Хорошая возможность узнать, чем живут сельские жители

Актуально Важное Общество

Практыка правядзення Дзён Савета, калі прадстаўнікі раённай улады, начальнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна праводзяць сустрэчы з вяскоўцамі па месцы іх жыхарства, даказала сваю выніковасць. Падобныя сустрэчы — добрая магчымасць даведацца пра настрой людзей, іх запыты, пра тое, чым жывуць прыдзвінцы ў сельскай глыбінцы. Ну і, вядома ж, дапамагчы, калі гэта неабходна.

Вераснёўскі Дзень Савета прайшоў на тэрыторыі Астровенскага сельсавета. У гэтым рэгіёне Бешанковіччыны налічваецца 36 вёсак, дзе зараз пражываюць 1282 чалавекі. Рабочыя групы раз’ехаліся па населеных пунктах сельсавета, а старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч правяла асабісты прыём грамадзян у Астровенскім СДК.

Ірына Мікалаеўна ад імя жыхароў шматкватэрнага дома, што знаходзіцца на вуліцы Маладзёжнай у Астроўне, прыйшла на прыём да кіраўніка раёна, каб пацікавіцца, як вырашаецца пытанне з рамонтам адмосткі ў іх доме. На жаль, цалкам узяць на сябе выдаткі на выкананне дадзеных работ камунальная служба не можа. Гэта тлумачыцца адсутнасцю дастатковага фінансавання на бягучыя рамонты жыллёвага фонду, да таго ж для іх выканання, згодна Дырэктыве №7, неабходна падпісаць дагавор, заключэнню якога папярэднічае працэдура закупак. А гэта, як вядома, патрабуе вялікай колькасці часу. Як паказала практыка, для невялікіх рэгіёнаў рэалізацыя патрабаванняў Дырэктывы значна запавольвае работы па аказанні жыллёва-камунальных паслуг. Таму, каб паспець да зімы, Галіна Уладзіміраўна прапанавала жыхарам самім паўдзельнічаць у рамонце адмосткі, а менавіта набыць неабходныя будаўнічыя матэрыялы, камунальнікі ж дапамогуць з работамі. Сельвыканкаму даручана правесці сход з жыхарамі дома, данесці да ўсіх такі варыянт выхаду з сітуацыі, а УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» — вызначыцца з канчатковай цаной пытання.

На сустрэчу са старшынёй райвыканкама прыйшоў яшчэ адзін жыхар Астроўна. Віталь Іванавіч звярнуўся хутчэй не з просьбай, а з прапановай, каб мясцовая ўлада больш актыўна праводзіла тлумачальную работу па зямельным заканадаўстве сярод насельніцтва. Мужчына не хаваў, што яму балюча глядзець, як асобныя домаўладанні ператвараюцца ў помнікі безгаспадарчасці. Г. У. Унуковіч пагадзілася з тым, што людзям сапраўды трэба часцей нагадваць пра іх абавязкі па належным утрыманні прыдамавых тэрыторый. Хто, калі не мы самі, прыклаўшы пэўныя намаганні, навядзём парадак каля свайго дома, на сваёй вуліцы, у сваім населеным пункце. А для грамадзян, якія і думаюць, і робяць па-іншаму, ператвараючы свае зямельныя ўчасткі ў зборнікі смецця і плантацыі па вырошчванні пустазелля, нагадаем, што існуе Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, у якім дакладна прапісаны абавязкі землекарыстальнікаў. З імі можна азнаёміцца на сайце Бешанковіцкага райвыканкама. Крыху пазней мы вернемся да гэтай тэмы і на старонках «Зары».

Пасля заканчэння прыёму грамадзян адбылося падвядзенне вынікаў Дня Савета. Да гэтага часу ў сельскі Дом культуры з’ехаліся члены ўсіх рабочых груп. Трэба адзначыць, што праблемы, на якія жыхары вёсак Астровенскага сельсавета звярнулі ўвагу прадстаўнікоў улады, сугучныя з тымі пытаннямі, што падымаліся раней пры правядзенні Дзён савета ў іншых населеных пунктах раёна. Гэта стан дарог, абкос тэрыторый каля пустуючых домаўладанняў, арганізацыя збору цвёрдых бытавых адходаў, добраўпарадкаванне могілак, нарыхтоўка дроў і многія іншыя. Па кожным са зваротаў грамадзян складзены пратаколы даручэнняў, выкананне якіх кіраўнік раёна будзе трымаць на асабістым кантролі.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *