В Бешенковичском районе прошли мероприятия, посвящённые Дню памяти жертв Великой Отечественной войны

Актуально Общество

22 чэрвеня ў Бешанковічах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Гэта трагічная для нашай краіны дата яшчэ раз нагадвае нам пра тое, што, колькі б вады не забрала рака часу, у памяці народнай вайна назаўжды застанецца журботным ценем, на фоне якога — выразны адбітак бессмяротнага подзвігу воінаў-вызваліцеляў.

Раніцай ля Алеі Герояў сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школь-нікі, каб прыняць удзел у патрыятычнай акцыі «Свечка памяці». Мы ўсе памятаем гераізм салдат і афіцэраў, якія стаялі насмерць супраць фашызму, у імя  міру на зямлі. Памятаем тых, хто ў тыле, нягледзячы на нягоды, забяспечваў падтрымку фронту. Смуткуем аб усіх загінуўшых у баях, закатаваных у канцлагерах, памерлых ад голаду і холаду.

Мы не павінны забываць урокі мінулага. Гэты наказ прагучаў у словах намесніка старшыні райвыканкама Г. А. Філіпенкі. Генадзь Аляксандравіч выказаў надзею, што маладое пакаленне будзе і надалей беражліва ставіцца да гісторыі народнага подзвігу. Каму, як не моладзі, шанаваць памяць аб загінуўшых героях, праяўляць клопат і ўвагу да ветэранаў. З пранікнёнай прамовай таксама выступіў настаяцель Свята-Ільінскага храма протаіерэй Віталь Кісель. Ён адзначыў, што мы павінны пранесці праз стагоддзі не толькі горыч страт, але і гонар за нашу краіну, за яе народ, самаадданых і мужных воінаў.

    У завяршэнне мерапрыемства ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання, пасля чаго расставілі запаленыя свечкі ля Алеі Герояў у выглядзе лічбы «1941».

   Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі і ў аграгарадках раёна. Апоўдні таго ж дня  Бешанковічы
          зноў акунуліся ў атмасферу смутку. Тут у апошні шлях праводзілі адзінаццаць савецкіх салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Некалі сказаныя Суворавым словы пра тое, што вайна заканчваецца толькі тады, калі будзе пахаваны яе апошні салдат, сталі сапраўды крылатымі. У іх кантэксце  перапахаванне астанкаў вайскоўцаў Чырвонай Арміі, якое прайшло ў панядзелак, можна сказаць, яшчэ на адзін крок наблізіла нашу агульную перамогу.

    Аддаць даніну павагі героям, увекавечыць іх памяць стала магчымым дзякуючы 52-му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну Узброеных Сіл. Раскопкі праводзіліся ў красавіку 2019 года. Астанкі шасцярых ваеннаслужачых былі знойдзены ў вёсцы Крывіна Верхнякрывінскага сельсавета. Іх прыналежнасць да Чырвонай Арміі ўстанавілі па спадарожных знаходках — паясных рамянях, складаных нажах, лыжцы. Астанкі яшчэ пяцярых ваеннаслужачых пошукавы батальён знайшоў у вёсцы Доўгае Астровенскага сельсавета. Мясцовыя жыхары расказалі, што тут былі пахаваны салдаты-разведчыкі, якія загінулі ў час вызвалення раёна ў 1944 годзе. Салдаты хаваліся ў хаце аднаго з мясцовых жыхароў, аднак іх месцазнаходжанне было выдадзена ворагу, дом быў знішчаны, усе, хто ў ім знаходзіўся,  загінулі.

      На жаль, вызначыць імёны знойдзеных абаронцаў Айчыны не заўсёды атрымліваецца: каля іх астанкаў у большасці выпадкаў не бывае ні дакументаў, ні асабістых медальёнаў — словам, нічога, што магло б даць хоць нейкую зачэпку. Але ў дадзеным выпадку дзякуючы праведзенай раённым гісторыка-краязнаўчым музеем рабоце імя аднаго салдата ўсё ж удалося ўстанавіць. Гэта ўраджэнец Астрахані Аляксандр Іванавіч Ігнацьеў. Ён служыў у радах Чырвонай Арміі, а потым працягваў барацьбу з ворагам у партызанскай брыгадзе «За Савецкую Беларусь». На момант гібелі Аляксандру Ігнацьеву споўнілася 24 гады…

       Праводзіць герояў, якія самааддана абаранялі раён у час Вялікай Айчыннай вайны, сабраліся прадстаўнікі мясцовых органаў улады, духавенства, грамадскасці, моладзі. Асаблівую ўрачыстасць падзеі надаў удзел у ім ганаровага каравула 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады. Жалобнае шэсце прайшло ад парку камсамольцаў да брацкай магілы на вул. Інтэрнацыянальнай. Менавіта тут праз 76 гадоў салдаты знайшлі свой вечны спакой.

«Не каждому из нас

         дано творить

Судьбу свою и судьбы

         дней грядущих,

И мир своей судьбою

         сделать лучше,

И души человечьи

         покорить…»

   З гэтых радкоў, напісаных Яўгенам Гільба, на мітынгу каля брацкай магілы пачала сваё выступленне старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. Салдатам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам тылу — усім, хто адстойваў нашу краіну ў гады вайны, удалося вызначыць нашы лёсы, дзякуючы ім мы жывём пад мірным небам, радуемся кожнаму новаму дню, з упэўненасцю глядзім у будучыню. Ім гэта было дадзена…

  — Вялікая Айчынная вайна пакінула нам цяжкую спадчыну, — не хаваючы смутку, звярнулася да прысутных Галіна Уладзіміраўна. — На тэрыторыі нашага раёна размешчаны 49 пахаванняў, дзе спачываюць больш за 2800 вайскоўцаў, мірных жыхароў і партызан. Але гэта лічба — толькі малая частка рэальных страт савецкага народа… Кожны, хто аддаў сваё жыццё на вайне, варты малітвы і добрай памяці. Для ўсіх нас захаванне мірнага жыцця нашай свабоднай і незалежнай Беларусі — святы абавязак, абавязак памяці, павагі і ўдзячнасці загінуўшым за шчаслівую сучаснасць.

    Галіна Уладзіміраўна выказала глыбокую падзяку ўсім неабыякавым людзям, якія праз сем з паловай дзесяцігоддзяў аднаўляюць справядлівасць — увекавечваюць памяць абаронцаў Прыдзвіння. Толькі за апошнія пяць гадоў у нашым раёне ўлічаны 8 пахаванняў воінаў і мірных жыхароў, вернуты імёны 448 салдатам. У 2013 годзе ў гэтай брацкай магіле ўвекавечана памяць ураджэнца вёскі Дапаны Вярхоўскага сельсавета Цярэнція Максімавіча Марціноўскага, астанкі якога былі выяўлены пошукавым атрадам на тэрыторыі Ленінградскай вобласці, у 2016-м сваё апошняе прыстанішча тут знайшоў невядомы салдат, знойдзены падчас раскопак на беразе ракі Заходняй Дзвіны.

    Перапахаванне астанкаў 11-ці чырвонаармейцаў прайшло ўрачыста: пасля адпявання па вайсковай традыцыі пад халастыя залпы іх аддалі зямлі. Магілу байцоў упрыгожылі вянкі і чырвоныя гваздзікі.

   Падчас мітынгу ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч адзначыў, што гэтыя воіны з’яўляюцца сапраўдным прыкладам патрыятызму. Людзі, якія валодалі гэтай якасцю, не задумваючыся, гінулі за Радзіму, яе незалежнасць, шчаслівае будучае нашчадкаў.

   Вучаніца 11-га класа Юлія Бажадомава апынулася ў ліку тых, хто праводзіў загінуўшых абаронцаў Айчыны ў апошні шлях.

   — Усю цырымонію я адчувала гонар за салдат, — расказала Юлія. — Дзякуючы іх мужным намаганням і стойкасці мы можам жыць спакойна. Яны сапраўдныя героі. Цяпер мы павінны зрабіць так, каб памяць пра іх подзвіг жыла як мага даўжэй.

Святлана ВАРОШКА.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *