В СУП Вялерево ведётся кормозаготовка

Заботы сельские

У сельгасарганізацыях раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў для будучага зімова-стойлавага перыяду. Днямі завіталі ў СУП «Вядзерава», каб пацікавіцца станам спраў і настроем механізатараў, што шчыруюць на палявых абшарах.

– У касавіцу ўступілі не без цяжкасцяў, – з сумам заўважае, пазіраючы ў зацягнутае хмарамі неба, галоўны аграном гаспадаркі С. Ф. Краўчанка. – Пакуль займаемся касьбой траў. Гэта адказная справа даручана Віталю Аляксандравічу Гайдукову і яго «МТЗ-1221» з «Krone». З такой жа тэхнікай працуюць Сяргей Сяргеевіч Бутанаў і яго напарнік Віталь Генадзьевіч Іванчанка, што выязджае на поле ў другую змену. Адначасова вядзецца нарыхтоўка сена ў рулоны (218 т). На дадзеным відзе работ заняты  Іван Трафімавіч Маліч на «МТЗ-892» з «ПРФ-180». Паводле звестак на 12 чэрвеня, касцы скасілі 250 га траў.
У сваёй справе працаўнікі далёка не навічкі і з корманарыхтоўкай яны на «ты», дбайныя, адказныя, ведаюць тэхніку, хоць, бывае, жалезныя сябры падводзяць. Вось і падчас нашага візіту С. С. Бутанаў прыехаў з поля на мехдвор – мацаванне тэнта зламалася. Але перавесці дух асабліва няма калі, трэба рамантавацца. Паломка нязначная, дзесьці за гадзіну прыварыць можна. Завяршае рамонт і В. А. Гайдукоў, але ўжо вала адбору магутнасці. Працаўнікі спадзяваліся, што ў гэты дзень яшчэ выведуць сваіх кармільцаў на палі сельгаспрадпрыемства. Адрамантуюцца і зноў уключацца ў работу. А яе хапае…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *