В суде закончился ремонт

Новости района

Цікавае мерапрыемства пад назвай «Восень залатая» падрыхтавалі настаўніца пачатковых класаў СШ № 1 райцэнтра Вольга Канстанцінаўна Белязека і кіраўнік аб’яднання аматараў гульні «Забаўнік» раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Галіна Кузьмінічна Мазго ў 1-м «А» класе. Паралельна дэманстравалася выстава творчых работ «Прырода і фантазія», зробленых першаклашкамі сумесна з бацькамі.


Удзел у свяце прынялі і матулі некаторых школьнікаў. І не толькі яны, а яшчэ іх меншыя брацікі і сястрычкі. Напрыклад, за ходам падзей на руках мамы назіраў Арсеній Купрацэвіч, якому ўсяго 1 год 7 месяцаў. Ён прыйшоў падтрымаць сваю сястрычку Ксенію, а пяцімесячная Ірына Ждановіч – браціка Яна.


– Мы сабраліся, каб пагаварыць пра самую цудоўную пару года – восень, – зацікавіла ўдзельнікаў на пачатку мерапрыемства Галіна Кузьмінічна.


Яна задавала пытанні, а дзеткі дастаткова хутка і пераканаўча на іх адказвалі. А вось і сама Восень з’явілася з поўным кошыкам гародніны і кожную прадставіла ў вершаванай форме. Вучаніца 4-га класа Вераніка Ганчарова, а менавіта яна выконвала яе ролю, выдатна справілася са сваёй адказнай задачай.


Потым у выкананні вучняў гучалі вершы і песні, прысвечаныя той ці іншай гародніне, і, вядома, залатой восені, вадзіліся карагоды, была паказана казка пра дзеда і рэпку, правялі аукцыён, дзе школьнікі прадэманстравалі выдатнае веданне назваў гародніны. Далей яны праспявалі песеньку пра спечаны каравай…


І раптам у вясёлую гульнявую праграму моцным віхурам уварвалася Непагадзь, якая ў адзін момант параскідала і размяла па падлозе пажоўклае восеньскае лісце і прымусіла дзетак прысесці на свае крэслы. Але яны пашкадавалі Непагадзь і пакінулі яе для ўдзелу ў далейшай праграме мерапрыемства, адначасова прадэманстраваўшы свае веды пры назве дрэў, чые лісты яны падымалі з падлогі. Ні ў адным не памыліліся.


У адрас маленькіх удзельнікаў пасля кожнага нумара гэтай шоу-праграмы адрасаваліся шчырыя апладысменты прысутных.


З некаторымі дзецьмі нам удалося пагаварыць пра тыя вырабы, якія яны падрыхтавалі дома спецыяльна для выставы.


– Работу пад назвай «Прыемнае суседства» мы закончылі за адзін дзень, – расказвала Маша Петухова. – Тэму падказала мама Наталля Юр’еўна, дапамагаў і тата.


– А мы працавалі разам: я, мама Святлана Уладзіміраўна і цёця Алёна Карэліна, – ахвотна дзеліцца сваім Паша Ціханаў. – Справіліся з работай за адзін дзень і адну ноч.


Цудоўныя восеньскія падзелкі падрыхтавалі дзеткі са сваімі памочнікамі! Іх на выставе было прадстаўлена каля дваццаці. Думаецца, свята ўдалося. Задаволенымі выглядалі юныя ўдзельнікі, якія вельмі стараліся, перажывалі і паказалі не толькі выдатную падрыхтоўку, але і свае дастаткова грунтоўныя веды. Такія мерапрыемствы патрэбныя, бо яны пазнавальныя, цікавыя і карысныя, у першую чаргу, для вучняў такога ўзросту.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *