Идеолог — кто он?

Актуально Общество

   Адказ на гэтае пытанне шукалі ўдзельнікі сумеснай нарады кіраўніцтва раёна з ідэалагічным актывам Бешанковіччыны, якая прайшла ў аўторак у вялікай зале райвыканкама. Забягаючы наперад, адзначу, што размова атрымалася даволі канструктыўнай, адны дзяліліся сваім вопытам работы ў працоўным калектыве, іншыя гэты вопыт пераймалі, не абышлося без крытыкі, але ў дадзеным выпадку, здаецца, яна толькі пайшла на карысць.

    Адкрываючы  нараду,  намеснік старшыні  райвыканкама М. А. Заблоцкі адзначыў, што менавіта ідэалагічная праца, ахопліваючы розныя аспекты жыцця чалавека, фарміруе грамадзяніна і патрыёта, неабыякавага да сучаснасці і будучыні як сваёй малой радзімы, так і краіны ў цэлым. «2020 год ставіць перад намі шэраг важных і абавязковых задач, — падкрэсліў Мікалай Анатольевіч. — Зусім нядаўна мы адзначылі 75-годдзе Вялікай Перамогі, дзякуй усім, хто прымаў актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах, дзякуй за тое, што памятаеце нашых ветэранаў, акружаеце іх клопатам і ўвагай. Зараз наша краіна ўступіла ў вельмі адказны перыяд. Дадзены старт кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе разам мы павінны правесці яе годна».

Пра асноўныя этапы выбарчай кампаніі ўдзельнікаў нарады праінфармавала начальнік арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Т. М. Петрушэнка. Таццяна Мікалаеўна папрасіла прысутных максімальна адказна паставіцца да гэтай галоўнай палітычнай падзеі краіны. З 21 мая ажыццяўляецца збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, у цяперашняй эпідэміялагічнай абстаноўцы гэтыя мерапрыемствы павінны праходзіць у асаблівых умовах, з захаваннем неабходных мер бяспекі.

   Ацэнку ідэалагічнай рабоце на месцах у сваім выступленні дала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак. У прыклад былі пастаўлены такія прадпрыемствы, як Бешанковіцкі ўчастак электрасувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» (дарэчы, яго дырэктар А. М. Гарбадзей падрабязна расказаў пра ўсе складальнікі інфармацыйна-растлумачальнай і прапагандысцкай працы ў калектыве), ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас», УАЗ «Бешанковіцкая ЦРБ», УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», ТЦСАН, Ульскі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці ім. Л. М. Даватара і іншыя. Але, на жаль, ёсць у раёне прадпрыемствы, дзе ідэалагічная работа вядзецца, мякка кажучы, не на належным узроўні. А ў ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс» і КСВУП «ДраздыАгра», напрыклад, яна і зусім адсутнічае. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гатовы ў любы час аказаць дапамогу і інфармацыйную падтрымку ўсім, каму гэта неабходна. Да 1 чэрвеня агучаныя на нарадзе недахопы павінны быць ліквідаваны.

   Сёння ідэолагі вырашаюць вялікае кола пытанняў. Гэта не толькі правядзенне дзён інфармавання, сустрэч з насельніцтвам, праца інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, але і замацаванне маладых спецыялістаў, арганізацыя работы грамадскіх аб’яднанняў, падпісная кампанія… Але асноўнай мэтай ідэалагічнай работы на месцах з’яўляецца згуртаванне працоўнага калектыву. На гэтым акцэнтавала ўвагу прысутных, падводзячы вынікі сустрэчы, кіраўнік раёна Г. У. Унуковіч. Бо менавіта згуртаванне, аб’яднанне ў вырашэнні агульных задач дапамагае дасягаць пастаўленых мэтаў. І без чаго ніяк нельга, дык гэта без любові да сваёй малой радзімы, месца, дзе мы жывём, працуем, выхоўваем дзяцей… «Давайце разам зробім наш бешанковіцкі край камфортным і любімым, каб у нас было пачуццё гонару за нашу зямлю, за сваю сям’ю», — звярнулася да ідэалагічнага актыву раёна Галіна Уладзіміраўна і дадала, што ў хуткім часе мы будзем святкаваць 575-годдзе з дня заснавання гарпасёлка. Гэта яшчэ адна выдатная нагода азірнуцца вакол, прыкласці ўсе намаганні, каб наш райцэнтр і раён у цэлым абавязкова развіваліся. Усе мерапрыемствы павінны прайсці прыгожа і на высокім узроўні. І, вядома, без удзелу ў іх арганізацый і прадпрыемстваў раёна ніяк не абысціся.

   …Дык усё ж, ідэолаг — хто ён? Гэта чалавек, штодзённая праца якога значная і неабходная, бо ён стварае мікраклімат у працоўным калектыве, ведае, чым жывуць яго калегі, ведае іх праблемы і патрэбы, заўсёды падставіць плячо ў цяжкай сітуацыі. У поле зроку ідэолагаў, на думку Галіны Уладзіміраўны, павінны знаходзіцца і клопат пра дзяцей (бо ўсім вядома, дэмаграфічная бяспека — будучыня краіны), і праца па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў, і пытанні выплаты заработнай платы, і ахова працы, і прапаганда здаровага ладу жыцця… Іншымі словамі, ідэолагі павінны быць у курсе ўсіх падзей і сфер жыцця грамадства.

   У завяршэнне нарады Г. У. Унуковіч адзначыла, што падобныя сустрэчы ідэолагаў цяпер будуць насіць рэгулярны характар, толькі праходзіць яны будуць у больш вузкім фармаце, асабліва гэта актуальна, улічваючы эпідэміялагічнае становішча ў свеце.

   Карыстаючыся тым, што выступае перад вялікай аўдыторыяй, Г. У. Унуковіч расказала пра сітуацыю з каранавірусам, якая складваецца зараз у раёне. Як раней было заяўлена, яна на дадзены момант стабілізавалася, фіксуюцца адзінкавыя выпадкі заражэння. Па стане на 19 мая, іх было 70, 57 прыдзвінцаў ужо паправіліся. Зараз асноўны акцэнт медыкі робяць на лячэнні пацыентаў з пнеўманіямі. Статыстыка па гэтай хваробе будзе аператыўна абнаўляцца як на сайце райвыканкама, так і на сайце «Зары». Галоўная задача — не дапусціць росту захворвання, тым самым зменшыць нагрузку на ўрачоў. А гэта стане магчымым, калі кожны жыхар раёна адказна паставіцца да захавання свайго ўласнага здароўя.

Святлана ВАРОШКА.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *