Валянціна Слабодчыкава лічыцца адной з лепшых даярак СУП «Свіціна-ВМК»

В трудовых коллективах Главное Заботы сельские

Пашавы перыяд – “канікулы” для рагуль. Свежае паветра, сакавітая трава ім толькі на карысць: малака будуць даваць больш і будзе яно смачнейшым.

А ўжо ж які мілы сэрцу вясковага чалавека малюнак – статак на выпасе! Глядзіш, і душа спявае. Каровы пасуцца – надоі паступова растуць. Не ўтрымаліся і мы. Паглядзець, як буронкі праводзяць сезон вялікага малака на ўлонні прыроды, завіталі ў СУП “Свіціна-ВМК”.

Тут ставяць канкрэтныя задачы і імкнуцца да  іх дасягнення. Прычым, строга выконваючы распарадак і тэхналогію. Таму нездарма гаспадарка па вытворчасці малака з’яўляецца адной з лепшых у раёне.  Свіцінцы сваім буронкам прадаставілі ўсе выгоды.

Адна з лепшых даярак СУП «Свіціна-ВМК» В. М. Слабодчыкава.

— У вялікую спёку ў жывёл можа пачацца цеплавы стрэс. Яны спажываюць менш корму, п’юць больш, чым звычайна, — расказвае дырэктар Людміла Пятроўна Мамойка. — Менавіта таму так важна, каб было дастаткова і вады, і свежага корму. За дзень, бывала, 6-8 загонаў мянялі, у залежнасці ад пашы. Тры разы падвозіцца вада (на прадуктыўную карову 80-90 літраў выходзіць). Паклапаціліся, сфармавалі два гурты. Кожны амаль па 200 галоў. Падрыхтавалі перасоўныя даільныя ўстаноўкі. Абслугоўваюць жывёл тры даяркі.

Да аднаго з гуртоў, што быў на пашы ля вёскі Чаркасы, мы і наведаліся днямі. Руплівыя аператары пачалі дойку. Тонкай стрункай паліўся духмяны сырадой, і неяк само ўзгадалася, які непаўторны яго смак… Было цікава назіраць, як рагулі падыходзілі і станавіліся ў чаргу. Спакойна і паважна, без залішняй мітусні. Пераміналіся з нагі на нагу, з нецярпеннем чакалі. Некаторыя мірна пасвіліся, жавалі канюшыну ці ляжалі. Цяпер ужо няма той спёкі і жывёлам на полі добра.

У перадавіках на гэтым гурце — вопытная (амаль 20 гадоў працы ў сельскай гаспадарцы мае!) аператар машыннага даення Валянціна Міхайлаўна Слабодчыкава. Валавы надой ад яе падапечных толькі за ліпень склаў 40,7 тоны, а за сем месяцаў года — 226,1 тоны. За працавітасць і добрасумленнасць, выдатныя паказчыкі жанчына адзначана прэміяй.

— Так, праца гэта нялёгкая, але яна мне па душы, — кажа, усміхаючыся, Валянціна Міхайлаўна. — Кароўкі да ласкі ды слова добрага, як і людзі, цягнуцца. Усё разумеюць, толькі сказаць нічога не могуць. Галоўнае — іх любіць. Падыдзеш, прылашчыш — і яна спакойная. У сваю чаргу, на клопат адгукнецца высокай прадуктыўнасцю.

Нядрэнныя паказчыкі і ў іншых працаўніц.  Алена Алегаўна Шчука, напрыклад, за сем месяцаў надаіла 199,3 тоны малака. Дарэчы, у мінулым годзе аператар прымала ўдзел ва ўшанаванні лепшых жывёлаводаў вобласці і дадому вярнулася з падарункам. Лідар у другім гурце — Таццяна Іванаўна Баравец, якая за сем месяцаў надаіла 206,6 тоны малака.

Працаўнікі зацікаўлены не толькі ў тым, каб атрымаць максімальны аб’ём малака, але і ў яго высокай якасці. Таму не дзіва, што кожнай буронцы ад свіцінскіх рупліўцаў і ўвагі, і ласкі максімум.

Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *