Пируэты на коньках и лыжные гонки в Бешенковичском районе

Актуально Мы -- молодые

Незабыўнае адчуванне зімовай казкі дорыць бешанкавічанам лядовая пляцоўка ў самым сэрцы райцэнтра — на гарадскім стадыёне. На мінулым тыдні, калі яшчэ фарміравалі лядовую падушку, самыя заўзятыя прыхільнікі актыўнага ладу жыцця ўжо спрабавалі канькамі лёд.

Глянеш на вуліцу, і міжволі ўзгадваюцца радкі з верша Максіма Багдановіча “Зімой” пра марозны і звонкі вечар, скрыпучы і мяккі снег. “Мяцель не вее, сціхнуў вецер, і волен лёгкіх санак бег…”, — кажа паэт, чыя спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры. І так пацягне сэрца на каток, за зімовым настроем, прыгожымі фатаграфіямі і самымі вясёлымі сэлфі…

Пакрысе з кожным днём усё больш моладзі зазірае на стадыён. Прыходзяць і дарослыя, як кажуць, узгадаць маладосць. Сапраўды, на катку нібы вяртаешся ў дзяцінства, калі ўсё зімой бачылася такім незвычайным. У рыпенні снегу пад нагамі чулася незадаволенасць, яго халоднае мігаценне, калі доўга глядзець, зачароўвала. Няхай і на імгненне, але зноў з захапленнем паверыш у казку. Ці не цуд гэта?..
Дарэчы, на стадыёне ёсць дзе разагнацца і аматарам лыжных гонак. Калі ў каго няма свайго спартыўнага інвентара, можна ўзяць на месцы ў пункце пракату, які працуе з 14 да 21 гадзіны ў будні і з 11 да 21 гадзіны — у выхадныя. Часу і месца хопіць усім. Канькоў маецца больш за 60 пар, у тым ліку 39 новых, а лыж — 14 пар, 4 з іх — зусім новыя. За 2,5-3 рублі (менавіта столькі каштуе гадзіна арэнды) можна ўдосталь накатацца. На лыжы вам нават прапануюць набыць сутачны абанемент — 20 рублёў.

Штодзень работнікі ДЮСШ і ФСК “Дзвіна” правяраюць якасць лёду, займаюцца ўборкай тэрыторыі. Упэўнена, што каток і лыжня ў гэты час стануць для бешанковіцкіх прыхільнікаў актыўнага ладу жыцця самымі гасціннымі спартыўнымі пляцоўкамі гарпасёлка.
Справядліва лічыцца, што часцей бываць на вуліцы і займацца спортам на свежым паветры — больш эфектыўна, чым трэніравацца ў памяшканні, бо ў зімовы час паветра ў большай ступені насычана кіслародам. Павышаецца тонус арганізма і яго супраціўляльнасць розным інфекцыям, узмацняецца імунітэт, выпрацоўваюцца “гармоны шчасця”. Гэта яшчэ адна добрая нагода прыйсці на каток. Акрамя таго, катанне выдатна трэніруе гнуткасць, шпаркасць, спрыт і ўменне трымаць раўнавагу. І не важна, добра вы ўмееце вырабляць усялякія там піруэты ці не, галоўнае — жаданне асвойваць штосьці новае для сябе. Так што абмундзіруйцеся, вазьміце дзяцей, паклічце сяброў (калі назбіраецца шмат, то можна нават разам згуляць у хакей) — і хутчэй на стадыён за здароўем і цудоўным настроем!

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *