День животновода провели в ГП «ПолитотделецАгро»

Актуально В трудовых коллективах Главное Заботы сельские

У ДП «ПалітаддзелецАгра» прайшоў адзін з першых сёлета Дзень жывёлавода. Удзел у ім прынялі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка, дырэктар філіяла «Бешанковіцкая племстанцыя» РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» У. П. Белязека і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т. В. Бажадомава.

Ідзе абмеркаванне пытанняў тэхналогіі вытворчасці прадукцыі.

Працаўнікі сабраліся ў ленкомнаце малочнатаварнай  фермы-комплексу. У адкрытым дыялогу абмяркоўвалі вынікі за мінулы год, сённяшні стан спраў, шляхі вырашэння праблемных пытанняў тэхналогіі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, намецілі перспектывы развіцця.

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Т. Л. Кавалёнак пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з асноўнымі паказчыкамі. Падставы для задавальнення, несумненна, былі. Валавая вытворчасць малака за мінулы год склала 5650 т, ці 104% у параўнанні з 2017-тым. Рэа-лізавалі 74% малочнай прадукцыі гатункам «экстра», усяго ж прададзена 5119 т, што складае 104,3%. Таварнасць малака – 90,6%. На канец года наліч-валася 3166 галоў БРЖ (103%), з іх 935 – дойны статак. Прадукцыя вырошч-вання — 540 т, сярэднясутачныя прывагі – 627 г. Добра спрацаваў і калектыў (больш за 40 рупліўцаў) дадзенай фермы-комплексу, дзе загадчыкам працуе А. Д. Берасцень. За год было надоена 2575,386 т малака (102%), удой на карову склаў 6580 кг.

Праца ў сельскай гаспадарцы ніколі не была лёгкай. І зараз, калі, здаецца, яе ўсяляк імкнуцца палегчыць (механізаваная дойка, сучасныя даільныя залы і г. д.), працаваць у жывёлагадоўлі не так проста. Літр малака ад буронак сельгаспрадпрыемства каштуе сёння 48 капеек, а выручку трэба размеркаваць так, каб і на рамонт тэхнікі, і на крэдыт за новую даільную залу, і на зарплату работнікам хапіла (а яшчэ ж трэба выплаты за электрычнасць правесці, падаткі і інш. выдаткі). Гаспадарка фактычна жыве за кошт малака. Яго якасць, як вядома, змяняецца пад уплывам кармлення і ўтрымання.

Працаўнікі ў добрым выніку зацікаўлены.

Многае залежыць яшчэ і ад генетыкі. Сёлета палітаддзельцы, як толькі перавялі жывёл на зімовыя кватэры, пачалі ўводзіць у практыку новы рацыён, справядліва адзначаючы, што, калі будзе добры корм, будзе і малако. Калі раней канцэнтраты даваліся асобна, то цяпер робіцца сумесь. Сярэдні рацыён для здароўя і вялікага малака дойных рагуль такі: 15 кг сенажу, 20 кг сіласу ці сена (яго лепш даваць цялушкам, якіх трэба раздойваць), 4 кг канцэнтратаў.

Трактарыст-кормараздатчык і загадчык фермы кантралююць гэты працэс згодна з распрацаванымі для розных катэгорый кароў тэхналагічнымі карткамі карм-лення. Як паказвае глыбокі аналіз малака, такі рацыён спрыяе павелічэнню колькасці саматычных клетак. Фізія-лагічнай нормай лічыцца ад 100 до 500 тыс/см3. Увогуле ж гэты паказчык залежыць ад шэрагу фактараў – такіх, як узрост каровы, парода, стан яе здароўя. Для дойнага статка прадпрыемства норма (маецца на ўвазе гатунак «экстра») – 300 тыс/см3. Таксама ідзе паляпшэнне іншых паказчыкаў (тлустасць, бялок).

Нельга абысці ўвагай і саміх вяс-коўцаў. Працаўнікоў тут шануюць, пра іх клапоцяцца. Гэта бачна ўжо па адносінах. Чацвёрты сезон запар гаспадарка мае дагавор з Белдзяржстрахам на добраахвотнае страхаванне работнікаў па кампенсацыі медыцынскіх расходаў. У рупліўцаў маецца асабістая імянная картка, якую можна выкарыстаць, каб прайсці неабходнае абследаванне абсалютна бясплатна, прычым як у нас, так, напрыклад, і ў Віцебску (выдаткі на сябе бярэ сельгаспрадпрыемства).

Падчас сустрэчы прагучалі імёны перадавікоў. Сярод іх такія аператары машыннага даення, як К. М. Шчука (404,7 т, удой на карову – 7613 кг), А. Р. Белязека (за год працаўніца надаіла 268 т, удой на карову – 7486 кг). У ліку лепшых жывёлаводаў – муж і жонка Васіль Юр’евіч і Алена Віктараўна Муха (валавыя прывагі іх падапечных-цялятак – 37,5 т, сярэднясутачныя – 877 г). Дырэктар гаспадаркі звярнуўся да ўсіх са словамі шчырай удзячнасці за самаадданую працу і выказаў спадзяванне, што ў новым годзе калектыў спрацуе яшчэ лепш. Уста-ноўка «ўсё ў нашых руках» кожнаму прыйшлася даспадобы.

Што ж, калі людзі маюць такі настрой, то за дабрабыт гэтага, між іншым, аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна, хвалявацца не прыйдзецца. Таксама, як можна не сумнявацца і ў тым, што палітаддзельскія рагулі пад надзейнай апекай.
Марыя САНЬКО.



Теги: