Учащиеся СШ №1 г. п. Бешенковичи посетили Дудудки

2017 год - Год науки

Выхаванню патрыётаў сваёй Радзімы ў СШ №1 райцэнтра надаюць шмат увагі. Садзейнічаюць гэтаму як урокі гісторыі і вывучэнне літаратурнай спадчыны беларускага народа, так і пазакласная работа. Адным з яе накірункаў з’яўляецца арганізацыя экскурсій і знаёмстваў з краявідамі прыдзвінскага краю і краіны ў цэлым.
  Гэтай восенню адміністрацыя школы падарыла вучням цудоўную магчымасць наведаць музей старажытных народных промыслаў і тэхналогій “Дудуткі”, што знаходзіцца на маляўнічым беразе ракі  Пціч у 40 кіламетрах ад Мінска. Паездка пакінула ў дзіцячых сэрцах шмат прыемных уражанняў.
  – Музейны комплекс “Дудуткі” – адзін з самых папулярных і знакамітых музеяў Беларусі, — зазначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №1 райцэнтра В. Э. Гарбачова, — і, напэўна, адзіны ў краіне музей матэрыяльнай культуры пад адкрытым небам з дзеючымі народнымі промысламі, куды едуць госці з усяго свету, каб акунуцца ў гісторыю, карысна правесці час і цудоўна адпачыць.
  На працягу 130 гадоў маёнткам Дудуткі валодалі нашчадкі Станіслава Ельскага, які прывёз сюды з Германіі рамеснікаў, каб яны навучылі мясцовую моладзь рамёствам. А іх тут прадстаўлена багата… 
  І сапраўды, музей пад адкрытым небам, які займае плошчу ў 160 гектараў, запрашае сваіх гасцей у атмасферу беларускага шляхецкага двара, знаёміць з укладам сельскага жыцця Беларусі 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў, дапамагае зразумець сэнс народных звычаяў і сакрэты старажытных рамёстваў.
  Рэканструкцыя быту беларускай вёскі мінулага зачаравала бешанковіцкіх школьнікаў. Яны пабачылі адзіны ў Беларусі ветраны млын, наведалі музей рэтра-аўтамабіляў, у майстэрнях па  лаза- і саломапляценні пазнаёміліся з сакрэтамі гэтых рамёстваў, пабывалі ў дрэваапрацоўчай і ганчарнай майстэрнях, дзе пабачылі, як ажывае дрэва ў руках чалавека, як вырабляецца гліняны посуд. У старажытнай кузні 19-га стагоддзя дзецям паказалі, як выкаваць падкову, не пакінула школьнікаў абыякавымі і вандроўка ў конным экіпажы па музейна-этнаграфічным комплексе.
  Прыемным дапаўненнем да падарожжа па лабірынтах гісторыі нашай краіны стала наведванне сталіцы Беларусі – горада-героя Мінска. Школьнікі зрабілі прыпынак на “Востраве мужнасці і смутку”, прагуляліся па Траецкім прадмесці. Вандроўка па Мінску завяршылася агляднай экскурсіяй і наведваннем Макдональдса.
  Вучні выказваюць шчырыя словы падзякі сваім настаўнікам і адміністрацыі школы за цудоўную экскурсію.
  На здымку: ветраны млын у “Дудутках” спаўняе жаданні гасцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *