На Бешенковиччине прошёл экофестиваль Рэха Чарнобыля

Событие

Штогод чалавецтва з горыччу і болем успамінае катастрофу, што здарылася на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС уначы 26 красавіка 1986 года. Жахлівая трагедыя раптоўна перавярнула жыццё мільёнаў людзей і стала праблемай усяго свету. Тым не менш, для кагосьці яна ўжо забытая, хтосьці «краем вуха» чуў пра яе ад бацькоў ці знаёмых, а хтосьці наогул не ведае нічога. Тыя ж людзі, што па волі лёсу сталі сведкамі жудасных падзей, ніколі не змогуць нічога забыць, нават калі б захацелі. З той пары пачаўся адлік зусім іншага жыцця…


Прайшло 30 гадоў, словы «ліквідатар», «рэактар», «радыёнукліды», «прамянёвая хвароба» сённяшнім дзецям трэба тлумачыць, каб яны, прадстаўнікі новага пакалення, ведалі імёны герояў, што ахвяравалі ўласнымі жыццямі, спыняючы наступствы катастрофы, адказна і беражліва ставіліся да прыроды, неабыякава адносіліся да экалагічных праблем і заўсёды былі мужнымі.


Напярэдадні гэтай сумнай даты ХХ стагоддзя ў экалагічным аддзеле раённага Цэнтра дзяцей і моладзі сабраліся дзеці і дарослыя. Тут, ва ўтульнай зале, адбыўся раённы этап экафестывалю «Рэха Чарнобыля». У конкурсе прымалі ўдзел агітбрыгады, экалагічныя, фларыстычныя тэатры і тэатры моды. Удзельнікі хваляваліся, але стараліся, як маглі. Кожнае выступленне мела сваю разыначку. Паказаць акцёрскае майстэрства не так і лёгка, але вучні стараліся: і вершы чыталі, і спявалі, нават на гітары ігралі, а яшчэ паказвалі ўрыўкі з казак, дэманстравалі калекцыі касцюмаў з другаснай сыравіны.


У выніку сярод агітбрыгад першынство атрымалі «Юныя эколагі» – вучні Ульскай сярэдняй школы, другое – агітбрыгада гімназістаў «Патрыёт», трэцяе – у «Вясёлкі» з сярэдняй школы №1 райцэнтра. Пераможца ў намінацыі «Тэатр моды» – «Казачная элегія» Ржаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы. Другое і трэцяе месцы – адпаведна ў тэатраў моды «Натхненне» (Астровенская дзіцячы сад-сярэдняя школа) і «Фэнтэзі» (сярэдняя школа №2 райцэнтра).


…Наперадзе – цэлае жыццё, і толькі ад нас залежыць, пройдзе яно ў суладдзі з прыродай ці не. Мы, жыхары планеты Зямля, у адказе за яе дабрабыт, за ўсё, што з ёй адбываецца. Час ідзе, змяняюцца цывілізацыі, жыве толькі памяць людская і праз стагоддзі падзеі дзён мінулых становяцца гісторыяй. У народзе кажуць: ад мінулага не схавацца. Чарнобыль – непапраўная памылка, урок для ўсяго чалавецтва, жорсткі і несправядлівы, засвоены навек. Праўду кажуць, што вучацца на памылках, асабліва, калі тыя каштуюць тысячы жыццяў. Трагедыю Чарнобыля яшчэ і цяпер успомніць страшна, але ж і забыцца таксама нельга.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *