В Бешенковичском районе среди школьников проходит второй этап республиканской олимпиады

Актуально Важное Мы -- молодые

На Бешанковіччыне праходзіць другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў школ раёна.

Старт яму быў дадзены 21 лістапада. У гэты дзень школьнікі правяралі свае веды па рускай мове і літаратуры, грамадазнаўстве, фізіцы і біялогіі. У мінулую суботу, 28 лістапада, прайшлі алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, фізічнай культуры і здароўю. У наступную суботу, 5 снежня, пераможцы школьных спаборніцтваў будуць змагацца за права ўдзельнічаць у абласным этапе алімпіяд па англійскай мове, працоўным навучанні, хіміі і астраноміі.

Як адзначыў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама А. І. Ерашоў, у гэтым годзе ў школьным этапе рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 756 вучняў з усіх устаноў адукацыі рэгіёна. Заяўкі на раённы падалі 204 школьнікі. Другі этап праходзіць на базе школ гарпасёлка з захаваннем санітарных нормаў і правілаў (улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю). У аўдыторыях дзеці размяшчаюцца на дыстанцыйнай адлегласці адзін ад аднаго, выкарыстоўваюцца сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання. Зразумела, што некалькі гадзін павышанай разумовай і эмацыйнай нагрузкі патрабуюць больш энергіі, таму для ўдзельнікаў алімпіяды арганізавана гарачае харчаванне.

Вопытныя педагогі, якія не першы год падтрымліваюць сваіх вучняў на алімпіядах, заўважаюць, якую практычную карысць прыносяць дзецям такія конкурсы. Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама А. Ц. Карбоўская, з якой мы пагутарылі ў мінулую суботу падчас чарговага інтэлектуальнага спаборніцтва, якое праходзіла на базе СШ №1 райцэнтра, адзначыла, што дзеці ідуць на алімпіяду з ахвотай, таму што нават маленькая перамога на раённым этапе дае ім сілы і ўпэўненасць у сваіх здольнасцях. Алімпіяда, па словах Алены Цімафееўны, – магутны рэсурс для развіцця разумовых здольнасцяў для кожнага дзіцяці. Да таго ж, удзел у алімпіядах вучыць дзяцей канцэнтравацца на задачы і спраўляцца з хваляваннем, з-за якога школьнікі так часта паказваюць горшы вынік на ЦТ. Дзякуючы ж алімпіяднаму вопыту, цэнтралізаванае тэсціраванне для іх становіцца не галоўнай, а яшчэ адной праверкай ведаў. Ну а перамогі на алімпіядах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў для старшакласнікаў даюць яшчэ і выдатны бонус пры паступленні ў вну.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *