Один из эпизодов Отечественной войны 1812 года под местечком Островно описан в романе Л. Н. Толстого Война и мир

Слава Придвинья

Бешанковіцкая зямля была арэнай баёў воінаў пана Грознага з лівонцамі, войскаў Пятра Першага са шведамі, у 1812 годзе рускія воіны грамілі тут французаў. Адзін з эпізодаў Айчыннай вайны 1812 года пад мястэчкам Астроўна апісаны ў рамане Л. М. Талстога «Вайна і мір». Звесткі пра падзеі, якія
 адбываліся ў час вайны 1812 года ў в. Бачэйкава, можна знайсці ў кнізе «Хроника одного поместья. Бочейково» (В. П. Цехановецкий, 1905 год). Аўтар паведамляе, што ўжо ў 1811 годзе пачаліся прыгатаванні да вайны і быў актывізаваны набор рэкрутаў, тады з  маёнтка ў войска былі забраны 19 чалавек. Далей ён расказвае, што 11 ліпеня прыбыў Напалеон, дзе спыніўся, пераначаваў, паснедаў і паехаў далей па віцебскай дарозе.
   Трэба адзначыць, што мясцовыя жыхары крыху наблыталі і прынялі за Напалеона, які рухаўся ў Бешанковічы праз Улу, яго пасынка Яўгена Багарнэ, таму далейшы аповяд будзе касацца менавіта гэтай асобы.
  — Усё, што жыло ў маёнтку, схавалася ў глыбокай пушчы, баючыся грабяжоў і насілля, якімі паспела праславіцца «вялікая армія,» —  піша Цеханавецкі. — З усяго насельніцтва застаўся ўпраўляючы (Лапіцкі), лакей і хлопчык, які прыслугоўваў у канцылярыі. Спусташэнне сядзібы здзівіла Багарнэ, які, выклікаўшы упраўляючага, выказаў яму на гэты конт сваю  незадаволенасць. Мала яму спадабаўся і сняданак, які сваімі рукамі згатаваў бедны Лапіцкі.
   Галоўныя сілы прайшлі вельмі хутка/…/, праз Бачэйкава праходзілі толькі невялікія атрады і транспарты з параненымі, для накіравання якіх  прызначалі афіцэраў з горсткай кавалерыстаў. Такім чынам у Бачэйкава пасяліліся капітан і чатыры стралкі, якія склалі «гарнізон».
  Уладзіслаў Паўлавіч Цеханавецкі ўдакладняе, што гэты гарнізон з’еў 595 порцый хлеба, 595 порцый мяса і гародніну, што была. Стаяў ён да 19 кастрычніка. Акрамя таго, для першай дывізіі перад чашніцкай бітвай запатрабавана было 15 быкоў і 13 баранаў, для параненых — 70 порцый хлеба і мяса, для штаба — 245 порцый, для лепельскага магазіна — па 16 бочак жыта, ячменя і пшаніцы.   
    Бачэйкаўскі маёнтак займаўся дастаўкай харчавання і для рускай арміі. У 1812 годзе для яе было нарыхтавана 1110 пудоў сухароў, 18 чвэрцяў круп, 198 гарнцаў спірту, 76 чвэрцяў аўса, 517 пудоў сена і 7822 фунты мяса.
  У сярэдзіне кастрычніка зноў сталі збірацца французы ў Бачэйкава, кіруючыся ў Чашнікі, дзе 18-га адбылася бітва. 14-га дывізія Леграна размясцілася ў маёнтку і прабыла тут да 18-га. Не знайшла правіянту, але разрабавала пограб і разарыла сядзібу. 19-га дывізію змяніў рускі авангард генерала Гарпэ, які праследаваў адступаючыя атрады маршала Віктора.
  — Увесь час Айчыннай вайны, — дадае Уладзіслаў Паўлавіч, — палеткі заставаліся незаараныя, хлеб не збіралі. Калі мінула ліхалецце і сяляне вярнуліся з лясоў, дзе правялі ўсё лета, ва ўсёй акрузе не засталося і воднага каня, ніводнай галавы жывёлы. Як казалі відавочцы, людзі зімой 1812 — 1813 года паміралі як «мухі па восені з голаду»…


Станіслаў ЛЕАНЕНКА, настаўнік Дабрыгорскай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *