Выездное заседание райисполкома состоялось на Бешенковиччине

В райисполкоме

Пасяўная без надзвычайных сітуацый. На гэта ў ходзе чарговага раённага семінара нацэлілі агранамічную службу, кіраўнікоў гаспадарак і прамысловых прадпрыемстваў, якія замацаваны за сельгасарганізацыямі для аказання шэфскай дапамогі. Сустрэча адбылася ў аўторак на полі недалёка ад аграгарадка Вярхоўе на землях УП «Свіціна-ВМК».


Адкрыў выязное пасяджэнне старшыня райвыканкама Л. К. Пянькоўскі:


– Я шмат гадоў займаюся пытаннямі развіцця сельскай гаспадаркі, але такога года, як гэты, я не ўзгадаю, каб рэзка і хутка падышлі палі і можна было весці адразу ўвесь комплекс работ – падкормку, унясенне арганікі, узворванне, чызеляванне, сяўбу, – адзначыў Леанід Канстанцінавіч. – Нездарма кажуць, што вясновы дзень – год корміць, таму марудзіць нельга: дарагі кожны дзень і кожная гадзіна. Трэба зладжана, без аўралаў арганізаваць працу ў полі з 6 да 21 гадзіны.


Сапраўды, надвор’е гэтай вясной радуе аграрыяў. Аб’ём работ ім трэба будзе выканаць вялікі. Напрыклад, неабходна падкарміць 9176 га азімых збожжавых і больш за 10,5 тысячы га сенажацяў і паш. Пастаўлена задача правесці падкормку азімых у поўным аб’ёме за 7-10 дзён. Яравы клін у гэтым годзе складзе больш за 15,5 тысячы га, тут таксама патрэбна паваротлівасць, бо вільгаць хутка сыходзіць з зямлі. Кожнай гаспадарцы даведзена дзённае заданне па сяўбе яравых збожжавых і зернебабовых.


Каб сабраць багаты ўраджай, трэба задзейнічаць усе рэсурсы і эфектыўна арганізаваць увесь комплекс работ. За гэтым будуць сачыць створаныя ў раёне дзве тэхналагічныя групы. На пытаннях падкормкі палеткаў КАСам і карбамідам спыніўся намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. А. Булаўкін. Ва УП «Свіціна-ВМК» паказалі тэхналогію падкормкі азімых культур, паш і сенажацяў з дапамогай самаходнага апырсквальніка «Раса» і раскідвальніка мінеральных угнаенняў РДУ-1,5.


Затым аграрыі, запрошаныя на семінар кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў і замацаваныя ў гаспадарках адказныя асобы, прадстаўнікі кантралюючых органаў пераехалі на поле ля вёскі Пугачкі, дзе гаворка ішла аб арганізацыі сяўбы яравых культур і быў паказаны на практыцы ўвесь тэхналагічны працэс – ад падбору камянёў, культывацыі і чызелявання да ўнясення ўгнаенняў і сяўбы.


Даручана стварыць рамонтныя брыгады ў майстэрнях гаспадарак з падоўжаным рэжымам работы, каб аператыўна вырашаць пытанні з паломкамі тэхнікі і не дапускаць вялікіх прастояў, на жорсткі кантроль варта ўзяць выкарыстанне ГЗМ і забяспечыць пры неабходнасці дазапраўку прама на палях.


Начальнік РАУС А. Р. Новік звярнуў увагу прысутных як на захаванасць і эканомію паліва, папярэджанне крадзяжоў, так і арганізацыю стаянак тэхнікі пад пільным вокам вартавой аховы, а ні ў якім разе не каля дома механізатараў. Начальнік РАНС В. В. Галец яшчэ раз нагадаў асновы пажарнай бяспекі пры правядзенні палявых работ, а таксама зрабіў акцэнт на такім стыхійным бедстве, як вясновыя палы сухой травы, бо агонь бязлітасны і часта забірае жыцці людзей.


Як падкрэсліў у заключэнне сустрэчы Л. К. Пянькоўскі, улада падставіла аграрыям плячо ў ходзе падрыхтоўкі да сяўбы і гатовая ў далейшым аказваць падтрымку, але і працаўнікі вёскі павінны з гонарам выканаць пастаўленыя перад імі задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі рэгіёна – не толькі ў тэрмін і якасна правесці пасяўную кампанію, але і не дапусціць ніякіх надзвычайных сітуацый.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *