На «Августовские Спасы» в Бочейково съехались со всей округи

Главное Год малой родины

З кожным месяцам года ў нас свае асацыяцыі. Жнівень заўсёды звязаны з гарачай уборачнай парой. І хвалюе яна не толькі тых, хто ў поце твару вырошчвае хлеб, але і ўсіх нас — мы кожны дзень спажываем плён працы сваёй. Жнівень — гэта яшчэ і спрыяльны час для таго, каб паласавацца ягадамі і грыбамі, гароднінай і садавінай. Менавіта на гэты месяц прыпадаюць летнія царкоўныя святы — Спасы: Мядовы, Яблычны і Арэхавы (Хлебны).

Усе тры Спасы вельмі ўшанаваныя ў беларусаў. З мэтай захавання і адраджэння традыцый iх святкавання летась у раёне вырашылі арганізаваць у аграгарадку Бачэйкава фестываль духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы». Свята атрымалася на славу.

І вось праз год, 19 жніўня, калі праваслаўная царква святкуе Прэабражэнне Гасподняе, а ў побыце гэты дзень завецца Яблычным Спасам, Бачэйкава зноў спявала, танцавала, весялілася ад душы і накрывала шчодрыя сталы для гасцей. У аграгарадку ў другі раз прайшоў фестываль духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы», сёлета яго межы пашырыліся да міжнароднага супрацоўніцтва. Свята прайшло па ўсіх правілах народнага гуляння з яркай дэманстрацыяй народнай творчасці. Але пра ўсё па чарзе.

Дзень пачаўся са святочнай службы ў Спаса-Прэабражэнскай царкве аграгарадка Бачэйкава, якую правёў настаяцель храма айцец Сергій. Па старажытнай традыцыі Спасаў асвячалі свежы ўраджай садавіны, мёду.

Бліжэй да поўдня ажывілася пляцоўка за Бачэйкаўскім СДК, дзе на свежым паветры была ўсталявана і святочна ўпрыгожана сцэна, а па перыметры парку размясціліся гульнявыя пляцоўкі з атракцыёнамі і гульнямі для дзяцей і дарослых, дзе яны маглі паспрабаваць сваю сілу і спрыт і выйграць прызы. Малыя скакалі на батуце, прыцягвалі ўвагу і палаткі з выставамі работ народнай творчасці.

Нельга было прайсці міма выставы работ майстра вышыўкі Надзеі Краско «I лік святы нам душу грэе», настолькі зачароўвалі прадстаўленыя тут абразы і карціны, вышытыя майстрыхай. Госці фестывалю спыняліся і ля выставы работ у тэхніцы арыгамі майстра Ульяны Лабёнак, з цікавасцю вывучалі выставу духоўнай літаратуры «Праваслаўная кніга — залаты ключ духоўнасці».

Сваю творчасць на фестывалі прэзентавалі майстры народнага клуба «Скарбонка».

Як заўсёды шматлюдна было каля экспазіцыі з сувенірамі ад народнага клуба «Скарбонка» раённага Дома рамёстваў. Сваю творчасць на фестывалі прэзентавалі як майстры з вопытам Алеся Іванаўна Аўчыннікава і Алена Анатольеўна Пагарэльская, так і маладыя спецыялісты, якія робяць першыя крокі ў прафесію — метадыст-майстар па ткацтве і саломапляценні Аксана Мікалаеўна Лейчанка і метадыст-майстар па лозапляценні Майсей Ігаравіч Сафонаў.

Асаблівы каларыт фестывалю духоўнай творчасці і культуры надала прэзентацыя святочнай пляцоўкі «Пір на ўвесь свет». Культработнікі прапаноўвалі гасцям свята прадэгуставаць рыбную поліўку «Юшку елі?», фаст-фуд «Па-спасаўскі», яблыкі «З патэльні» і шашлык «З гарода».

Прэзентацыя святочнай пляцоўкі «Пір на ўвесь свет».

Ламіўся стол ад страў, прыгатаваных да «Жнівеньскіх Спасаў» членамі народнага клуба аматараў нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» Вярхоўскага СДК. Жадаючых пачаставацца знайшлося нямала. Усім вядома, што лаўка траў «Духмяны закуток» — крыніца прыгажосці і здароўя. Таму вяскоўцы ахвотна наведвалі і фітабар «Травяная паляна», цікавіліся лекавымі травамі, спрабавалі чай і настойкі, а некаторыя нават запасаліся мяшэчкамі з «чароўнымі» зёлкамі для дома.

[metaslider id=»11013″]

Для ўрачыстага адкрыцця фестывалю духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы» на сцэну падняліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, старшыня Бачэйкаўскага сельвыканкама Г. В. Шчука, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак, настаяцель Спаса-Прэабражэнскай царквы аграгарадка Бачэйкава айцец Сергій. Кожны з іх павіншаваў землякоў з Яблычным Спасам і пажадаў даўгалецця, шчодрага ўраджаю, а таксама нагадаў пра неабходнасць духоўнага абнаўлення і прасвятлення.

Працягам фестывалю стала тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам народных калектываў раёна (ансамбля баяністаў, калектыва пабытовага танца «Кружалі», фальклорнага гурта «Крыніца», ансамбля лыжкароў з Бешанковіцкага РГЗ філіяла ВУ «Чашнікігаз», народнага хору РЦК, народнага ансамбля народнай песні «Уляначка», Алены і Паўла Балук з харэаграфічнымі кампазіцыямі) і гасцей — народнага фальклорнага гурта «Прасніца» Іванскага Дома культуры Чашніцкага раёна, а таксама ансамбля песні «Баб’е лета» з в. Дзівасы Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

[metaslider id=»11572″]

Калектыў з Расіі ўразіў не толькі яркімі касцюмамі, але і гучным вакалам, артыстычнасцю і адкрытасцю рускай душы. Артысты пасля канцэрту ахвотна фатаграфаваліся з усімі жадаючымі і расказвалі пра сваю творчасць.

— Наш калектыў сфарміраваўся 4 гады таму, — падзяліўся мастацкі кіраўнік ансамбля «Баб’е Лета» Сяргей Захарэнкаў. — У кожнага з нас ёсць асноўная прафесія, а песня — гэта наша хобі. Мы ўпершыню на бешанковіцкай зямлі, уражанні ў нас самыя яркія, а эмоцыі толькі станоўчыя. Вельмі цёплы і сардэчны прыём. Дарэчы, калектыў практычна кожны месяц выступае ў вас у Беларусі на розных сцэнічных пляцоўках, вось і ад прапановы Смаленскага абласнога цэнтра народнай творчасці паўдзельнічаць у фестывалі «Жнівеньскія Спасы» ў Бачэйкаве мы не змаглі адмовіцца. Паездка ў Беларусь для нас заўсёды свята. У вашай краіне жывуць дабрадушныя і ветлівыя людзі, таму мы, не раздумваючы, едзем да вас зноў і зноў.

Яркай падзеяй фестывалю стаў таксама конкурс духоўнай творчасці «Божыя іскрынкі», удзел у ім прынялі больш за дзясятак чалавек: хтосьці спяваў, хтосьці чытаў вершы, а навучэнцы Бачэйкаўскай СШ, якія наведваюць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры», напрыклад, разам з педагогам М. П. Протас падрыхтавалі і паказалі абрад «Юр’я». Усе канкурсанты адзначаны дыпломамі за ўдзел у конкурсе.

Не засталіся без падарункаў і самыя гаспадарчыя на сяле сем’і, якія адважыліся паўдзельнічаць у сямейным кулінарным конкурсе «Жнівень-багацей». Сярод іх былі Кацярына і Васіль Стахаевіч, Вікторыя і Дзмітрый Дамарацкія, Марына і Віктар Протас. Канкурэнцыю ім склалі ўдзельніцы фальклорнага гурта «Крыніца» Ірына Зайцава, Лілія Салава, Алена Селівёрстава.

Заліхвацкі пад апладысменты гледачоў і пры іх непасрэдным удзеле прайшла і танцавальная праграма «Карагод сяброў», у межах якой пад акампанемент народнага аркестра народных інструментаў аматарскі калектыў танцавальнай творчасці «Кружалі» разам з гасцямі фестывалю развучваў пабытовыя танцы беларусаў.
Народныя гулянні ў Бачэйкаве працягваліся да глыбокага вечара. Праграму фестывалю завяршалі эстрадны канцэрт «Жыві, кахай, спявай!» і тэматычная дыскатэка «Спасаўская вечарынка».

…Вось такімі яны атрымаліся «Жнівеньскія Спасы»ў Бачэйкаве. Кожны са Спасаў не толькі свята ў праваслаўным календары, але і вяха ў паўсядзённай працы чалавека, час збору ўраджаю і падзякі за яго Матулі-зямліцы, асвячэння пладоў зямных ў храме і падзякі Богу за тое, што дазволіў нам самім стаць творцамі свайго жыцця. З яго дапамогай і з дапамогай зямлі сабраць, захаваць ураджай, забяспечыць сваю будучыню.

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *