Бешенковичский район готовится к посевной

Заботы сельские

Сакавік – вясне пачатак. Зусім хутка хлебаробы выедуць у поле. Ад якасці падрыхтоўкі да сяўбы залежыць лёс будучага ўраджаю. Як сельгаспрадпрыемствы Прыдзвіння падрыхтаваліся да правядзення гэтай адказнай кампаніі? Падрыхтоўка гаспадарак раёна  да вясенне-палявых работ 2012 года была прааналізавана 7 сакавіка на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
  Вясенні дзень год корміць. А пачатак пасяўной можа наступіць вельмі хутка. Таму вяскоўцам важна быць падрыхтаванымі да сяўбы загадзя, мець спраўную тэхніку, забяспечыць сябе насеннем, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, угнаеннямі. Завяршыць падрыхтоўку да вясенне-палявых работ раён павінен да 15 сакавіка. Такую задачу перад сельгасвытворцамі паставіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскі. І выказаў упэўненасць, што сельгаспрадпрыемствы з ёй справяцца.
  Яшчэ восенню была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа — пасеяны азімыя і выкананы ўвесь неабходны комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў. З лістапада гаспадаркі займаюцца рамонтам тэхнікі, кожны тыдзень па гэтай важнай тэме праходзяць нарады, узаемаправеркі ў гаспадарках. Аднак, каб са спакойным сэрцам чакаць вясенняга цяпла і магчымасці вывесці пасяўную тэхніку на палеткі, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў трэба паклапаціцца яшчэ пра цэлы шэраг фактараў. Зараз на парадку дня знаходзяцца вывазка на палі арганікі, забяспечанасць мінеральнымі тукамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі, насеннем, сродкамі абароны раслін, іншымі рэсурсамі да пасяўной, наяўнасць і рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі. Таму на пасяджэнні дэталёва разбіраліся нават з самымі невялікімі пралікамі ў гэтай важнай рабоце. Заслухалі тлумачэнні кіраўнікоў гаспадарак, якія іх дапусцілі.
  Аналіз стану падрыхтоўкі гаспадарак да сяўбы зрабіў у сваім дакладзе першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання С. Г. Акуневіч. Сёлетняй вясной, праінфармаваў прысутных Сяргей Генадзьевіч, хлебаробам Прыдзвіння трэба пасеяць 10606 гектараў толькі яравых зерневых, усяго па раёне яравы клін складзе больш за 15 тысяч гектараў. З іх 230 гектараў бульбы, 30 – агародніны, 3200 – кукурузы, 700 –лёну, 130 – яравога рапсу…
  Усяго на Віцебшчыне сёлета пасеяць 250 тысяч гектараў зерневых, 20 тысяч гектараў лёну, 5 тысяч гектараў бульбы, 100 тысяч гектараў кукурузы і ўпершыню – 25 тысяч гектараў  зерневай кукурузы. У цэлым у рэгіёне запланавана атрымаць 2 мільёны тон зерневых.
  Як адзначаюць спецыялісты, азімыя культуры, нягледзячы на моцныя марозы, перазімавалі няблага. Яны таксама патрабуюць догляду. Таму вясной на вёсцы кожная пара рук на вагу золата. Каб зрабіць усё запланаванае ў аптымальныя тэрміны, прынята рашэнне аб накіраванні ў гаспадаркі раёна для аказання дапамогі пры правядзенні вясенне-палявых работ тэхнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама 24 механізатараў. Дапамогу вяскоўцам акажуць і  навучэнцы, выпускнікі Ульскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Гэта дазволіць арганізаваць работу энерганасычанай тэхнікі ў дзве змены.
  На пасяджэнні да драбніц абмеркаваны ўвесь спектр пытанняў, якія патрабуюць першачарговага вырашэння. Сярод іх наладжванне кантролю за выкарыстаннем гаруча-змазачных матэрыялаў, неабходнасць захавання працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі, забеспячэнне ўдзельнікаў пасяўной спецвопраткай, медыцынскімі аптэчкамі, арганізацыя гарачага харчавання, распрацоўка ўмоў аплаты працы і працоўнага спаборніцтва з мэтай вызначэння самых старанных работнікаў, іх маральнага і матэрыяльнага заахвочвання.
  Для аператыўнага рашэння пытанняў, звязаных з арганізацыяй вясенне-палявых работ, створаны раённы штаб, які ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Л. К. Пянькоўскі. У склад мабільнай тэхналагічнай групы, зацверджанай рашэннем райвыканкама, увайшлі галоўныя спецыялісты дзяржтэхнагляду, аграхімічнай службы і інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. На месцах аказваць сельгаспрадпрыемствам дапамогу  ў арганізацыі, падрыхтоўцы і правядзенні сельгасработ будуць  адказныя работнікі райвыканкама і раённых службаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *