Гарачыя баі ішлі на тэрыторыі Бешенковіцкага раёну ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Слава Придвинья

У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вёска Гняздзілава ўпамінаецца двойчы.


Цяжкія баі вялі часці Чырвонай Арміі на берагах рэчкі Чарнагосніца паблізу вёскі Гняздзілава нашага раёна, стрымліваючы наступаючага ворага летам 1941 года. У гэтых баях вызначыўся асабовы склад 14-й танкавай дывізіі. У баях на тэрыторыі Соржыцкага сельсавета прымаў удзел і сын Сталіна – старшы лейтэнант, камандзір батарэі Якаў Іосіфавіч Джугашвілі. У данясенні камандавання яго прозвішча значыцца ў ліку вызначыўшыхся.


Гарачым быў гэты месяц не толькі ад спякотнага сонца. У ліпені 1941 года адступаючыя часці Чырвонай Арміі вялі ўпартыя баі супраць пераўзыходзячых па колькасці нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Адзін з такіх баёў быў і на тэрыторыі нашага раёна. Як сцвярджаюць гісторыкі, гэта быў першы з пачатку Вялікай Айчыннай вайны бой, у якім удзельнічала з двух бакоў такая вялікая колькасць танкаў. Аб яго напружанні сведчаць наступныя архіўныя матэрыялы.


У ноч з 4 на 5 ліпеня 1941 года быў атрыманы баявы загад «Штокор-7», згодна з якім 14-я танкавая дывізія павінна была выйсці на рубеж паўднёвей Віцебска, спыніць і знішчыць наступаючыя ў накірунку горада танкі праціўніка ў раёне рэчкі Чарнагосніца Бешанковіцкага раёна.


Пад агнём варожай авіяцыі дывізія двума калонамі выйшла на вызначаны рубеж. Правёўшы разведку боем, наша камандаванне ўстанавіла, што па заходнім беразе праціўнік падрыхтаваў моцную супрацьтанкавую абарону. Пераадолець яе без папярэдняй падрыхтоўкі будзе складана. Крутыя берагі, балоцістае русла, мінныя ўчасткі ўскладнялі выкананне пастаўленай задачы.


Усю ноч ішла разведка, размініраванне, а раніцай 7 ліпеня нашы танкісты пачалі разведку боем з мэтай захопу супрацьлеглага берага. Пры падтрымцы артылерыі і пяхоты каля 20 нашых танкаў уступілі ў бой. Аднак праціўнік артылерыйскім і супрацьтанкавым агнём стрымаў гэта наступленне і нанёс нашым войскам страты ў колькасці 9 танкаў.


У ходзе гэтага боя загінуў Герой Савецкага Саюза капітан Г. Ф. Хараборкін.


Для далейшага наступлення ноччу былі адрамантаваны разбураныя артылерыйскім агнём ворага пераправы. Каля іх сканцэнтравалася вялікая колькасць нашых танкаў, гатовых да прарыву лініі абароны ворага. Яны сталі добрай мішэнню для артылерыі немцаў.


У гэты час на артылерыйскія пазіцыі нашых войск і рэзерв камандавання, які знаходзіўся на ўсходнім беразе, наляцелі пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі ворага. Яны паслядоўна бамбілі танкі і пяхоту мотастралковага палка, наносячы значныя страты.


І ўсё ж, нягледзячы на супраціўленне ворага, танкі 27-га і 28-га танкавых палкоў здолелі прарваць абарону ворага і пранікнуць углыб захопленай ім тэрыторыі на 3-5 кіламетраў. Аднак моцны артылерыйскі агонь ворага, контратакі з флангаў, падтрымка авіяцыі адкінулі іх на зыходныя пазіцыі.


У гэтым баі ўдзельнічала 126 нашых танкаў, з якіх 11 – цяжкіх, 24 – «Т-34». У ходзе бою каля 50 працэнтаў гэтай тэхнікі было страчана, загінулі і паранены каля 200 нашых воінаў.


У балоцістай мясцовасці, каля рэчкі, завязла 17 нашых танкаў, 9 з якіх удалося пад агнём праціўніка эвакуіраваць. Астатнія былі разбіты артылерыяй ворага.


Фашысты ў баі не далічыліся больш за 40 танкаў, 4 самалётаў, каля 50 гармат розных калібраў, вялікай колькасці жывой сілы.


У час наступальнай аперацыі «Баграціён» вёска Гняздзілава ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, як месца сустрэчы ў ноч на 25 чэрвеня 1944 года войск 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерал-лейтэнанта А. П. Белабародава і 39-й арміі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-лейтэнанта І. І. Люднікава. Тут завяршылася акружэнне фашысцкіх войск і ўтварэнне «віцебскага катла». У акружэнні аказаліся 5 дывізій гітлераўцаў. Паранены фашысцкі звер адчайна супраціўляўся. Вораг рабіў некалькі спроб вырвацца з акружэння. На працягу 25 і 26 чэрвеня фашысты зрабілі дзясяткі атак на пазіцыі нашых войскаў. Але нашы воіны стрымалі наступальны парыў ворага. На чацвёрты дзень акружэння гітлераўцы капітуліравалі.


Развіваючы паспяховае наступленне, нашы войскі з баямі рухаліся на захад і авалодалі Бешанковічамі і шэрагам іншых населеных пунктаў, у тым ліку і Улай.


Аддаючы даніну павагі нязгаснай славе салдат Вялікай Айчыннай вайны, мужнасці і гераізму вызваліцеляў Прыдзвіння, у Бешанковічах узвышаецца Курган Славы, помнікамі і абеліскамі на брацкіх могілках увекавечана памяць аб іх. Яна заўсёды будзе жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў.


Леанід АКУЛЁНАК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *