В Бешенковичском районе организовали соревнование на заготовке кормов среди хозяйств и механизаторов

Заботы сельские

З мэтай своечасовай і якаснай уборкі траў для забеспячэння грамадскага пагалоўя кармамі, павышэння матэрыяльнай і маральнай зацікаўленасці работнікаў пастановай упраўлення райсельгасхарчу і райкама прафсаюза работнікаў АПК №3 ад 20 мая 2019 года зацверджаны ўмовы раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы травяністых кармоў у 2019 годзе.

Як паведаміла рэдакцыі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка, пераможцамі будуць прызнаны юрыдычныя асобы, механізаваныя атрады, звёны і работнікі, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў.

Лідара сярод юрыдычных асоб, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі, вызначаць па аб’ёме нарыхтаваных кармоў на адну ўмоўную галаву (ц), а таксама прыросце да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года (ц к. адз.); сярод занятых на драбненні зялёнай масы камбайнераў кормаўборачных камбайнаў – па выпрацоўцы на кормаўборачны камбайн (па марках камбайнаў, у тонах); сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў – па колькасці перавезеных кармоў (па марках аўтамабіляў, у тонах); сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на нарыхтоўцы зялёнай масы ў стрэйч-плёнцы, – па выпрацоўцы на агрэгат (у тонах).

У мэтах матывацыі якаснага выканання работ на трамбоўцы зялёнай масы будуць вызначаны пераможцы сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на дадзеным відзе працы. Імі прызнаюцца работнікі, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў па стане на 1 жніўня. Агульнымі ўмовамі для вызначэння пераможцаў з’яўляецца адсутнасць вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.

Гаспадарка, якая заняла прызавое месца па выніках раённага спаборніцтва, узнагароджваецца Ганаровай граматай упраўлення райсельгасхарчу, райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Для камбайнераў кормаўборачных камбайнаў і вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія дасягнулі найбольшай выпрацоўкі на нарыхтоўцы і транспарціроўцы кармоў і забяспечылі выкананне тэхналагічных працэсаў, прадугледжана па тры прызавыя месцы з уручэннем граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовыя прэміі за кошт сродкаў гаспадаркі ў памеры: 1-е месца – 5 базавых велічынь, 2-е месца – 4 б. в., 3-е месца – 2 б. в. Трактарысты-машыністы, якія затрамбуюць найбольшую колькасць кармоў першым класам, таксама атрымаюць граматы і грашовую ўзнагароду ў памерах: 4 б. в. – за 1-е месца, 3 б. в. – за 2-е, 2 б. в. – за 3-е.

Вынікі аператыўнага раённага спаборніцтва будуць падводзіцца 2 разы на тыдзень з нарастаючым вынікам з пачатку нарыхтоўкі. Прозвішчы перадавікоў працоўнага спаборніцтва будуць заносіцца на Дошку гонару, якая зацверджана ў раённай газеце «Зара», а таксама ў іх гонар будзе падымацца сцяг на галоўнай плошчы райцэнтра.

Святлана ВАРОШКА.



Теги: