В Бешенковичах поздравили ветеранов комсомола

Актуально Важное Общество

Дзень нараджэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі – 29 кастрычніка – аб’ядноўвае камсамольцаў розных гадоў. Гісторыя не мае іншых прыкладаў настолькі магутнага маладзёжнага руху, і, вядома, у яго 102-ю гадавіну актывістаў камсамола не маглі пакінуць без увагі.

Калі 2018-ты вызначыўся 100-годдзем з дня заснавання УЛКСМ, то ў 2020-м эстафету святкавання пераняла наша краіна: 100 гадоў таму 24 верасня адбыўся І Усебеларускі з’езд камсамола. Прадстаўнікоў «залатога ўзросту» ахінае настальгія, і не дзіва. Гэта эпоха, што не падлягае забыццю, эпоха працы і дасягненняў мэт, парываў, калі натхнёныя на вялікія справы людзі працавалі не для сябе, а для ўсёй краіны, і ў мірны, і ў ваенны час былі першымі… Гэта студэнцтва, рамантыка новых дарог, любоў і сяброўства, што застаюцца назаўсёды. Камсамол – эпоха яркіх біяграфій. Тысячы герояў услаўлялі яго сваімі подзвігамі. Дасягненні розных пакаленняў не зніклі бясследна ў віры жыцця, яны сталі арыенцірам для сучаснай моладзі.
Правапераемнікам камсамола Беларусі з’яўляецца ГА «БРСМ». Сёння саюз моладзі налічвае больш за 500 тысяч творчых, дзейных, ініцыятыўных беларускіх хлопцаў і дзяўчат, дзякуючы якім рэалізаваны сотні смелых, яркіх ідэй і маштабных праектаў па грамадзянска-патрыятычным і працоўным выхаванні, прапагандзе здаровага ладу жыцця і спорту.

Са святам ветэранаў камсамола сардэчна павіншавала першы сакратар РК ГА «БРСМ» Соф’я Жыгун. Улічваючы эпідсітуацыю, іх, ужо не такіх маладых, але ўсё яшчэ верных справе, вырашылі не збіраць разам, паберагчы, таму да кожнага паасобку завіталі ў госці. Віншаванні прымалі Надзея Яфімаўна Кучко, Лідзія Віктараўна Герцык, Аляксандр Васільевіч і Валянціна Купрыянаўна Хрыпценка, Тамара Пятроўна Берасцень, Уладзімір Пятровіч Жук, Анатоль Аляксандравіч Журко, Аляксандр Пятровіч Арцюх, Аляксандр Пятровіч Зюлькоў, Аляксандр Карпавіч Быкаў. Кожнаму з іх было што расказаць пра сваё камсамольскае юнацтва, пра тое, як працавалі, перамагалі, выхоўвалі. Ударныя будоўлі, сацспаборніцтвы, маладзёжныя брыгады, палітвучоба, канферэнцыі, спартакіяды, канцэрты… Азораныя святлом юных сэрцаў, справы мінулых дзён сталі падмуркам нашага жыццяскладу, стойкасці ў выпрабаваннях лёсу.

БРСМ атрымаў у спадчыну ўсё лепшае, стварыў умовы для рэалізацыі ў самых розных сферах дзейнасці. Аднак, як і ў даўнія часы, у аснове арганізацыі патрыятызм, працавітасць і пераемнасць пакаленняў.
– Прыміце шчырыя віншаванні са святам. Няхай гэтыя кветкі і паштоўкі нагадаюць вам, што камсамол – у нашым сэрцы, ён – знак стваральнай працы і сяброўства, – не раз падкрэслівала ў размове з нашымі бешанковіцкімі камсамольцамі маладзёжны лідар раёна. – Можаце быць упэўны, сённяшняе пакаленне – годны пераемнік традыцый камсамола!



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *