Копилка Бешенковичских охотников пополнилась новым трофеем

Актуально Год малой родины Общество

Як вядома, з 1 кастрычніка ў Беларусі стартавала загоннае паляванне на капытных — адзін з самых папулярных відаў палявання ва ўсім свеце. Гэта калі частка паляўнічых (загоншчыкі) заганяюць жывёл на лінію іншых паляўнічых (стралкоў). Асноўнай задачай апошніх з’яўляецца меткі стрэл па жывёле. Дарэчы, бешанковіцкія паляўнічыя ўжо паспелі атрымаць асалоду ад загоннага палявання, на іх рахунку не адзін трафей.

Працягнецца сезон палявання на капытных, а мена-віта на лася, дзіка, казулю, лань, муфлона, а таксама на высакароднага і плямістага аленяў, па 31 снежня. Як паведамілі ў Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, паляваць на пералічаных жывёл загонам і з сабакамі можна ў светлы час сутак, а з засады і з падыходу — увесь дзень. Дазволена здабываць жывёл любога полу і ўзросту.

— Для здабычы лася, аленя, лані, дарослага дзіка (старэйшага за два гады) неабходна выкарыстоўваць наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 3 тысяч джоўлей, — удакладніў намеснік начальніка аператыўнага аддзела аблінспекцыі У. С. Паўлаў. — Для здабычы казулі і маладняку дзіка (да двух гадоў) — наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1,5 тысячы джоўлей. У абодвух выпадках можна таксама ўжываць гладкаствольную паляўнічую зброю з выкарыстаннем патронаў з куляй (для казулі і маладняку дзіка — яшчэ і з карцеччу), паляўнічыя лукі і арбалеты вызначаных параметраў.

Вопытныя паляўнічыя лічаць, што на пошукі дзічыны лепш адпраўляцца ў кампаніі хвастатых сяброў. Яны не толькі кампанію складуць, але і высачаць самага жаданага звера. Пароды сабак, якім дазволена ўдзельнічаць у загонным паляванні, вызначаюцца па рашэнні карыстальніка паляўнічых угоддзяў.
У загонным паляванні могуць прымаць удзел людзі, не маладзейшыя за 18 гадоў. Тыя, хто не з’яўляецца паляўнічым, могуць быць загоншчыкамі. Іх прозвішчы, нароўні з іншымі ўдзельнікамі палявання, павінны быць паказаны на абароце паляўнічай пуцёўкі.

І крыху пра бяспеку… Забараняецца праводзіць загоннае паляванне ў прыцемках, тумане, падчас моцнага снегападу, ва ўмовах дрэннай бачнасці. Паляўнічым таксама забаронена выходзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі ці на супрацьлеглы бок акладу, мяняцца нумарамі, самастойна выбіраць месца і сыходзіць з нумара да заканчэння загону. Гэта не датычыцца выпадкаў, калі паляўнічы павінен аказаць неадкладную дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду. Нельга страляць уздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу аб заканчэнні загону.

Не варта забываць і пра адказнасць за незаконнае паляванне (без належнага на тое дазволу, у забароненых месцах, у забаронены час, забароненымі прыладамі і спосабамі). Яна можа быць як адміністрацыйнай (штраф ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй або без канфіскацыі прылад палявання i з пазбаўленнем спецыяльнага права), так і крымінальнай (штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю). Плюс пакрыццё шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *