И.Ф.Мартынов рассказал жителям Бешенковичского района о проделанной работе за минувший год

Главное

З дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Лепельскай выбарчай акрузе №23 Ігарам Феліксавічам Мартынавым многія жыхары нашага раёна знаёмы асабіста. Выбаршчыкі прыходзяць да парламентарыя за дапамогай або парадай і заўсёды знаходзяць падтрымку. Акрамя работы ў акрузе, дэпутат займаецца заканадаўчай і міжнароднай дзейнасцю. Мы звярнуліся да Ігара Феліксавіча, каб ён расказаў нашым чытачам аб праведзенай рабоце ў мінулым годзе.

— Ігар Феліксавіч, работа дэпутацкага корпуса ў 2020 годзе праходзіла ў няпростых умовах. Пандэмія і спробы дэстабілізацыі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне запатрабавалі, у тым ліку і ад народных абраннікаў, выразных і зладжаных дзеянняў. Што лягло ў аснову заканатворчай дзейнасці парламента і якіх адчувальных вынікаў удалося дасягнуць за мінулы год?

— Прынцыпова важна, што, нягледзячы на ўсе складанасці, дэпутацкі корпус прадоўжыў актыўна працаваць у пытаннях заканадаўчай дзейнасці. Адной з самых працаёмкіх была работа па фарміраванні бюджэту 2021 года, у выніку ўдалося захаваць яго сацыяльную накіраванасць і закласці механізмы дзяржаўнай падтрымкі беларускага вытворцы. Акрамя таго, урэгулявана шырока абмяркоўваемая тэма дарожнага падатку. Таксама прыняты значныя для бізнес-супольнасці праекты законаў па пытаннях дзейнасці гаспадарчых таварыстваў, гандлю і грамадскага харчавання, аграпрамысловага комплексу.

Неабходна адзначыць праведзеную работу ў сферы нацыянальнай бяспекі і правапарадку. У гэтым плане прыняты новыя рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Іх галоўнай асаблівасцю з’яўляецца прафілактычны і папераджальны характар. У рэчышчы такога падыходу была праведзена работа па комплекснай карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства, якая прадугледжвае, у тым ліку, дэкрыміналізацыю шэрагу складаў злачынстваў, удасканаленне інстытута вызвалення ад крымінальнай адказнасці і прымяненне інстытута паручыцельства пры памілаванні асуджаных. У падрыхтоўцы і распрацоўцы ўсіх пералічаных законапраектах я прымаў актыўны ўдзел.
Усяго ж у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за 2020 год разгледжаны і прыняты 132 законапраекты, з іх 92 у другім чытанні, 40 — у першым.

— Прыярытэтным накірункам у дэпутацкай дзейнасці з’яўляецца работа з выбаршчыкамі. Што ўдалося зрабіць у акрузе?

— Заўсёды імкнуся быць максімальна даступным для выбаршчыкаў, рэгулярна сустракаюся з кіраўніцтвам вобласці і раёнаў акругі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, праводжу асабістыя прыёмы, сустрэчы ў калектывах.
У 2020 годзе мною праведзена больш за 40 сустрэч у працоўных калектывах, а таксама 25 прыёмаў грамадзян, на якіх было прынята 47 выбаршчыкаў. Разгледжаны 54 звароты грамадзян.
Падчас сустрэч з выбаршчыкамі ўздымалася досыць шмат пытанняў, як грамадскай значнасці, так і асабістага характару. У асноўным яны звязаны са сферай жыллёва-камунальнага абслугоўвання, водазабеспячэння, з зямельнымі спрэчкамі, выплатай заработнай платы, няправільным налічэннем пенсій, выдзяленнем зямель і г. д.
Неаднаразова я прымаў удзел у дыялогавых пляцоўках, мэтай якіх з’яўлялася прапрацоўка пытанняў, звязаных з унясеннем змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Для павышэння выніковасці працы з грамадзянамі сваю дзейнасць ажыццяўляю ў цесным узаемадзеянні з мясцовымі выканаўчымі органамі, іх службамі і прадстаўнічымі органамі, міністэрствамі. Летась, напрыклад, у Лепелі ўдалося вырашыць пытанне аб усталяванні дадатковага асвятлення ўздоўж ляснога масіву паміж УАЗ «Лепельская ЦРБ» і дзіцячым прытулкам. З такой просьбай да мяне звярнуліся работнікі ўстановы аховы здароўя. Знята пытанне і аб рамонце ў вёсцы Бараўцы Чашніцкага раёна драўлянай кладкі праз рэчку, што вядзе да мясцовага ФАПа. Задаволены таксама калектыўны зварот жыхароў вёскі Занькі Лепельскага раёна аб аказанні дапамогі ў грэйдаванні дарогі на вуліцы Азёрнай, бо па ёй немагчыма было праехаць. Пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам ДРБУ-202 і актывам населенага пункта дадзенае пытанне было вырашана. Звярталіся да мяне і жыхары вёскі Свяча Бешанковіцкага раёна. Вяскоўцы прасілі дапамогі ў ачыстцы вадасцёкавай канавы ўздоўж вуліцы Маладзёжнай. Па дадзеным звароце мной быў накіраваны дэпутацкі запыт у Бешанковіцкае ПМС, пасля чаго сіламі прадпрыемства дадзеная праблема была вырашана.

Не раз пры маім садзейнічанні аказвалася спонсарская дапамога розным установам акругі. У ДУА «Дамжэрыцкая дзіцячая школа мастацтваў», напрыклад, пры падтрымцы мецэнатаў набыта дарагая музычная апаратура, у Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі — квадракоптары і дроны (для новага гуртка, які ў цяперашні час ужо набраў першых наведвальнікаў і прадуктыўна функцыянуе), у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў пры Бешанковіцкім ТЦСАН — ультрафіялетавая лямпа і спецыялізаваныя матрацы, у Каменьскую сярэднюю школу — будаўнічыя матэрыялы для правядзення рамонтных работ.
А напярэдадні навагодніх святаў у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» па традыцыі я зрабіў падарункі маленькім дзеткам з дзіцячых прытулкаў, якія знаходзяцца ў маёй выбарчай акрузе.

— Ігар Феліксавіч, які ўдзел вы прымаеце ў наладжванні дзелавых кантактаў з замежнымі калегамі-дэпутатамі?

— Адной з формаў маёй работы з’яўляецца міжнародная дзейнасць, накіраваная на дасягненне рэальных эканамічных мэтаў. У мінулым годзе ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй большасць мерапрыемстваў прайшло ў анлайн-рэжыме. Мне давялося папрацаваць на пляцоўках Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД. Яны спрыялі абмену вопытам па важных бягучых палітычных і прававых пытаннях, якія разглядаліся ў красавіку і ў кастрычніку мінулага года.

Таксама я прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрагу афіцыйных заяў аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі ў сувязі з санкцыямі, прынятымі ў дачыненні да нашай краіны. Любыя спробы знешняга ціску на Рэспубліку Беларусь, дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі і санкцыі абсалютна недапушчальныя. Пры гэтым мы па-ранейшаму застаёмся прыхільнікамі шматвектарнага знешнепалітычнага курсу, у аснове якога ляжаць прынцыпы добрасуседства, павагі, эканамічнага супрацоўніцтва і забеспячэння бяспекі. Як чалавек, які мае непасрэднае дачыненне да вайсковай справы, хачу сказаць, што самая вялікая каштоўнасць — гэта чалавечае жыццё. Таму нам, беларусам, так важна захаваць мір і спакой унутры краіны.

Безумоўна, перамены патрэбныя, але яны павінны адбывацца цывілізавана, з улікам меркавання кожнага грамадзяніна. Менавіта для гэтага па ўсёй краіне працуюць грамадскія прыёмныя, дзе акумулююцца пытанні і прапановы наконт развіцця рэгіёнаў, краіны ў цэлым, змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Найбольш жа актуальныя з іх будуць вынесены на абмеркаванне падчас шостага Усебеларускага народнага сходу. Дэпутацкі корпус выказвае вялікую ўпэўненасць, што гэты найважнейшы форум пяцігоддзя дазволіць беларусам вызначыць лёс сваёй краіны самастойна, без якога-небудзь умяшання звонку.

У завяршэнне хачу запэўніць усіх сваіх выбаршчыкаў, што мая работа ў якасці дэпутата і ў далейшым будзе накіравана на ўдасканаленне заканадаўчай дзейнасці, абарону вашых інтарэсаў і правоў. Жадаю ўсім у гэты складаны час здароўя, цярпення, міру, дабрабыту і стабільнасці!

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *