В Бешенковичском райисполкоме прошло заседание наблюдательной комиссии

Правопорядок

Амаль палова ўсiх злачынстваў здзяйсняецца раней судзiмымi грамадзянамi. Не занятыя працай або вучобай асобы, якія маюць судзімасць, іх складанае матэрыяльнае становішча, вострая патрэба ў бытавым уладкаванні, п’янства і алкагалізм дадзенай сацыяльнай катэгорыі, слабая арганізацыя сістэмы рэсацыялізацыі прыводзяць людзей, якiя ўжо каралiся, яшчэ раз на лаву падсудных.Не аказацца «за бортам» грамадства раней судзімым грамадзянам дапамагае назіральная камісія, якая дзейнічае ў раённым выканаўчым камітэце. Вось і на апошнім яе пасяджэнні былі прыняты рашэнні аб працаўладкаванні чацвярых мужчын, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі або па рашэнні суда атрымалі абмежаванне свабоды.
  Андрэй Б., напрыклад, хоць і нядаўна атрымаў шанц пачаць жыць па-новаму, на пасяджэнне камісіі прыйшоў з цвёрдым намерам не ўпусціць яго. Як расказваў мужчына, ён з сям’ёй прыняў рашэнне пераехаць жыць у вёску. Рашэнне правільнае, бо ў Бешанковічах маладыя людзі і іх дзіця жывуць на здымнай кватэры, а ў гаспадарцы можна атрымаць жыллё, мець свой дах над галавой, будаваць планы і ажыццяўляць іх. Андрэй выбраў і вёску – аграгарадок Бачэйкава. Прадстаўнік гаспадаркі, які прысутнічаў на пасяджэнні камісіі, пацвердзіў, што гаспадарка гатова прыняць маладую сям’ю, прадаставіць работу, вырашыць пытанне з жыллём.
  З накіраваннем, выдадзеным у лік броні, на працу ў сельгаспрадпрыемства “Бачэйкава-Агра” паехаў з Бешанковіч у Свячу ў гэты дзень і Аляксей Ц. Ён будзе працаваць жывёлаводам.
  Намнога складаней сітуацыя з Яўгенам К. Мужчыну вызвалілі па амністыі, а ён ужо паспеў пахуліганіць, трапіў у поле зроку міліцыі, быў прыцягнуты да адказнасці. Як расказваў сам, уладкоўвацца на працу самастойна нават не спрабаваў, жыве разам з сястрой, у якой свая сям’я, хаця сталяру-станочніку занятак у раёне, безумоўна, знайшоўся б.
  — Чаму пачалі піць? – пацікавілася ў мужчыны памочнік пракурора раёна Э. І. Лешанок.
  — Не ведаю, — шчыра прызнаўся Яўген.     
  Зрабіць першы крок у новае жыццё яму дапамаглі члены камісіі. Мужчына згадзіўся тапіць кацельню ў магазіне гаспадарчых тавараў. А пра неабходнасць весці цвярозы і законапаслухмяны лад жыцця яму напомніла Э. І. Лешанок, якая ўручыла Яўгену афіцыйнае папярэджанне пракурора раёна А. С. Шклярэўскага.
   Мужчына абяцаў змяніць паводзіны, інакш ён рызыкуе трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый ці за краты.
  Афіцыйнае папярэджанне пракурора ў гэты дзень уручана і Уладзіміру П., які працуе жывёлаводам у сельгаспрадпрыемстве “Астроўна”. За тое, што п’е, здзяйсняе прагулы.
  Як заўважыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама У. Р. Кухто, які старшынстваваў на пасяджэнні, сёння магчымасць працаўладкавацца і весці нармальны лад жыцця мае практычна кожны з ліку тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі і імкнецца стаць на шлях выпраўлення. Асобам, якія страцілі сацыяльныя сувязі, засталіся без падтрымкі родных, па рашэнні назіральнай камісіі аказваецца дапамога ў бытавым і працоўным уладкаванні.
  Пры размове з кожным чалавекам хацелася верыць, што рана ці позна людзі адумаюцца, будуць апраўдваць аказаны ім давер…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *