Оценка комплексным учениям дана положительная

Общество

З 24 лютага па 4 сакавіка на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна праводзіліся комплексныя вучэнні. Мэтай такога мерапрыемства стала павышэнне ўзроўню абароненасці насельніцтва, гатоўнасці аварыйна-аднаўленчых сіл, навучанне больш эфектыўным метадам ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Такім чынам, сіламі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях была праверана гатоўнасць органаў кіравання і раённых арганізацый да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі стыхійнага і тэхнагеннага характару, па выніках якога была дадзена адпаведная ацэнка.


На адкрыццё комплексных вучэнняў, якое адбылося 2 сакавіка, прыбыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь палкоўнік унутранай службы А. Р. Клабук. Аляксандр Рыгоравіч на прыкладзе зладжанай работы ўсіх службаў пры ліквідацыі наступстваў студзеньскіх цыклонаў, якія разбушаваліся ў гэтым годзе на тэрыторыі вобласці, звярнуў увагу на неабходнасць аператыўнага вырашэння пытанняў па бяспецы жыццядзейнасці насельніцтва.


Комплексныя вучэнні ўтрымлівалі ў сабе шэраг уводных. Напрыклад, 3 сакавіка ў райцэнтры праходзіў другі дзень комплексных вучэнняў, у ходзе якіх на мясцовым узроўні адпрацоўваліся пытанні ўзаемадзеяння зацікаўленых бакоў і праводзіліся практычныя мерапрыемствы па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Ён пачаўся з адпрацоўкі дзеянняў па ліквідацыі ўмоўнага пажару ў адміністрацыйным будынку УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» з практычнымі дзеяннямі па эвакуацыі.


Не менш відовішчна развіваліся падзеі ў ПМК-41 на базе раствора-бетоннага вузла, дзе ўмоўна адбыўся выбух з наступным абвальваннем будынка і разгерметызацыяй датчыка радыяцыйнага выпраменьвання. Для вырашэння пастаўленых задач былі прыцягнуты ўсе неабходныя аварыйна-дзяжурныя службы раёна і спецтэхніка. Для ўдзелу ў ліквідацыі ўмоўных наступстваў НС з абласнога цэнтра аператыўна прыбыў пажарны аварыйна-выратавальны атрад «Віцязь», у складзе якога медыцынская і пажарна-выратавальная службы, а таксама служба хімічнай і радыяцыйнай абароны. Для пошуку пацярпелых пад заваламі было задзейнічана кіналагічнае аддзяленне пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада. Яго работнікамі быў разгорнуты медыцынскі модуль сарціроўкі пацярпелых. Вынятыя з-пад завалаў пацярпелыя былі шпіталізаваны ў райбальніцу. Зона надзвычайнай сітуацыі была адразу ж ачэплена супрацоўнікамі РАУС, экіпажамі дзяржаўтаінспекцыі арганізаваны дарожны рух у аб’езд зоны здарэння. У штабе ліквідацыі ўмоўнай надзвычайнай сітуацыі разгорнуты перасовачны пункт кіравання. Для фарміраванняў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў НС, Бешанковіцскім райпа было забяспечана гарачае харчаванне. Правядзеннем работ па ліквідацыі наступстваў НС кіравала спецыяльна створаная пры райвыканкаме камісія па надзвычайных сітуацыях.


У другой палове дня раён «ускалыхнула» новае ўмоўнае здарэнне. На гэты раз на сельскагаспадарчай ферме ДП «ПалітаддзелецАгра» ў выніку невядомага захворвання адбыўся мор сотні галоў буйной рагатай жывёлы. На месца здарэння аператыўна прыбылі адпаведныя раённыя арганізацыі – Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і ветэрынарная станцыя. У самыя кароткія тэрміны быў праведзены адбор адпаведных проб для правядзення аналізу і выпрацоўкі далейшых дзеянняў. Зона здарэння была ачэплена праваахоўнікамі, праведзена пахаванне загінуўшых жывёл, на тэрыторыі фермы ўсталяваны дэзбар’ер.


Як пазней паведаміў рэдакцыі інжынер па дзяржаўнай сістэме папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароне А. А. Кузьмініч, па выніках вучэнняў у цэлым усе арганізацыі з пастаўленымі задачамі справіліся, выстаўлена станоўчая адзнака. Ёсць, вядома, пэўныя агрэхі, але падобныя вучэнні і праводзяцца для таго, каб умець іх своечасова заўважаць і ліквідаваць.


Акрамя таго, з 1 сакавіка ў Бешанковіцкім раёне стартавала прафілактычная акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прысвечаная Сусветнаму дню грамадзянскай абароны.


– Праблема абароны насельніцтва ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі заслугоўвае асаблівай увагі, – падкрэсліў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Бешанковіцкага РАНС А. І. Берасцень. – Надзвычайная сітуацыя – гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Больш за іншых у такіх абставінах небяспецы падвержаны дзеці: недахоп ведаў і практычных навыкаў часам прыводзіць да сумных наступстваў.


З мэтай фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзення адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем у галіне абароны ад НС прыроднага і тэхнагеннага характару і была праведзена дадзеная акцыя. Работнікі РАНС наведалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і РАУС. Не абышлі ўвагай і ўстановы адукацыі. Выратавальнікі пабывалі ў СШ №1 і №2 райцэнтра, гімназіі-інтэрнаце, дзе былі праведзены адпрацоўкі планаў эвакуацыі і прадэманстраваны відэафільм «Дзеянні па сігнале «Увага ўсім!».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *