Автор гимна Минска — уроженец Бешенковичского района

Актуально Важное Наш бешенковичский край

Гэтай песняй Мінск сустракае дарагіх гасцей і адкрывае помнікі. Яна стала сапраўдным гімнам гораду-герою. І мала каму вядома, што яго словы належаць ураджэнцу в. Навасёлкі Бачэйкаўскага сельсавета Ігнату Ігнатавічу Панкевічу.
«Песня з’явілася ў 1958 годзе, задоўга да афіцыйнага прысваення гэтага ганаровага звання нашай сталіцы, – успамінаў пазней аўтар. – А музыку да верша напісаў Уладзімір Алоўнікаў».

На жаль, Ігнат Ігнатавіч не дажыў да таго моманту, калі песню афіцыйна зацвердзілі гімнам горада Мінска.
Ігнат Панкевіч нарадзіўся 20 сакавіка 1920 года. Да вайны скончыў школу і летам 1939-га паступіў у педінстытут імя С. М. Кірава ў Віцебску. Але з пачаткам першага семестра яго прызвалі ў армію.
Да сакавіка 1945 года наш зямляк знаходзіўся са сваім палком на берагах Амура ў складзе 2-й Чырвонасцяжнай арміі Далёкаўсходняга фронту, паколькі пагроза нападзення Японіі на Савецкі Саюз заставалася высокай.

Але ўсё ж крывавых баявых дзеянняў у Благавешчанску, дзе базіраваўся полк, не вялося. Гэта і выратавала Панкевічу жыццё.
У сакавіку 1945-га Ігнат стаў курсантам Саратаўскага ваенна-палітычнага вучылішча. А служба ўсё яшчэ працягвалася. Толькі ў канцы 1946 года ён дэмабілізаваўся і вярнуўся ў Бешанковічы інструктарам райкама КПБ. Факультэт рускай мовы і літаратуры ў Мінскім педінстытуце скончыў завочна.

У асабістых паперах Ігната Панкевіча захавалася яго аўтабіяграфія, якую ён напісаў у якасці прадмовы да зборніка вершаў, што рыхтаваўся да выдання ў пачатку 1960-х: «Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады. Аднак пладатворная праца пачалася пасля 1950 года, калі быў надрукаваны верш у рэс-публіканскай газеце «Советская Белоруссия». У наступныя гады друкаваўся не толькі ў ёй, але і ў «Знамя юности», «Во славу Родины», «Железно-дорожник Белоруссии» і інш. Некаторыя вершы беларускімі кампазітарамі былі пакладзены на музыку і сталі песнямі. Гэта «Песня пра Мінск» (музыка У. Алоўнікава), раманс «Приходи ко мне» (музы-ка Р. Пукста), «На субботней волне», «Весенняя песня», «Песня о вечном огне», «Приходи, любимый», «Вижу я средь вас героев», «Человек по городу идёт», «Счастливый путь», «Здравствуй, лето!» і інш. (музыка М. Наско)».
У 1960-я тэкст «Песні пра Мінск» друкавалі на паштоўках…

У 1986 годзе ад анкалагічнага захворвання памерла яго старэйшая дачка Ніна, пакінуўшы сіратой 7-гадовага сына Алёшу. Ігнат Ігнатавіч аформіў апякунства, зрабіў усё магчымае, каб падняць унука. Але яго паэтычная муза заўчасна згасла…
Добра было б ушанаваць памяць пра гэтага выдатнага паэта-песенніка на яго радзіме ў вёсцы Навасёлкі. Яна ж не павінна так бясследна знікнуць. Спадзяюся на тое, што адгукнуцца на артыкул яго родныя і блізкія, каб папоўніць новымі дадзенымі светлую біяграфію Ігната Ігнатавіча Панкевіча…

А. Вячэслін.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *