Была деревня Коренёво

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

Далягляд з пагорку, дзе размяшчаўся гэты населены пункт, – сэрцу ўцеха. Рукой падаць – возера, за ім – бор. У далёкія часы аблюбавалі гэта месца людзі і пасяліліся тут. З гадамі вырасла і разбудавалася вёска. Назву ёй далі Каранёва. Напэўна таму, што з даўніх часоў жыхары каранямі прырасталі да гэтай зямлі.У мясцовым возеры, глыбіня якога больш за дваццаць метраў, яны лавілі рыбу, у лесе збіралі грыбы і ягады. Вялікую ўвагу ўдзялялі вядзенню асабістай гаспадаркі: вырошчвалі хлеб, разводзілі хатнюю жывёлу. Да вайны, як і ўсе на Прыдзвінні, жылі каранёўцы калектыўнай гаспадаркай. Хлебаробскай справе вучыліся ў бацькоў дзеці. Аб шчаслівым жыцці марылі людзі.
     Але не суджана было збыцца светлым марам. Вялікая Айчынная вайна паклікала на абарону Радзімы  і мужчын з вёскі Каранёва. Шмат хто з іх быў на франтах, а той, хто застаўся на акупіраванай ворагам тэрыторыі, неўзабаве браў у рукі зброю, уліваўся ў рады народных мсціўцаў. У вёсцы засталіся толькі старыя і дзеці.
     У чорныя дні акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі неаднойчы хадзілі жанчыны і падлеткі з Каранёва па заданні партызан у разведку ў варожыя гарнізоны. Сувязныя з Каранёва пастаянна папярэджвалі народных мсціўцаў аб набліжэнні ворага.
     Так здарылася і ў сакавіку 1943 года. Карнікі ноччу наблізіліся да суседняга з вёскай Каранёва населенага пункта Капусціна, дзе знаходзіліся партызаны, і хацелі знянацку захапіць народных мсціўцаў, але тыя былі загадзя папярэджаны аб намеры немцаў і далі ворагу належны адпор. Карнікі вярнуліся ў Улу за падмацаваннем і зноў накіраваліся ў вёску, каб захапіць партызан.
     Не дайшоўшы да Капусціна, яны спыніліся ў вёсцы Каранёва і вырашылі сагнаць сваю злосць на мясцовых жыхарах. У начны час карнікі разбудзілі мірнае насельніцтва, не даўшы людзям апрануцца, і пагналі па глыбокім снезе ў крайнюю хату. А калі з Улы прыехаў камендант, сядзібу падпалілі. Хутка гарэла пабудова са страхой з саломы, чуліся стогны паміраючых.
     Выпусціўшы некалькі аўтаматных чэргаў у прыадчыненыя дзверы гарэўшай хаты, фашысты пакінулі вёску і накіраваліся ў свой гарнізон у Улу. Гэта дазволіла двум жыхарам – Любові Іванаўне Мароз і яе пляменніку Віктару – вырвацца з пекла.
     Сёння толькі Віктар Мікалаевіч застаўся адзіным сведкам той жудаснай трагедыі. Ён жыве ў Уле, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вось што ўспамінае В. М. Мароз аб той трагедыі:
     – Калі фашысты акружылі вёску, я хацеў схавацца ў хмызняку за агародамі. Але мяне схапілі і прыгналі разам з усімі ў хату да бабкі Марфы. Цяпер вось прыкрыю вочы і быццам бачу, як падаюць на падлогу пастраляныя людзі. Паранены быў і я. Як з агню выратавацца ўдалося? Гэтага не прыпомню. Відаць, свядомасць на нейкі час страціў…
     Падабраў мяне каля дагараючай з людзьмі хаты падлетак Аўгусцін Рабчынскі. Той уцалеў пад целам старэйшага брата Юзіка, застрэленага фашыстамі на двары свайго дома. Аўгусцін усадзіў мяне на саначкі, якія ён дзесьці знайшоў, і павёз у Капусціна. Праз некаторы час убачылі ў лесе двух коннікаў. Мы палічылі, што гэта немцы, і падрыхтаваліся да горшага. Але неўзабаве высветлілася, што гэта былі партызанскія разведчыкі. Яны адвезлі нас у партызанскі атрад у вёску Капусціна, накармілі, абагрэлі.
     Камандзір атрада сабраў мірных жыхароў вёскі, яны пайшлі ў Каранёва і пахавалі астанкі згарэўшых людзей у брацкай магіле на ўскрайку вёскі, побач з тым месцам, дзе стаяла спаленая хата.
     Аўгусцін Рабчынскі застаўся ў партызанскім атрадзе і загінуў у час блакады. Мяне параненага партызаны пераправілі за лінію фронта. Выхоўваўся я ў дзіцячым доме ў горадзе Улан-Удэ. Тут пачаў працоўную біяграфію,  стварыў сям’ю. У сямідзясятых гадах вярнуўся на радзіму, уладкаваўся на працу ў мясцовай гаспадарцы…
     Памяць. Эстафетай гістарычных падзей пераходзіць яна з пакалення ў пакаленне. Многіх сведкаў падзей ваеннага ліхалецця ўжо няма ў жывых. Але людзі памятаюць тых, хто аддаў сваё жыццё за нашу свабоду, каб мірным і блакітным было неба над нашай галавой.
     На пагорку, дзе раней знаходзілася вёска Каранёва, устаноўлена стэла, а там, дзе стаяла крайняя хата, аб жудаснай трагедыі напамінае абеліск. На ім значацца прозвішчы 31 мірнага жыхара вёскі, загінуўшага ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
    Як абвінавачванне фашызму, гучаць званы «Хатыні». Урны з зямлёй 186 «вогненных вёсак» умураваны тут у каменныя пліты, на якіх значацца назвы населеных пунктаў. Сярод іх ёсць і вёска Каранёва. У памяць аб загінуўшых гарыць вечны агонь – сімвал нязгаснага жыцця. Сюды прыязджаюць людзі з усяго свету, каб аддаць даніну павагі загінуўшым за мірнае жыццё на зямлі.
Тэкст і фота
Леаніда АКУЛЁНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *