В агрогородке Бочейково состоялся праздник улицы Восточной

Важное Год малой родины

17 чэрвеня ў аграгарадку Бачэйкава адзначалі дзень вуліцы Усходняй. На свята сабраліся не толькі жыхары гэтай вуліцы, але і суседніх. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Бачэйкаўскі СДК. Са сваімі нумарамі павіншаваць удзельнікаў свята прыехалі народны калектыў «Улляначка» з Улы і Валерый Віктаравіч Гайко з Драздоў. У іх выкананні прагучала некалькі прыгожых і душэўных песень. Не абыйшлося і без самых маленькіх зорачак, вучаніц пачатковых класаў Бачэйкаўскай сярэдняй школы Ксеніі Груненкі і Дар’і Барысёнак, якія праспявалі дзіцячую беларускую народную песню «Чубарыкі-чубчыкі».

Павіншаваць жыхароў вуліцы са святам прайшла старшыня Бачэйкаўскага сельвыканкама Галіна Віктараўна Шчука. Прыемным момантам стала ўручэнне ўзнагарод старэйшынам вуліцы Надзеі Самуілаўне Мельнік і Васілю Леанідавічу Грыцкевічу. Не забыліся пра доўгажыхароў і самую маленькую жыхарку Лізу са шматдзетнай сям’і Віктара і Вольгі Кавалеўскіх, якія разам выхоўваюць чатырох дзетак. У гэты дзень была адзначана і Ульяна Лабёнак за прыгожыя вырабы ў тэхніцы арыгамі. Акрамя песень, віншаванняў і пажаданняў добрых слоў былі і вясёлыя танцы. Батут у вёсцы заўсёды чакаюць маленькія вяскоўцы, колькі хацелася ім, столькі і скакалі.
Для тых, хто хацеў адпачыць, можна было прысесці за сталы, папіць гарбаты і паслухаць цудоўныя песні, ад якіх хацелася не толькі спяваць, але і патанчыць, дарэчы, так і рабілі весялейшыя і маладзейшыя жыхары вулачкі. Не кожны дзень аднавяскоўцы могуць правесці вольны час разам, як кажуць, па-суседску.
…Кожнаму з нас грэюць сэрца ўспаміны пра родную вуліцу, па якой калісьці ў дзяцінстве бегаў басанож з сябрамі. Шануйце і зберагайце любыя з маленства мястэчкі і вуліцы. Беражыце і ніколі не забывайце пра тое месца, дзе нарадзіліся і выраслі.
Іна КАЛІНА.

https://www.instagram.com/p/BjDap75BH6e/?taken-by=beshenkovichi_zara



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *