Подзвіг у імя жыцця. Рассказ ученицы Бочейковской школы Александры Дормидошиной

Творчество наших земляков

Стаяў цёплы летні дзень. Сонца лашчыла сваімі пяшчотнымі   прамянямі ўсё, што бачыла на зямлі: дрэвы, кветкі, птушак, жывёл. Яно загледзелася на дзяцей, якія гулялі ў нейкія свае вясёлыя гульні. Позіркам, поўным здзіўлення, сонца глянула на маладую жанчыну, якую нейкі дзядзька вёз на кані ў суседнюю вёску. І адкуль сонцу было ведаць, што гэта ўрач Вольга Пятроўна, што яна спяшаецца да хворага?
     Маладая жанчына заклапочана пазірала на гадзіннік. Думкі раіліся ў яе галаве, як пчолы. А думаць было аб чым.
     Вайна пачалася раптоўна і нечакана. З боку Чашнік прыехалі немцы на матацыклах, выбілі дзверы ў магазіне, напіліся гарэлкі і паехалі далей. Потым прыляцелі фашысцкія самалёты, на ляту павырывалі крукамі нацягнуты дрот на слупах, і радыё анямела. Дні праз тры з’явілася шмат немцаў. У цэнтры вёскі яны размясцілі сваю камендатуру. Прывезлі і бургамістра – Ноймана. А яшчэ праз месяц завезлі яўрэяў у Бешанковічы і расстралялі…
     Вольга думала пра свайго мужа, пра свайго мілага, добрага Хаіма, які не змог уцячы ад варожай кулі. Як ёй цяпер жыць? Як зберагчы дачушку, якая як дзве кроплі вады падобна на бацьку? Бургамістр быў неблагі. Ён выклікаў усіх да сябе, даў работу. Вользе сказаў працягваць сваю працу ў ролі ўрача, бо жыхарам патрэбна дапамога.
     Вольга баялася пакідаць дзяўчынку дома адну, хоць той было 7 гадоў. Яна брала Сонечку з сабой. Калі прымала хворых, давала ёй алоўкі, паперу, і дачка малявала. Але вось сёння Вольгу выклікалі ў дальнюю вёску, і яна пакінула Сонечку на сваю суседку, у якой было сваіх чацвёра дзяцей. Хутка справіўшыся, урач спяшалася дадому. Сонца свяціла так жа ярка, цяплу і святлу радаваліся стракозы і матылі. Але на сэрцы было неспакойна.
     Калі Вольга прыехала ў вёску, то ўбачыла, што да яе бяжыць суседка і махае рукамі. Яна нешта крычала, плакала і паказвала рукою ў бок Лепеля. Вольга саскочыла з калёс, падбегла да жанчыны і спытала дрыготкім голасам:
     – Што здарылася? Што з Соняй?
     – З усіх вёсак сагналі застаўшыхся яўрэяў і павезлі на расстрэл у Камена. Тваю Сонечку таксама схапілі, – вінаватым голасам сказала яна.
     – А божачкі! А што ж рабіць?
     – Бяжым да бургамістра. Толькі ён можа дапамагчы.
     Жанчыны прыбеглі ў камендатуру. Бургамістр быў на месцы. Вольга ўпала перад ім на калені, але слёзы душылі яе, не давалі гаварыць. У некалькіх словах суседка расказала, што здарылася. Нойман усё зразумеў. Ён напісаў запіску і сказаў хутчэй ехаць у Камена. Жанчыны падхапіліся і панясліся. Конь яшчэ не быў распрэжаны. Разамлелы ад сонца,  ён чакаў, што яго распрагуць, напояць і накормяць. Вольга падбегла да калёс, села, узяла лейцы.
     – Пачакай! – закрычала суседка. – Я сыну скажу, каб адвёз цябе.
     Пятнаццацігадовага Толіка прасіць не трэба было, ён быў сведкам усяго, што адбылося.
     Дарога да Камена, а гэта 15 кіламетраў, здалася самай доўгай за ўсё жыццё, хаця Толік гнаў каня што ёсць сілы.
     …Здалёк Вольга ўбачыла фашыстаў, якія  ўжо ад’язджалі, зрабіўшы сваю чорную справу. Яна спынілася, падышла да рова, засыпанага свежай зямлёй.  Там была яе Сонечка!
     Яна асела на зямлю. Толік падбег да цёткі Вольгі, абняў яе, быццам закрываючы ад нейкага нябачнага ворага, і ціха сказаў:
     – Мы адпомсцім.
     …Дадому вярнуліся пад вечар. Вольга пасівела за некалькі гадзін. У яе вачах свяціўся нездаровы агонь. Было бачна, што яна нешта задумвае. Тыдзень жанчына маўчала, выношваючы план помсты.
     І вось гэты дзень настаў. Вольга пайшла ў партызаны. Дарогу да Ушач яна ведала добра. Ішла балотам, ляснымі сцяжынкамі. У кішэні несла гранату, якую ёй даў Толік. Дзе ён яе ўзяў, не пыталася. Толік таксама хацеў з ёй пайсці, але Вольга сказала, што ён яшчэ малы.
     …Партызаны абрадаваліся ўрачу, бо трэба было лячыць хворых і параненых. Аб тым, каб Вольга ўдзельнічала ў баях, нават слухаць не хацелі. Але яна чакала зручнага моманту, і такі момант настаў. У адну з начэй партызаны атакавалі гарнізон у вёсцы. Поўная рашучасці, Вольга пайшла следам. Але застрачыў нямецкі кулямёт, і партызаны адступілі. Тады Вольга непрыкметна падпаўзла да крайняй хаты, адкуль чуліся стрэлы, і са словамі: «Гэта вам за мужа майго, за маю дачушку!» кінула гранату.
     Выбух быў моцны. Але Вольга ўжо яго не чула. Яна не бачыла, што партызаны зноў пайшлі ў атаку, што яны знішчылі шмат ворагаў, забралі ўсю зброю. Яна цяпер была на небе разам са сваім мілым Хаімам і любай дачушкай Сонечкай.
     Яна не дажыла, не даспявала, не дакахала… У імя жыцця…
Аляксандра Дармідошына,
вучаніца Бачэйкаўскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *