Бешенковичская районная газета «Зара» празднует свой 86-й день рождения

В трудовых коллективах Главное

Калектыў «Зары» (фота з архіва. 2017 год).

86 гадоў таму назад, 12 жніўня 1932 года, у  свет выйшаў першы нумар Бешанковіцкай раённай газеты, якая ў той час насіла назву “Сталінец”.  

Пад гэтай назвай раённае выданне існавала да 1956 года. Потым невялікі адрэзак часу раёнка называлася “За Радзіму”, а з лютага 1957 года  Бешанковіцкая раённая газета носіць назву “Зара”.

 

Бешанковіцкая раённая газета «Зара» ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 2017 годзе за асвятленьне падзей сацыяльна-эканамічнага жыцця Бешанковіцкага раёна газета «Зара» ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.

Бешанковіцкая раённая газета «Зара» займае пачэснае месца
сярод рэгіянальных выданняў Віцебшчыны.

Калектыў рэдакцыі “Зары” невялікі – летапіс жыцця бешанковіцкага краю занатоўваюць 11 чалавек (з улікам тэхнічнага персаналу). Кіруе раённай газетай галоўны рэдактар Святлана Аляксандраўна Варошка. Свой лёс з Бешанковіцкай “Зарой” звязала не адно пакаленне журналістаў, нашы ветэраны друку часам называюць “Зару” “газетай свайго жыцця” і гэтым выразам шмат чаго сказана.

Галоўны рэдактар С. А. Варошка.

Сёння мы прапануем вашай увазе ўспаміны, сабраныя ў апавяданне “Журналіста памятныя імгненні”, члена грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз журналістаў», былога загадчыка сельгасаддзела і адказнага сакратара Бешанковіцкай “Зары” Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага.

Рэдактар радыё Л. Д. Грыгаровіч і загадчык сельгасаддзела А. В. Крачкоўскі
пераўтварыліся ў добрых казачнікаў.

Журналіста памятныя імгненні

   У канцы жніўня 1980 года я ўпершыню пераступіў парог рэдакцыі газеты “Зара”, якая размяшчалася тады ў драўляным будынку на вуліцы Інтэрнацыянальнай – трэба было паказаць матэрыялы, надрукаваныя за год  у шумілінскай райгазеце “Герой працы”, дзе я на той момант працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў.

Рэдактар выдання У. А. Ганковіч запрасіў у кабінет і дэталёва азнаёміўся з  маімі працамі. Відаць, яны яму спадабаліся, бо тут Уладзімір Арцёмавіч цвёрда прамовіў:

— Першага верасня прыступай да работы карэспандэнтам сельгасаддзела!

Так я апынуўся ў новым калектыве і ў новай якасці. Калектыў прыняў мяне лагодна, хоць і насцярожана – новы чалавек у калектыве абавязкова выклікае павышаны і нават нездаровы інтарэс. Але хутка агульную мову знайшоў з вопытнымі журналістамі: загадчыкам аддзела па справах моладзі Мікалаем Маціеўскім, намеснікам рэдактара-адказным сакратаром і адначасова сакратаром партарганізацыі рэдакцыі Тамарай Паўлаўнай Семчанка, а таксама з загадчыкам сельгасаддзела Сяргеем Васільевічам Рублеўскім.

— Нічога страшнага для цябе ў сельскай гаспадарцы не бачу. Не хвалюйся, калі што, дапаможам, падкажам, — сказаў ён.

Абнадзеілі і словы намесніка рэдактара:

— Нічога, Анатоль! Уцягнешся і ўсё пойдзе ладком!

Такі прыём новых сяброў па пяры мяне абрадаваў.

Сядзець склаўшы рукі па складу свайго характару я не мог, таму праз дзень папрасіў Сяргея даць мне хоць нейкае заданне. Пасля кансультацыі з рэдактарам я атрымаў першае рэдакцыйнае заданне – напісаць матэрыял пра кавалера ордэна Працоўнай Славы ІІІ ступені, механізатара калгаса “ХХ з’езд КПСС” Рыгора Фаміча Вялага.

У гаспадарку адправіліся разам з Сяргеем Рублеўскім. Ехалі на рэйсавым аўтобусе. Па дарозе ён мяне кансультаваў:

— Спытай у бухгалтэрыі, дзе цяпер можа працаваць вядомы механізатар, на якім полі. Распытай яго пра жыццё, працу, цяжкасці. Словам, пастарайся перадаць на паперы яго адносіны да прафесіі, работы. А галоўнае, раскажы чаму ён выбраў гэту складаную ва ўсіх адносінах прафесію, за што палюбіў.

Работніцы друкарні: Вера Судак, Аксана Аксюта, Ганна Аленікава.

На наступны дзень на работу я прыйшоў дастаткова рана, як толькі там з’явілася тэхнічка. Я тут жа аддрукаваў на машынцы свой першы матэрыял. Яго захацеў пачытать рэдактар. У кабінеце нікога больш  не было.

— Чытай! – сказаў Уладзімір Арцёмавіч.

Нечакана ў кабінет зайшоў былы рэдактар газеты Іван Сямёнавіч Конаш.

— Не перашкодзіў? – спытаў ён, зразумеўшы ў чым справа.

— Не, не перашкодзіў, — адказаў Ганковіч і тут жа звярнуўся да мяне:

— Чытай, не хвалюйся, тут ўсе свае.

Два з паловай аркушы матэрыялу пад назвай “Яго жыццёвае поле” прачытаў хутка і застыў у чаканні прысуду вопытных і спрактыкаваных журналістаў.

— Загаловак ты выбраў добры, – парушыў цішыню Уладзімір, – неблагі. Праўда, канцоўку, апошні абзац убяры. Ён тут не патрэбен. Сутнасць і так зразумела…

Такая ацэнка мяне не проста ўзрадавала, але і натхніла на нешта большае, на новыя, больш грунтоўныя матэрыялы. Тым больш, што і Іван Сямёнавіч мяне заахвоціў словамі:

— Мне таксама матэрыял спадабаўся. Поспехаў табе, малады чалавек, на журналісцкім полі!

Той момант быў для мяне вельмі важным. Яго помню да драбніц, хоць з той пары мінула амаль сорак гадоў.

У рэдакцыі і друкарні «Зары» працавалі сем’ямі,
як, напрыклад, родныя сёстры Наталля Мамойка і Любоў Карбоўская.

Аналагічнага задання я больш не атрымліваў, бо пайшлі адны крытычныя матэрыялы з розных гаспадарак. Вядома, я іх не сам выбіраў – менавіта такое заданне мне даваў рэдактар, узгадняючы яго з загадчыкам сельгасаддзела.

Чамусьці больш за іншых гаспадарак я наведваўся ў калгас “Палітаддзелец”. Крытыка надакучыла мясцоваму сакратару партарганізацыі і ён прыехаў да рэдактара с просьбай не прысылаць у яго калгас Крачкоўскага.

Сюды мяне ўжо больш не адпраўлялі. Затое былі іншыя… Не скажу, што далей у мяне ўсё ішло гладка. Некаторыя матэрыялы адпраўляліся пад стол рэдактара — нечым не падабаліся, хоць на ім і стаяў уласнаручны подпіс загадчыка сельгасаддзела: “ У друк!”

Брыгадзір друкарні М. Д. Галкоўскі.

Неяк у рэдакцыю завітаў галоўны інжынер толькі што здадзенага ў строй новага жывёлагадоўчага комплексу ў калгасе “ХХ з’ед КПСС” Чарткоў. Ён паскардзіўся Тамары Паўлаўне Семчанка, якая тады выконвала абавязкі рэдактара, на шмат недаробак, якія істотна перашкаджаюць працаваць належным чынам, ствараюць розныя перашкоды.

Былыя намеснік галоўнага рэдактара Т. П. Семчанка і машыністка Е. З. Казак.

Разбірацца ў сітуацыі адправілі мяне. Галоўны інжынер правёў мяне па ўсіх памяшканнях, дзе павінны былі ўтрымлівацца каровы, быкі і цяляты і паказаў мне такім чынам усю адмоўную карціну новабудоўлі, якая яго і турбавала.

Прачытаўшы матэрыял, Тамара Паўлаўна неяк стрымана сказала:

“Толя, ён вельмі страшны, і я яго надрукаваць сама па сабе не магу – вельмі вялікая адказнасць. Ты лепш схадзі ў райкам партыі да Краянкова. Прачытай яму. Што ён скажа?

Спачатку я хацеў гэты опус “па метаду Ганковіча” выкінуць пад свой стол. Але мне стала шкада не столькі яго, колькі тых надзей, якія ўскладваў на мяне галоўны інжынер. Яго я падводзіць ніяк не мог. А таму цвёрда рушыў на другі паверх у кабінет другога сакратара ў старым будынку РК КПБ.

Ён сустрэў мяне ветліва, выслухаў, прачытаў матэрыял і сказаў:

— А ты мала яшчэ апісаў недаробак на комплексе, — ашарашыў Уладзімір Фёдаравіч. – Я табе раскажу больш…

І ён расказаў яшчэ некалькі важных эпізодаў з гісторыі будаўніцтва важнага для калгаса і раёна аб’екта, назваў прычыны і вінаватых.

— Вось гэта дабаў і атрымаецца добры матэрыял, — сказаў ён на развітанне.

Пасля гэтага артыкул быў надрукаваны і меў дастаткова шырокі рэзананс і ўхваленне галоўнага інжынера комплексу. Я быў, вядома, задаволены, бо праўда брала верх.

Але нядоўга — пасля гэтай публікацыі мае матэрыялы, на якіх была рэзалюцыя загадчыка сельгасаддзела Сяргея Рублеўскага, сталі часцей папаўняць урну для смецця пад сталом рэдактара. Сяргей Васільевіч як  мог адстойваў мае матэрыялы, нават уступаў у лаянку з Ганковічам. Я добра разумеў, што справа не ў злабадзённасці напісанага, а ў ва мне самім – нечым не спадабаўся Уладзіміру Арцёмавічу. І я тут жа падаў заяву на звальнененне…

Галоўны рэдактар Бешанковіцкай «Зары» з 1990 па 2003 год  Р. Д. Галкоўскі.

13 мая 1981 года я быў прызначаны дырэктарам музея ў Бешанковічах. Зноў вярнуўся да журналістыкі ў лістападзе 1991-га. Пасада ранейшая – карэспандэнт сельгасаддзела. На работу прымаў ужо новы рэдактар – Рыгор Дзмітрыевіч Галкоўскі пасля таго, як гэта парэкамендаваў зрабіць загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ Мікалай Анатольевіч Заблоцкі. Па яго ініцыятыве рэдактара я неўзабаве стаў загадчыкам гэтага аддзела, а потым і членам Саюза журналістаў БССР. Трэба сказаць, што Р. Д. Галкоўскі з разуменнем адносіўся да гісторыі бешанковіцкага кутка. Калісьці (да сенненскай раёнкі) ён працаваў тут рэдактарам раённага радыёвяшчання, пісаў і матэрыялы пра вядомых людзей раёна. Таму ён без вагання даў згоду на адкрыццё ў газеце спачатку новай паласы пад назвай “Слава Прыдзвіння”, а потым і “Краязнаяўчай старонкі”. Іх аўтарам быў я.

Дадам, што Рыгор Дзмітрыевіч быў наватарам і іншых добрых пачынанняў у газеце. Колькі старання ён прыкладаў да навагодніх выпускаў “Зары”! Ён шукаў і знаходзіў новыя прыёмы мастацкага афармлення газеты. І вельмі радаваўся ім, клікаў да сябе, раіўся. На той момант такое наватарства было вымушаным, але навагодні нумар вельмі адрозніваўся ад сваіх папярэднікаў. Тым больш, што “ колеру” цяперашняга там тады не было. І вырашаць “ інтэр’ер” чарговага нумара даводзілася менавіта рэдактару. І гэта ў многім яму ўдавалася. Менавіта Рыгор Дзмітрыевіч стаў першым прымяняць у якасці лагатыпу герб Бешанковіч, а потым і запаўняць зместам чарговага нумара газеты  правы верхні вугал першай старонкі, куды раней спецыяльна ставілася невялічкая інфармацыя. Гэта яшчэ больш прываблівала чытачоў, а тым больш падпісчыкаў. Дарэчы, пра апошніх. Іх на той час ніхто не агітаваў падпісвацца на “Зару” – чытачы гэта рабілі самі. Таму і тыраж быў у межах пяці тысяч экзэмпляраў. Матэрыялы там друкаваліся цікавыя, змястоўныя, злабадзённыя. Іх аўтарамі былі рэдактар аддзела пісьмаў Алена Прус, таленавіты, удумлівы журналіст, сам рэдактар. Дарэчы, ён не імкнуўся друкавацуь толькі свае матэрыялы. Здаралася так, што Рыгор Дзмітрыевіч здымаў з першай паласы сваю працу і ставіў маю, бо лічыў яе больш злабадзённай і патрэбнай на той момант, нягледзячы на запланаванае раней на кожны нумар тыдня. Тады ж газета выходзіла тры разы. Цікавыя публікацыі пазней былі на рахунку і новага загадчыка аддзела пісьмаў Эдуарда Мікалаевіча Землянога.

Больш за 30 гадоў разам з «Зарой» прайшоў па жыцці былы фотакор раёнкі Л. М. Акулёнак.

Мне падабался праца супрацоўніка сельгасаддзела, хоць яго спецыфіка была далёкай ад маёй асноўнай спецыяльнасці, атрыманай у БДУ імя Леніна. Многага я тут не разумеў. Даводзілася звяртацца да спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі. Яны ахвотна дапамагалі, раілі, падказвалі. Мы часта выязджалі ў сумесныя рэйды на пасяўную, нарыхтоўку кармоў, уборку ўраджаю. Тыя паездкі, безумоўна, пашыралі мае веды ў асновах вядзення сельскай гаспадаркі. Тут маімі настаўнікамі былі Уладзімір Пятровіч Белязека, Аляксандр Міхайлавіч Долгі, Таццяна Віктараўна Акулёнак, Эдуард Анатольевіч Гуляеў,  Андрэй  Анатольевіч Булаўкін, Ігар Георгіевіч  Слівец, Міхаіл Віктаравіч Кавалёнак, эканамісты. Добрую практыку атрымліваў і непасрэдна ад галоўных спецыялістаў гаспадарак. Дзякуй ім за навуку, бо усе іх парады і заўвагі былі на карысць не толькі аўтару, матэрыялам ды і самой газеце. А гэта было вельмі важна ў нашай рабоце. Ды і персанальная адказнасць за кожны матэрыял была на першым месцы.

Добры імпульс газеце надала пасля заўчаснай смерці ў 2003 годзе Р. Д. Галкоўскага  рэдактар Ларыса Іванаўна Паўлоўская. Па яе ініцыятыве з’явіліся новыя рубрыкі, тэматычныя палосы, што вельмі пашырала магчымасці “Зары” ў адносінах да сваіх верных чытачоў. Яна была чалавекам, ведаючым спецыфіку журналісцкай работы, яе лепшыя бакі.

Аглядваючыся назад, яшчэ раз хачу ўспомніць добрым словам Тамару Паўлаўну Семчанка,  якая дастаткова лоўка ўляпіла мне псеўданім –“А. Вячэслін”, Алену Віктараўну Прус, машыністку Еўдакію Захараўну Казак, таленавітага журналіста Паўла Гаўрылавіча Воранава, на цікавых матэрыялах якога я вучыўся, аператараў Вольгу  Сяргееўну Вілюга і Наталлю  Іванаўну Іўчанка, былога галоўнага бухгалтара  Таццяну Васільеўну Шчука, былога загадчыка друкарні Міхаіла Дзмітрыевіча Галкоўскага, усіх яго падначаленых і цяперашнюю “гаспадыню” тыпаграфскага ўчастка “Зары” – Вольгу Васільеўну Аскера.

“Гаспадыня” тыпаграфскага ўчастка “Зары”  Вольга Васільеўна Аскера.

І асабліва вадзіцеля Леаніда Мікалаевіча Семяніду, з якім мы шмат аб’ездзілі калгасных і саўгасных палёў, наматалі сотні кіламетраў у розную пару года, сустракаліся з героямі пашаў і сенажацяў, майстэрань і ферм. І ўсюды знаходзіліся цікавыя субяседнікі, руплівыя працаўнікі, кавалеры ўзнагарод. Шмат было і ветэранаў мінулай вайны, вязьняў.  Пра ўсіх пісаў з асаблівай любоўю, павагай і задавальненнем. Шкада, што герояў маіх колішніх матэрыялаў сёння ўжо няма сярод нас. Добра, хоць засталіся матэрыялы. Менавіта па іх і трэба складаць працоўную і ваенную героіку нашага раёна, гэтага светлага бешанковіцкага кутка. Менавіта гэта мяне асабліва радуе за 20 гадоў працы ў рэдакцыі.

Адказны сакратар А. Р. Людына і аператар электроннага набору і вёрскі В. С. Вілюга
працуюць над чарговым нумарам «Зары».
  Калектыў «Зары»: галоўны бухгалтар С. В. Трубецкая, вадзіцель С. У. Гаралевіч, загадчык аддзела па асноўных накірунках дзейнасці      М. М. Санько, карэктар Л. В. Давыдзенка і карэспандэнт К. А. Петухова, карэспандэт А. В. Марозава.

Справу старэйшага пакалення бешанковіцкіх журналістаў “Зары” сёння працягвае малады і досыць таленавіты калектыў, якім кіруе Святлана Аляксандраўна Варошка. Усім жадаю здароўя і добрага плёну ў працы ў імя і на карысць сваіх верных чытачоў.

«Зара» — ваша газета! Яе чакаюць у кожным доме.

Фотоздымкі з архіва «Зары» (частка з іх зроблена нашым фотакорам Л. М. Акулёнкам).



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *