Бешенковичские труженики села приняли участие в летней спартакиаде среди работников АПК Витебской области

Спорт

Летняя спартакіяда сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны адбылася ў Пастаўскім раёне на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі». Сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў спаборніцтвах дэлегавалі і сельгаспрадпрыемствы нашага раёна. Каманду Бешанковіччыны склалі 11 спартсменаў – працаўнікі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», УП «Свіціна-ВМК» і КСВУП «ДраздыАгра».     Хто з удзельнікаў стане самым трапным стралком, пакажа сябе выдатным спартсменам і лепш за ўсіх уладкуе палатачны гарадок? Гэта і многае іншае вырашала судзейская калегія.
– Нягледзячы на ўпартую барацьбу, на турзлёце панавала прыязная і спрыяльная атмасфера, – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка. – Саперніцтва было годным і, хоць перамога не на нашым баку (занялі агульнакаманднае 13-е месца), затое ўражанняў атрымалі багата.
Спартакіяда праходзіла весела, азартна, захапляльна. Узрадавала разнастайнасць відаў спаборніцтваў, у якіх працаўнікі вёскі маглі праявіць свае спартыўныя таленты: міні-футбол, валейбол, дартс, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, паласа перашкод, гіравы спорт, перацягванне каната. Цікавым быў і конкурс мастацкай самадзейнасці, так што ўдзельнікі паспелі не толькі паспаборнічаць, але і добра адпачыць.
А вось нашым землякам, што раней прымалі ўдзел у абласной спартакіядзе сярод жыхароў вёскі «Сельскія гульні – 2018» (праходзіла ў Полацкім раёне на возеры Суя), пашанцавала больш. Бешанковіччыну прадстаўлялі 30 атлетаў. Найбольшых поспехаў дасягнулі Аляксандр Ерашоў, які заняў 1-е месца ў настольным тэнісе, і Андрэй Ясінскі – 3-е месца ў гіравым спорце ў вагавой катэгорыі да 90 кг. У выніку Бешанковіцкі раён заняў 6-е месца ў агульнакамандным заліку сярод 19 раёнаў вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *