Как проходили выборы в Бешенковичском районе

Выборы -- 2019 Главное Общество

Семья Старченко сделала свой выбор

На ўчасткі для галасавання 17 лістапада, у асноўны дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, жыхары Бешанковіччыны пачыналі прыходзіць з самай раніцы. Як вядома, з 12 па 16 лістапада ў краіне праходзіла датэрміновае галасаванне. У ім, паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, прынялі ўдзел больш за 35% беларусаў. Для тых жа, хто пажадаў аддаць свой голас за аднаго з кандыдатаў у нядзелю, у гэты дзень дзверы выбарчых участкаў былі расчынены з 8 да 20 гадзін.

Задоўга да 8 гадзін на Раманаўскім  участку для галасавання №1, размешчаным у адміністрацыйным будынку Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, усё было гатова, каб прыняць першых выбаршчыкаў. Тут свой выбар на працягу пяці дзён датэрміновага галасавання зрабілі 425 жыхароў райцэнтра, што складае 45% ад агульнай колькасці заяўленых выбаршчыкаў. Аднымі з першых на Раманаўскі ўчастак прыйшлі Аляксандр Пятровіч і Надзея Мікалаеўна Сухвал. Выканаўшы ўсе фармальнасці: прад’явіўшы пашпарты і пакінуўшы роспісы, муж і жонка адправіліся ў кабіну для галасавання. Праз некалькі секунд бюлетэні апынуліся ў празрыстай скрыні…

    Зрабіць свой выбар на Кастрычніцкі ўчастак для галасавання №2, размешчаны ў СШ №2 райцэнтра, прыйшоў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. А. Булаўкін разам са сваёй дачкой Дар’яй. За невялікі час знаходжання на ўчастку Андрэй Анатольевіч паспеў пагутарыць з членамі ўчастковай камісіі, назіральнікамі і выбаршчыкамі. Трэба адзначыць, што на гэтым участку выбары праходзілі ў спакойнай, дзелавой абстаноўцы. Камісія тут дасведчаная, працавала зладжана. Дарэчы, на Кастрычніцкім участку,  як і на ўсіх астатніх, было забяспечана безбар’ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі  магчымасцямі. Напрыклад, слабавідушчым грамадзянам у выпадку неабходнасці падаваліся лупа і трафарэт. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржаве важна меркаванне кожнага чалавека.

    У прыўзнятым настроі працавалі члены Палітаддзельскай участковай камісіі. Як паведаміў яе старшыня А. В. Ючковіч, з 352 выбаршчыкаў на тэрыторыі Палітаддзельскага выбарчага ўчастка №12 датэрмінова прагаласавалі 197 чалавек, або 55,9%. Ды і ў асноўны дзень выбараў пасіўнасці не назіралася. Вяскоўцы прыходзілі ў добрым настроі. А будучага дэпутата, як прызнаваліся самі, выбіралі з поўнай адказнасцю.

    Роўна ў 20 гадзін галасаванне на выбарах дэпутатаў ніжняй палаты парламента завяршылася. У гэты час разам з іншымі ўчасткамі раёна свае дзверы зачыніў і Маладзёжны ўчастак для галасавання №3, што размяшчаўся ў СШ №1 гарпасёлка. Гэта самы вялікі па колькасці выбаршчыкаў участак у раёне (1683 выбаршчыкі). Не дзіўна, што і паток тых, хто галасаваў у дзень выбараў, быў адпаведны. Выбаршчыкі ішлі на ўчастак цэлымі кампаніямі, сем’ямі, з дзецьмі. А з якой радасцю апошнія, атрымаўшы адабрэнне бацькоў, кідалі бюлетэнь у скрыню для галасавання!.. Тых жа, хто з-за ўзросту або стану здароўя не змог самастойна прыйсці на выбарчы ўчастак, члены камісіі наведалі дома, даўшы магчымасць выбаршчыкам ажыццявіць сваё канстытуцыйнае права. У такой просьбе нікому не адмовілі.

    На працягу ўсяго дня святочны настрой прыдзвінцам, якія ішлі на выбары, стваралі творчыя калектывы ўстаноў культуры раёна. На многіх участках для галасавання таксама быў арганізаваны гандаль, дзе кожны жадаючы мог набыць свежую выпечку, мясныя стравы, напоі і іншую прадукцыю. Дзяжурствы на ўсіх участках неслі супрацоўнікі праваахоўных органаў, МНС і ўстаноў аховы здароўя.

  Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання адбыліся ва ўсіх 110 акругах. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, яўка па рэспубліцы склала 77,22% выбаршчыкаў. У Віцебскай вобласці прагаласавалі 82,09% выбаршчыкаў. ЦВК таксама апублікаваны папярэднія дадзеныя па выбраных дэпутатах. Па Лепельскай выбарчай акрузе №23, куды ўваходзіць Бешанковіцкі раён, пераважная колькасць галасоў аддадзена Ігару Феліксавічу Мартынаву.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *