В Бешенковичском районе стартовала кампания по заготовке кормов

Главное Заботы сельские

З 1 чэрвеня ў раёне стартавала кампанія па нарыхтоўцы кармоў. Згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта ў ходзе касавіцы ў 2019 годзе гаспадаркам рэгіёну трэба нарыхтаваць 69,1 тысячы тон кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Плануецца атрымаць 8,4 тысячы тон сена, 111,5 тысячы тон сенажу, 147,1 тысячы тон сіласу.

Семінар адбыўся ля в. Драбушова.

На пачатак корманарыхтоўкі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах Бешанковіччыны нагрузка на 1 кормаўборачны комплекс складала 500 га, на 1 касілку – 209 га, граблі-варушылку і валкаўтваральнік – 391 га. Пры гэтым дзённая норма выпрацоўкі на камбайн павінна быць не менш за 250-300 тон.

Пра тое, як аграрыі будуць спраўляцца з даведзеным заданнем, пра новыя падыходы і тэхналогіі нарыхтоўкі травяністых кармоў ішла размова на выязным семінары-нарадзе, які прайшоў на базе УП «Свіціна-ВМК». На свежаскошаным полі каля в. Драбушова сабраліся кіраўнікі гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, аграномы, інжынеры, ветэрынарныя ўрачы.

Аказны момант у жыцці кожнага сельгаспрадпрыемства. Тое, што мы нарыхтуем першым укосам, а потым дабяром другім укосам – залог нашага дабрабыту на цэлы год, – адзначыў, адкрываючы нараду, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. – Закладзём якасны корм – будзем мець малако, мяса і грошы, каб набыць запчасткі і выплаціць заробак, іншымі словамі, забяспечыць плённае развіццё аграпрамысловай галіны раёна.

Сяргей Генадзевіч падкрэсліў, што Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача – забяспечыць паўтарагадовы запас кармоў на перыяд стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Пытанню корманарыхтоўкі сёлета надаецца асаблівая ўвага, кантроль за ходам закладкі сенажу і нарыхтоўкі сена будуць ажыццяўляць не толькі ветслужба раёна і тэхналагічныя групы, створаныя пры райвыканкаме, але і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Невыкананне рашэння раённага выканаўчага камітэта па забеспячэнні кармамі пагалоўя буйной рагатай жывёлы пацягне за сабой дысцыплінарную адказнасць кіраўнікоў гаспадарак.

Аднак, кажучы пра аб’ёмы нарыхтоўкі, нельга забываць і пра якасць кармоў. Іх ацэнка ажыццяўляецца па адпаведных Дзяржаўных стандартах па выніках адбору проб на аналіз. С. Г. Акуневіч падрабязна спыніўся на тэхнічным рэгламенце па корманарыхтоўцы.
Так, назапашваць сена рэкамендуецца ў рулоны і цюкі, прычым вільготнасць яго не павінна перавышаць 17%. Сянаж і сілас з кукурузы лепш пакаваць у палімерныя матэрыялы і закладваць у траншэі, а не ў бурты. У гэтым выпадку вільготнасць зялёнай масы не павінна перавышаць 55-60%. Кантраляваць гэты працэс варта з дапамогай вільгацямера і спецыяльнага тэрмометра, што і было прадэманстравана ўдзельнікам семінара.

Аграрыям таксама нагадалі пра тэрміны ўборкі траў у залежнасці ад іх віду. Аптымальна ўкос трэба правесці за 10-15 дзён, вышыня скошвання павінна складаць 6-7 см. Гаварылі і пра ступень драбнення – зялёная маса па 3-5 см даўжынёй значна лепш утрамбоўваецца і захавае больш пратэіна. Абмеркавалі рэжымы сушкі зялёнкі, прымяненне кансервантаў, асаблівасці нарыхтоўкі кармоў у палімерную плёнку і іх далейшую транспарціроўку з поля.
Тэхналогію «сянаж ва ўпакоўцы» сельгасвытворцам прадэманстравалі ва УП «Свіціна-ВМК».

Тэхналогію «сянаж ва ўпакоўцы» прадэманстравалі
на полі УП «Свіціна-ВМК».

Адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Дарожка, які прысвяціў сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў і ўзнагароджаны ў канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя ордэнам «Знак Пашаны», спрытна ўпраўляўся з сучаснай тэхнікай, упакоўваючы сянаж у палімерны матэрыял і пакідаючы на полі ўслед за трактарам «шайбы» з кармамі.

В. М. Дарожка не першы год заняты на корманарыхтоўцы.

Затым удзельнікі семінара накіраваліся ў бок комплексу «Вярхоўе». Па дарозе спыніліся на кукурузным полі. Слова далі начальніку раённай інспекцыі па насенняводстве і каранціне раслін Е. А. Балышкінай. Екацярына Аляксандраўна прааналізавала забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў сродкамі аховы раслін, распавяла аб тэхналогіях хімпраполкі кукурузы, яе падкормцы цвёрдымі ўгнаеннямі, а яравых культур – КАСам.

На комплексе ў Вярхоўі аграрыям яшчэ раз нагадалі асноўныя патрабаванні па падрыхтоўцы бетанаваных сянажных траншэй да закладкі кармоў. Акцэнт быў зроблены на тым, што іх напаўненне сянажнай масай павінна ажыццяўляцца на працягу 3-4 дзён. Галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў спыніўся на пытаннях вядзення дакументацыі ў перыяд закладкі сянажных траншэй і кантролю за якасцю кармоў.
Напрыканцы ўдзельнікі семінара абмеркавалі шэраг пытанняў, звязаных з галіной жывёлагадоўлі, у прыватнасці, асемяненнем і ўзнаўленнем статка. УП «Свіціна-ВМК» і ў гэтым напрамку мае станоўчы вопыт работы, якім кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства падзялілася з калегамі.

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги: