Бешенковичский Свято-Ильинский храм празднует 150-летие со дня основания

Актуально Общество

Што аб’ядноўвала людзей у часы гора і радасці, было стымулам і давала надзею на лепшае? Агульныя мэты, імкненні, ідэалы, вера… Гэты пералік можна доўжыць, і кожны дадасць нешта сваё, аднак ва ўсе часы не давала людзям апусціць рукі і скарыцца лёсу менавіта вера. Яна давала сілу жыць, спадзявацца на Бога і на сябе…

Усім вядомы Свята-Ільінскі храм у райцэнтры. Сёлета будзе ўжо 150 гадоў, як ён узнімае да неба малітвы вернікаў. Для чалавека 150 — зашмат, для храма — драбніца ў летапісе жыцця. Узводзіць яго пачалі ў 1866-м на месцы храма, заснаванага ў ХV ст. польскім каралём Казімірам ІV Ягелончыкам (паводле іншых звестак — літоўскім князем Скіргайлам як удзячнасць Богу за выратаванне жонкі Елізаветы ад утаплення; паводле А. Кіркора — віленскім ваяводам Казімірам Агінскім), закончылі — у 1870 годзе пад кіраўніцтвам настаяцеля Іосіфа Нікановіча. У энцыклапедычным даведніку «Праваслаўныя храмы Беларусі» А. М. Кулагіна (2007 г.), прысвечаным царкоўнаму дойлідству з часоў старажытнасці да нашых дзён, змешчана інфармацыя пра вядомыя помнікі — цэрквы, манастыры, капліцы, якія ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай архітэктуры, малавядомыя помнікі і тыя, што не захаваліся па розных прычынах. Ёсць і апісанне царквы ў імя святога прарока Іліі з фотаздымкам.

    Цэнтрычны крыжовакупальны храм паўтара стагоддзя радуе і падтрымлівае праваслаўных вернікаў. На значнасць даты ўвагу грамадскасці звярнуў мясцовы краязнаўца С. П. Леаненка. У Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Маскве захаваўся ліст з далёкага 1935 года ад 7000 прыхаджан, адрасаваны старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэта М. І. Калініну, у якім жыхары звярталіся з просьбай вярнуць ім адабраны храм (у гэтым помніку архітэктуры візантыйскага кірунку рэтраспектыўна-рускага стылю ў той час не малітвы да Бога ўзносіліся, а захоўвалася збожжа). У 1945 годзе людзі аднавілі храм і захавалі для нас.

    Станіслаў Пятровіч уручыў  копію гэтага ліста настаяцелю Свята-Ільінскай царквы протаіерэю Віталю Мікалаевічу Кісялю, як напамін пра сілу веры і жаданне ісці да канца, напамін пра тое, што ўсё (час, людзі, падзеі) мінае, а сіла веры трымае нас на бурных хвалях жыццёвага мора і яднае ў самыя складаныя моманты. «У тым, што людзі аб’ядноўваюцца вакол сваіх храмаў, — залог вялікай будучыні нашай Царквы Праваслаўнай і ўсяго нашага народа», — сказаў некалі свяціцель Ціхан. Так, храмы— агмень хрысціянскай асветы і духоўна-маральнага выхавання. Радуе, што і цяпер яны — ад велічных сабораў да простых драўляных капліц — зноў упрыгожваюць наш край.

     Як адзначыў В. М. Кісель, юбілей царквы плануюць адсвяткаваць у дзень памяці прарока Іліі, 2 жніўня. Хрэсны ход і боская літургія — дату заснавання не пакінуць без увагі. Дарэчы, сёлетні год юбілейны і для самога настаяцеля: 1 красавіка споўнілася ўжо 30 гадоў, як ідзе яго служэнне Богу і людзям.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *