У барацьбе за важкі каравай

Заботы сельские

   Да 3% у дзень плюсуюць на ўборцы збожжа хлебаробы сельгаспрадпрыемства імя Каранеўскага. Прыбаўка магла б быць і больш важкай, але з нармальнага рытму збіваюць летнія дажджы, а таксама затравеласць палеткаў і высокая вільготнасць сабранага збожжа. Яго, як адзначыў кіраўнік гаспадаркі У. В. Какошын, дапрацоўваюць на сушылцы “КЗС-7”, прапускная магутнасць якой невысокая. Таму даводзіць зерне да кандыцыі каранеўцам дапамагае суседняя гаспадарка – “Астроўна”.


Жніво ў сельгаспрадпрыемстве імя Каранеўскага сёлета вядуць сіламі пяці экіпажаў камбайнераў. Сярод іх два сямейныя. У барацьбу за ўраджай уключыўся галоўны інжынер Мікалай Генадзьевіч Козін з сынам Андрэем і камандзіраваны ў сельгасарганізацыю з Астровенскага лясніцтва Рыгор Віктаравіч Якімовіч, у якога ў памочніках сын Міхаіл.
   Стараюцца і мясцовыя хлебаробы Віктар Міхайлавіч Тырсаў, Сяргей Мікалаевіч Скуратаў з памочнікам Дзмітрыем Мікалаевічам Сінкевічам. Добра зарэкамендавалі сябе і шэфы з Віцебскага прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак Алег Валер’евіч Шаўроў і Юрый Эдуардавіч Сухоцкі.
   Зерневыя ў гаспадарцы вырошчваюцца на плошчы 1170 гектараў, ужо абмалочана палова хлебных ніў. Ураджайнасць тут ніжэйшая за сярэднераённую – каля 27 цэнтнераў на круг. Між тым каранеўцы разлічваюць павялічыць валавы збор зерня ў параўнанні з леташнім на 60% і сабраць 3200 тон хлеба.
   Адначасова з уборкай у гаспадарцы вядуць і адгрузку збожжа дзяржаве:   240 тон зерня чакае Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў, яшчэ 50 – Чашніцкі спіртзавод. З заданнем у сельгаспрадпрыемстве справіліся на 79%.
   Падчас жніва на кожным работніку ляжыць адказнасць за ўраджай, за якасць яго ўборкі. За гэтым на полі арганізаваны асаблівы кантроль. Разам з камбайнерамі тут нясе вахту галоўны аграном У. А. Норка. А каб больш эфектыўна арганізаваць працу, гарачыя сняданкі для ўдзельнікаў жніва дастаўляюцца прама на хлебную ніву. Клопат пра гэта ўзяло на сябе ПСУП “ААБ Наватар”, якое плануе прыняць сельгаспрадпрыемства імя Каранеўскага ў свой склад у якасці структурнага падраздзялення.
  На здымку: каранеўскія хлебаробы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *