В Бешенковичах названы победители конкурса «Природа и животный мир Беларуси»

Актуально Мы -- молодые

Багатая і непаўторная беларуская прырода. Прыгожая ў любую пару года. Захапляльная жыватворнай сілай вясенніх ручаёў і сінню першых пралесак, жаўруковым спевам і залатымі жытнёвымі хвалямі, барвай лясоў і мігатлівым срэбным уборам.

В. М. Альшэўскі віншуе пераможцаў конкурсу.

Яна натхняе не адно пакаленне паэтаў і пісьменнікаў, кампазітараў і мастакоў, выклікае шчырую ўсмешку, прымушае смяяцца, а, часам, і смуткаваць. Але нават гэты смутак вабіць у ёй.

Мабыць, і вы не раз браліся за аловак ці пэндзаль, каб адлюстраваць цуды прыроды, падзяліцца сваім шчасцем ці невымоўным сумам. Не дзіва, бо кожны, хто дакрануўся да гэтай чароўнай красы, ніколі не застанецца абыякавым. Свае работы на конкурс дзіцяча-юнацкай творчасці «Прырода і жывёльны свет Беларусі», што праходзіў пад эгідай Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў з верасня па снежань 2018 года, прадставілі бешанковіцкія вучні.
Юныя абаронцы прыроды рыхтаваліся старанна. Іх намаганні, фантазія і нестандартны падыход былі годна ацэнены. Узнагароды знайшлі сваіх герояў напярэдадні Новага года.

Дырэктар установы «Бешанковіцкая раённая арганізацыйная структура» РДГА «БТПР» Валерый Мікалаевіч Альшэўскі асабіста павіншаваў пераможцаў. Імі сталі вучаніцы гімназіі Валерыя Куляшова і Соф’я Спірыдонава, другое і трэцяе месцы занялі работы Аліны Мацуганавай з СШ №2 райцэнтра і Кліменція Бердніка са Ржаўскай д/с-СШ. Гэта перамога была нечаканасцю, маленькім перадсвяточным цудам, таму радасці школьнікаў не было мяжы.

Марыя САНЬКО.



Теги: