Святочныя спартыўна-сілавыя спаборніцтвы «NEW YEAR BRUTAL DAY» у г. Сянно сабралі асілкаў з розных куткоў Беларусі. Пад гучанне рок-музыкі атлеты выпрабоўвалі сябе ў такіх відах, як рускі жым і армрэстлінг. Удзел у гэтым буйным мерапрыемстве прынялі і бешанковіцкія спартсмены.
Нашы землякі (што неверагодна прыемна!) апынуліся ў ліку прызёраў. Андрэй Ясінскі заваяваў бронзу, узняўшы штангу вагой 55 кг 72 разы. За крок ад п’едэстала апынуўся Сяргей Маціеўскі. Спартсмен заняў пачэснае 4-е месца ў рускім жыме.
Не адставала, гледзячы на старэйшых тытанаў, і маладое пакаленне. Для іх сенненскае аддзяленне мотаклуба «Начныя ваўкі MG Беларусь», Дзед Мароз, ГА «Рускі дом» і пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі падрыхтавалі чароўныя навагоднія падарункі. Дарэчы, быў арганізаваны таксама асобны від спаборніцтваў – адцісканне рукамі ад падлогі. Уладальнікам бронзы стаў Сяргей Дрык, які выканаў практыкаванне 88 разоў.
Трэба адзначыць, што сярод удзельнікаў былі і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Яны трымаліся годна і ў многіх спаборніцтвах паказалі цудоўныя вынікі.
Скарбонка ўзнагарод нашых землякоў папоўнілася. Спартсмены ў чарговы раз пацвердзілі, што яны – гонар Бешанковіччыны. Аднак спыняцца на дасягнутым не маюць намеру. Год толькі пачаўся, і наперадзе шэраг новых сустрэч, штодзённых трэніровак і асабістых рэкордаў, за якімі мы працягнем сачыць і паведамім чытачам.
Марыя САНЬКО.