По вопросам иммунизации

Новости района

Чарговы семінар па пытаннях рамонту тэхнікі і ходу зімоўкі грамадскага пагалоўя прайшоў на базе ПУП «АграВітВін» (на здымках). Пачаўся ён у рамонтнай майстэрні гаспадаркі з выступлення першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. А. Булаўкіна.


– Студзень ужо на завяршэнні. Непрыкметна праляціць люты, а там і веснавыя палявыя работы не за гарамі, – распавёў Андрэй Анатольевіч. – Глебаапрацоўчая тэхніка ў раёне практычна адрамантавана. У кагосьці па дробязі без рамонту застаюцца чызель ды барана. Цяпер уся ўвага на пасяўныя агрэгаты. На некаторых з іх неабходна замяніць дыскі, сашнікі, іншыя вузлы.


– Фінансавая дапамога будзе аказана, але не ўсім гаспадаркам, – узяў слова старшыня райвыканкама Л. К. Пянькоўскі. – Трэба і самім шавяліцца. Пакуль на лінейку гатоўнасці пастаўлена толькі 60 працэнтаў трактароў. Работы тут яшчэ шмат. Так што і самім кіраўнікам трэба праяўляць ініцыятыву, каб выжыць у гэтых умовах… Дзе праплаціць за рамонт або запчасткі, дзе ў доўг дамовіцца…


Кіраўнік раёна пахваліў работу новага дырэктара «АграВітВіна».


– Раней гэта майстэрня была літаральна забіта няспраўнымі рухавікамі, – прывёў прыклад Леанід Канстанцінавіч. – А цяпер тут, бачыце, толькі тры, і яны ўжо адрамантаваныя ў запас…


Пра справы гаспадаркі расказаў яе кіраўнік А. М. Дойлін.


– Тры чызелі з чатырох ужо адрамантавалі. У стадыі завяршэння і апошні, – падкрэсліў Аляксей Міхайлавіч. – Поўнасцю гатовы бароны, тры «кіраўцы», два «трыццатыя». У сеялках перабралі сашнікі, замянілі ўтулкі. Праз тыдзень-другі яны будуць стаяць на лінейцы гатоўнасці. На гуму для тэхнікі дадаткова спатрэбяцца 500-600 мільёнаў рублёў.


Перайшлі на жывёлагадоўчую тэматыку. «АграВітВін» прадае 7 тон малака ў месяц. Выручка – 900 мільёнаў рублёў. На зарплату гаспадарцы патрабуецца 600 мільёнаў.


– Гэта добры рэзерв для набыцця запчастак, – заўважыў Л. К. Пянькоўскі. – Вось чаго я пастаянна дабіваюся ад кіраўнікоў і спецыялістаў. А яшчэ ў гаспадарцы ёсць 30 быкоў для здачы на мясакамбінат. Жывёлагадоўля – адзіны сродак паступлення грошай у зімовы перыяд: і высокія надоі, і прывагі жывёлы прыносяць добры прыбытак, калі правільна арганізаваць працу. Цяжка чакаць поспеху ў тых гаспадарках, дзе сярэднясутачныя прывагі складаюць 500 грамаў, а нецелі стаяць у гразі.


Пасля наведвання рамонтнай майстэрні ўдзельнікі семінара спыніліся ля перасоўных даільных установак. Адна з іх рамантавалася. Так, усё трэба рабіць своечасова. ПДУ неабходна сабраць у адно месца, стварыць рамонтныя брыгады, каб у далейшым пазбегнуць аўралу.


Потым усе дружна накіраваліся на ферму «Варахобкі». Удзельнікам семінара паказалі выгарадку, дзе круглы год утрымліваюцца быкі. Тут у іх ёсць корм, подсціл, барда.


– Штодзень дастаўляем 18 тон барды, – расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Г. У. Смаргун. – У ёй жывёлу не абмяжоўваем – п’юць колькі трэба. Бачыце, як ёй тут вольна і прасторна. Частка адпачывае на саломе. Быкі – справа прыбытковая. Адзін на 12 мільёнаў цягне. Воддаль, бачыце, знаходзіцца новая выгардка з павеццю. Вясной у ёй змесцім цялят.


Арганізацыя асемянення жывёлы ў зімовы перыяд і пытанні ўзнаўлення статка ў сельгаспрадпрыемствах раёна – тэма выступлення дырэктара райплемстанцыі У. П. Белязекі.


Апошняй на пятніцкім семінарскім маршруце была ферма «Дразды», дзе налічваецца 535 галоў жывёлы, 300 з іх – цялушкі. Тут арганізавана якаснае прыгатаванне кормасумесяў, эфектыўна працуе кормараздатчык.


Дырэктар райветстанцыі С. А. Косцюшаў агучыў мерапрыемствы па падрыхтоўцы да масавых расцёлаў і забеспячэнні захаванасці маладняку на ферме, а галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Т. В. Акулёнак – пра асноўныя патрабаванні да арганізацыі кармлення і ўтрымання жывёлы ў зімовы перыяд і раздою першацёлак і кароў.


Яшчэ шмат чаго расказала прысутным галоўны заатэхнік «АграВітВіна». У прыватнасці, падзялілася вопытам атрымання якаснага малака і кармлення жывёлы ў стойлавы перыяд. Адчувалася, што сваю справу Галіна Уладзіміраўна Смаргун ведае да драбніц, што і падкрэсліў старшыня райвыканкама Л. К. Пянькоўскі. І дадаў:


– Бачна, што тут па-сапраўднаму зацікаўлены ў павышэнні вытворчасці малака і мяса, думаюць на перспектыву. І тым не менш трэба рабіць боксы для расцёлаў кароў, каб у нармальных умовах атрымліваць добры прыплод і забяспечыць яго захаванасць. Думаю, што ўсё пачутае і ўбачанае тут вы, паважаныя кіраўнікі і спецыялісты, прыменіце з карысцю для справы ў сваіх гаспадарках. Калектыву «АграВітВіна» дзякуй за працу. Але расслабляцца не трэба, бо наперадзе ўсіх нас чакаюць новыя рубяжы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *