6 да 8 рублёў за кілаграм, фарш – 6-7 рублёў, рагу мясное – 3-3,5 рубля.


Аб тым, што збожжа было найбольш “хадавым” таварам, сведчылі самыя вялікія чэргі ля машын гаспадарак раёна з пшаніцай, аўсом, ячменем і мукой. Расфасаванае вёдрамі па мяхах, збожжа разыходзілася імгненна, тым больш што людзі бралі на корм жывёле нават па дзесяць і больш мяхоў. Кошт пшаніцы вагаўся ад 18 да 24 капеек за кілаграм, ячменю – ад 17 да 22 капеек, аўса – 12-15 капеек.


Багаты выбар агародніны прывёз Ульскі прафесійны ліцэй, прадавалі і збожжа. За кілаграм бульбы, напрыклад, тут прасілі 17 капеек, морквы – 30, буракоў – 25. УП “Вядзерава” прапаноўвала бульбу гатунку “Брыз” па 20 капеек за кілаграм. Канкурэнцыю сельгасвытворцам склалі сялянска-фермерская гаспадарка “Марыя” з Сенненскага раёна, фермеры з Брэсцкай вобласці Сяргей Колбік і з Шумілінскага раёна Сяргей Шчукін, якія рэалізоўвалі розную агародніну па прымальных цэнах. Капустай гандляваў і ўладальнік асабістай дапаможнай гаспадаркі з аграгарадка Свяча Аляксандр Леўшуноў.


Бойка вёўся гандаль літаральна ля ўсіх палатак райпа. Парадавала багатая і прыгожая выкладка тавару, вылучалася акцыйная група – са скідкамі можна было набыць яйкі, алей, жывую рыбу (карпа і таўсталобіка), іншую прадукцыю. Традыцыйна карысталася попытам мяса (вялікі выбар ад свежай свініны і субпрадуктаў да паляндвіцы, курэй-грыль і новага мяснога прадукту — рулета са свініны, што спецыяльна да кірмашу вырабіў каўбасны цэх райпа), а таксама квашаная капуста, садавіна і агародніна, свежая выпечка і нехарчовая група тавараў. Чэргі збіралі і палаткі прыватных магазінаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія таксама зазывалі прыдзвінцаў рознымі прысмакамі.


На кірмашы можна было набыць мёд. Яго прадаваў пчаляр са стажам з Верхняга Крывіна Аляксандр Скрабец. Цана – 5 рублёў за паўлітровы слоік – была прымальная. Людзі падыходзілі і да гандлёвай кропкі Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыі, што гандлявала саджанцамі пладовых дрэў і кустоў. Цікавіліся прадукцыяй КУП БА «Бешанковічы КБА», вырабамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мяккімі цацкамі, рэчамі, зробленымі ў самых розных тэхніках наведвальнікамі і кіраўнікамі гурткоў ТЦСАН — усё гэта можна было не толькі паглядзець, але і набыць.


«Дэбютавала» на кірмашы і раённая газета «Зара». У нас можна было пазнаёміцца і падпісацца на перыядычнае выданне, а тыя, хто аформіў падпіску, атрымалі дадатковыя бонусы – сувеніры ад «Зары», частаваліся яблыкамі і грушамі з саду супрацоўнікаў рэдакцыі.


Адным словам, кірмаш аказаўся яшчэ больш ажыўлены, чым папярэдні. Яно і не дзіўна – загадзя ведаючы пра дату правядзення, прыдзвінцы планавалі пакупкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *