У хлеборобов Бешенковичского района из КСПУП «ПолитотделецАгро» работа идёт по плану

Важное Заботы сельские Уборочная - 2019

Для кагосьці лета — цудоўны адпачынак, толькі не для тых, чыя прафесія ў гэты час — камбайнер. Мільёны тон «залатога» збожжа ў засеках, імёны герояў бітвы за ўраджай — камбайнераў-тысячнікаў — не знікаюць з газетных старонак. Апошнія некалькі тыдняў весткі з палеткаў пра ход жніва сталі неад’емнай часткай жыцця раёна.

Нягледзячы на капрызы прыроды, уборачная кампанія хоць крыху і запаволіла тэмп, але ўжо выйшла на фінішную прамую. У ліку лепшых працаўнікоў — палітаддзельскія рупліўцы. За штурваламі магутных агракараблёў Сяргей Аляксандравіч Радкевіч, Дзмітрый Іванавіч Міклуш, Яўген Віктаравіч Апатаў, дзядзька і пляменнік Сяргей Іванавіч і Алег Міхайлавіч Марціновічы, Аляксей Мікалаевіч Яўсеенка. Адвозяць збожжа вадзіцелі «МАЗаў» Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка, Мікалай Пятровіч Надзёжка і Сяргей Уладзіміравіч Парфёнаў, а таксама Яўген Іванавіч Міклуш на «МТЗ-1221». Усе яны паказалі сябе адказнымі працаўнікамі, чыя любоў да роднай зямлі вымяраецца справамі.

Трэці сезон на «КЗС-1218» шчыруе Міхаіл Алегавіч Корань. У тандэме з ім першае пасля 15-гадовага перапынку жніво праводзіць Уладзімір Уладзіміравіч Аксюта. Іх экіпаж выйшаў у поле раней за ўсіх і зараз знаходзіцца ў ліку тысячнікаў. На ўчарашні дзень камбайнеры намалацілі 1031 тону збожжа. Натхнёныя энергетыкай хлебнай нівы, людзі працуюць сумленна, самааддана. Прапанову сесці за штурвал камбайна Міхаіл Алегавіч, працаўнік філіяла «Віцебскаблпал», успрыняў радасна, хоць былі і хваляванні (працаваў на жніве гадоў 10 назад), але жаданне зноў убачыць, як спелы колас абдымае жатку, перасіліла ўсе сумненні.

«Таму, хто ніколі не быў на месцы камбайнера, не зразумець гэтых адчуванняў. За штурвалам такі адрэналін і азарт апаноўвае, працуеш і не можаш спыніцца. Нават кароткага перапынку на абед шкада, нічога не трэба, толькі, каб поле было», — дзеліцца ўражаннямі дырэктар гаспадаркі А. І. Камовіч, якому добра знаёмы пачуцці хлебаробаў (некалі ў 1980-х сам быў памочнікам камбайнера).
Прадугледзела кіраўніцтва гаспадаркі і фінансавую матывацыю (у залежнасці ад якасці ўборкі і намалоту за дзень камбайнер можа зарабіць ад 45 да 80 рублёў, за сезон выходзіць каля 2000 рублёў). Ні выхадных, ні святаў, затое зарплата годная. Вопытныя працаўнікі раюць маладым не баяцца спрабаваць сябе ў якасці камбайнера, сакрэт поспеху якога надзвычай просты — каб душа да справы ляжала. Сёлета жніво ідзе складана — надвор’е падводзіць, але галоўнае, што не тэхніка. Сур’ёзных паломак не было, калі што і выходзіла са строю, хвілін за 20 тут жа, на полі, паспявалі адрамантаваць.

Гэты гарачы час робіць выснову працы ўсяго калектыву прадпрыемства. Раніцай, як толькі высыхае раса, цішыню над залатым морам парушае гучанне тэхнікі. Камбайны жнуць, напаўняюцца бункеры, «МАЗы» адзін за другім пад’язджаюць за збожжам, каб даставіць яго на прасушку. І так да таго часу, пакуль сонца не схіліцца за гарызонт… Хоць уборачная імкліва набліжаецца да завяршэння, пра адпачынак няма размовы: трэба дапамагчы людзям убраць іх палеткі. Чакаюць камбайнераў у Бераснях і Траянах, Камосках, Лабачове і Свячы…
На момант нашага візіту ў ДП «ПалітаддзелецАгра» было ўбрана 89,5% плошчаў, намалочана 4819 тон збожжа ўраджайнасцю 25,2 ц/га. Выкананы і дзяржзаказ: на ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» пастаўлена 312 з запланаваных 310 т пшаніцы, 70 тон жыта — на ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў», 305 тон жыта (пры плане 290) — на ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў» 196 тон рапсу — на ААТ «Віцебскі МЭЗ» і 140 (пры плане 135) — на ААТ «Мінскі МЗ».

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *