1 декабря — Всемирный день борьбы со СПИДом

Актуально Демографическая безопасность

Сусветны дзень барацьбы са СНІДам набыў статус штогадовай падзеі ў большасці краін свету і дэманструе міжнародную салідарнасць у барацьбе з эпідэміяй ВІЧ/СНІД. Кожны год ён прысвечаны пэўнай тэме. Сёлета яна гучыць так: «Міжнародная салідарнасць, агульная адказнасць».

Як зазначыла памочнік урача-гігіеніста ДУ «Бешанковіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Наталля Леанідаўна Шорахава, зараз увага ўсяго свету прыкавана да пандэміі COVID-19 і яе ўплыву на жыццё і дабрабыт людзей. Гэтая пандэмія яшчэ раз паказала нам, наколькі цесна праблемы аховы здароўя звязаны з іншымі важнымі пытаннямі: правамі чалавека, гендэрнай роўнасці і сацыяльнай абароны. COVID-19 наглядна прадэманстраваў, што падчас любой пандэміі бяспека ўсіх залежыць ад бяспекі кожнага. Каб дасягнуць поспеху, неабходна аказваць дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Выкараненне ярлыкоў і дыскрымінацыі, прымяненне падыходаў, заснаваных на правах чалавека і гендэрнай роўнасці, — вось галоўныя ўмовы спынення ў свеце пандэмій ВІЧ і COVID-19.
— Наталля Леанідаўна, Сусветны дзень барацьбы са СНІДам па-ранейшаму захоўвае сваю актуальнасць, нагадвае пра тое, што пытанне павышэння дасведчанасці пра ВІЧ-інфекцыю застаецца крытычна важным…

— Так, згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце за апошнія 30 гадоў ад СНІДу памерла каля 33 мільёнаў чалавек. Па стане на 1 лістапада бягучага года ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана больш за 30 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з іх больш за 23 тысячы людзей жывуць з ВІЧ. Заўважце, у апошнія дзесяць гадоў найбольшая колькасць новых выпадкаў захворванняў рэгіструецца ў людзей ва ўзросце старэй за 35 гадоў. Пераважае гетэрасексуальны шлях перадачы ВІЧ.

— Якая сітуацыя ў нашым рэгіёне?
— У Віцебскай вобласці па стане на 1 лістапада бягучага года зарэгістравана 1620 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, з ВІЧ жывуць 1253 чалавекі. Толькі ў студзені-кастрычніку выяўлена 66 новых выпадкаў інфекцыі.
У нашым раёне зарэгістраваны 21 выпадак ВІЧ (адзін хворы выяўлены сёлета), 4 чалавекі памерлі.
— Дзе можна прайсці добраахвотнае тэсціраванне на ВІЧ-інфекцыю?

— У Беларусі створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, сёння можна ў любой лячэбнай установе, дзе ёсць працэдурны кабінет. Ананімна-кансультацыйныя пункты, якія прадастаўляюць паслугі па кансультаванні і тэсціраванні на ВІЧ-інфекцыю для найбольш уразлівых да ВІЧ-інфекцыі груп насельніцтва, функцыянуюць і на базе грамадскіх некамерцыйных арганізацый. Сюды могуць прыйсці спажыўцы ін’екцыйных наркотыкаў, жанчыны, уцягнутыя ў секс-бізнэс, мужчыны, што ўступаюць у сексуальныя адносіны з мужчынамі, і іншыя.
Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты ў нашай краіне, якія стаяць на дыспансерным назіранні, атрымліваюць лекавыя сродкі для антырэтравіруснай тэрапіі бясплатна. Іх колькасць на сённяшні дзень складае каля 19 тысяч чалавек, 1023 з іх жывуць у Віцебскай вобласці. У нашым раёне антырэтравірусную тэрапію атрымліваюць 11 пацыентаў.

— Што рабіць, якіх правілаў прытрымлівацца, каб не захварэць?
— Надзейная абарона ад ВІЧ — гэта бяспечныя паводзіны. Пры выпадковых сексуальных кантактах выкарыстоўвайце прэзерватывы, своечасова лячыце запаленчыя захворванні рэпрадуктыўнай сістэмы і інфекцыі, што перадаюцца палавым шляхам. Не захварэць дапаможа і поўная адмова ад ужывання любых наркотыкаў, іх ін’екцыі — самы лёгкі шлях перадачы ВІЧ.
— А ці можна заразіцца ВІЧ, напрыклад, пры поціску рукі ці сяброўскім пацалунку?
— Не, такім шляхам ВІЧ не перадаецца, як і пры выкарыстанні агульных прыбіральняў, ваннаў, пры ўкусе насякомымі, наведванні басейна, карыстанні агульным посудам. Людзі з дыягназам ВІЧ не прадстаўляюць небяспеку ў побыце, пры зносінах і сяброўскіх кантактах. Калі такі хворы своечасова пачаў лячэнне і прытрымліваецца ўсіх указанняў урача, ён можа пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё, якое пры пастаянным прыёме неабходных лекавых прэпаратаў амаль нічым не адрозніваецца ад жыцця людзей без ВІЧ.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *