В сельхозпредприятии «Вядерево» гордятся своими тружениками

Главное Заботы сельские

Добрыя надоі, якасць і таварнасць малака, як вядома – гэта дабрабыт гаспадаркі. Працаўнікам СУП «Вядзерава» сёлета  за 10 месяцаў года ўдалося атрымаць на 85 тон малочнай прадукцыі больш, чым летась за такі ж адрэзак часу.


Лепшыя аператары машыннага даення СУП «Вядзерава»
Ірына Архіпава і Таццяна Нікіціна.

Толькі па МТФ «Вядзерава» за студзень-кастрычнік валавы на­дой склаў 1453 тоны 200 кі­лаграмаў мала­ка. У кастрыч­ні­ку, калі пагалоўе (а на ферме даглядаюць 1044 галавы буйной рагатай жывёлы) было пераве­дзена на зімова-стойлавае ўтры­манне, надаілі 143 тоны 843 кі­лаграмы, ці 496 кі­лаграмаў на ўмоўную галаву. Вось напярэ­дад­ні прафесійнага свята – Дня работнікаў сельс­кай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – мы і накірава­ліся на МТФ «Вядзерава», каб пазнаёміцца з лепшымі аперата­рамі машын­нага даення сельгас­прад­пры­емства.

«Зараз асноўны прыбытак гас­падаркі з малака. Грошы шу­каем на фермах. Гэта свайго ро­ду друкарскі станок, работу яко­га нельга спыняць ні зімой, ні летам. Але «друкарня» не бу­дзе працаваць сама па сабе. Па­трэбна захаванне тэхналогій, доб­рыя кармы, працавітыя лю­дзі. Гэта ўсё маем і стараемся ўмела распараджацца такім ба­гаццем», – зазначае галоўны заа­тэхнік СУП «Вядзерава» Фаіна Якаўлеўна Жаркова, аб сустрэчы з якой мы дамовіліся загадзя.

«Я ганаруся даяркамі сваёй фермы, якія  стараюцца праца­ваць і сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў, – уключаецца ў размову загадчыца МТФ «Вя­дзе­рава» Таццяна Уладзіміраўна Разгонава. – У лідарах па надоях у нас Ірына Архіпаўна Архіпава і Таццяна Валянцінаўна Нікіці­на, яны разам даглядаюць групу са 145 буронак. Яшчэ зацемна спяшаюцца на ферму, каб пагля­дзець, ці дастаткова ў кароў корму, ці прыйшла каторая з іх у ахвоту, ці не захварэла. Цікава, што хворую карову вопытныя даяркі могуць выдзеліць па адсутнасці бляску ў вачах».

Галоўнае правіла такога дуэта даярак – працаваць шчыра. Яны і неабходныя тэхналагічныя па­трабаванні даення кароў вы­кон­ваюць, і да жывёлы ставяцца з душой. Гэта і ёсць самыя галоў­ныя крытэрыі атрымання высо­кіх надояў. Ірына Архіпаўна і Тац­цяна Валянцінаўна ў каст­рыч­ніку атрымалі ў сярэднім на карову па 536 кілаграмаў малака, плюс 26 кілаграмаў да леташняга паказчыка, а ў цэлым па групе за месяц надаілі 77 тон 776 кі­лаграмаў. Валавая вытворчасць малака за 10 месяцаў года ў руп­лівых працаўніц павялічылася на 6 тон і склала 738 тон 968 кілаграмаў.

Ірына Архіпава родам з Плісаў, і вёска займае ў яе жыцці асаблівае месца. Дзве дачушкі ўжо выраслі і пайшлі на свой хлеб, падрастае ўнучок, муж — надзейная падтрымка ў хатніх справах і лепшы сябар па жыцці. Жанчына працуе на МТФ «Вядзерава» аператам машыннага даення ўжо 10 гадоў і любіць сваю прафесію. Не дарэмна ж ёй даручаюць раздой нецеляў. Можна сказаць, самы адказны і цяжкі ўчастак работы на ферме.

«Я адчуваю вялікую адказнасць за работу, бо ведаю: калі добра раздоіш першацёлку, у далейшым з яе атрымаецца малочная карова, — кажа Ірына Архіпаўна. — Думаю, усе маладыя кароўкі ў маёй групе будуць даваць у будучым добрыя надоі».

Таццяна Нікіціна таксама матуля дзвюх дачушак. Сям’я пераехала з Лёзненскага ў Бешанковіцкі раён у 2006 годзе, на ферме ў Вядзераве жанчына рупіцца ўжо пяты год.

«Таццяна Валянцінаўна, калегі кажуць, што Вы чалавек памяркоўны. А якія яшчэ рысы характару дапамагаюць Вам у рабоце»? — цікаўлюся ў перадавой даяркі і чую ў адказ:

— Напэўна, працавітасць, адданасць справе, сумленнасць, добрыя адносіны з людзьмі. Душой хварэю за работу, у любой справе люблю парадак. Галоўнае для мяне, каб работа была зроблена «не абы з рук», а якасна і своечасова — вось тады можна спадзявацца на станоўчы вынік.

Што і казаць, работа ў аператараў машыннага даення цяжкая, адказная, яна патрабуе шмат сіл, вытрымкі, цярпення, самаадданасці, раўнавагі і нават душэўнай цеплыні. Але сярод плюсаў настолькі карпатлівай працы абедзьве даяркі адзначаюць высокую зарплату — калі не ленавацца і працаваць па сумленні, такіх грошай у горадзе не заробіш…

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *