На Бешенковиччине отмечают День печати

В трудовых коллективах

Газета – з’ява грамадская. Яна з’яўляецца носьбітам інфармацыі, яе распаўсюджвальнікам, стварае грамадскую свядомасць, выхоўвае густ чытача і яго погляды на многія з’явы сучаснасці. Вось таму на працягу ўжо доўгага часу газета – гэта неад’емны атрыбут любога грамадства.


Першы нумар Бешанковіцкай раённай газеты пад назвай «Сталінец» убачыў свет 12 жніўня 1932 года. Сёння мы не можам ведаць, пра што марылі тыя людзі, якія стаялі ля вытокаў яе стварэння. Але я ўпэўнена: яны спадзяваліся на яе доўгае і шчаслівае жыццё. І трэба сказаць, гэтыя надзеі апраўдаліся. Газета прыходзіла да чытачоў у далёкія 30-я гады, выходзіла на акупаванай ворагам тэрыторыі, у цяжкі пасляваенны і вельмі няпросты час перабудоў.


«Сталінец», «За Радзіму», «Зара»… Змяняліся назвы, а задача ў раённага выдання заставалася ранейшай – услаўляць лепшых праўнікоў роднай зямлі, расказваць пра значныя і не вельмі падзеі, пра ўсё цікавае і адметнае наўкол нас. Адным словам, пісаць летапіс жыцця Бешанковіччыны, расказваючы аб жыцці роднага краю тысячам сваіх чытачоў, умацоўваючы ў іх сэрцах любоў да малой радзімы.


Першым рэдактарам Бешанковіцкай раёнкі быў зацверджаны Якаў Шылянкоў. Першы нумар выйшаў тыражом каля тысячы экзэмпляраў. Раённае выданне ў розныя гады рэдагавалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Абрам Вульфавіч Глікман, Сяргей Несцеравіч Карась, Іван Сямёнавіч Конаш, Барыс Іванавіч Сувораў, Уладзімір Арцёмавіч Ганковіч. У часы ваеннага ліхалецця наладжвалі выхад газеты ў падполлі Анісся Фамінічна Мацулевіч і Ганна Піліпаўна Шалахава, загадчыкам аддзела рэдакцыі працаваў Рыгор Міхайлавіч Глікман, карэктарам – Віктар Піліпавіч Семяніда.


Летапісам Бешанковіччыны «Зару» амаль восем з паловай дзесяцігоддзяў рабілі розныя людзі, імёны не ўсіх іх захавала гісторыя, але тыя, што ёсць, сваёй адданасцю журналісцкай і друкарскай працы заслужылі таго, каб іх назвалі нашчадкі.


Свой след у гісторыі выдання пакінулі былыя рэдактары Станіслаў Мікалаевіч Саўрыцкі, Фёдар Нічыпаравіч Шаірка, Дзмітрый Сямёнавіч Тарасевіч, Міхаіл Раманавіч Сямёнаў, Мікалай Ігнатавіч Спаткай, Міхаіл Несцеравіч Прыгожы, Рыгор Дзмітрыевіч Галкоўскі, Ларыса Іванаўна Паўлоўская. А таксама тыя, хто працаваў побач з імі: Дар’я Лукашонак, Дзіяна Сямчук, Тамара Есіпенка, Ганна Арцюшкевіч, Леанід Ткачонак, Іван Лазука, Валянціна Унуковіч, Еўдакія Саўчанка, Вольга Конаш, Лізавета Калмык, Людміла Шыпуля, Марыя Прыгожая, Міхаіл Галкоўскі, Аксана Аксюта, Наталля Мамойка, Раіса Сідарава, Ганна Аленікава, Вера Судак, Любоў Карбоўская, Фёдар Сялява, Антаніна Воранава, Алімпіяда Любачка, Канстанцін Хруцкі, Барыс Беляжэнка, Сяргей Рублеўскі.


Асабіста мне пашчасціла працаваць разам і пераймаць вопыт у нашых ветэранаў-журналістаў: Тамары Паўлаўны Семчанкі, Эдуарда Мікалаевіча Землянога, Леаніда Мікалаевіча Акулёнка, Анатоля Вячаслававіча Крачкоўскага. Іх мудрыя і слушныя парады, бацькоўскі клопат пра любімую раёнку, ці газету нашага жыцця, як ласкава называе «Зару» старэйшае пакаленне бешанковіцкіх журналістаў, сёння нам вельмі дапамагаюць у рабоце.


З красавіка 2013 года раённую газету ўзначаліла Святлана Аляксандраўна Варошка. Зараз яна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём, а тым часам выконваць абавязкі галоўнага рэдактара даручана мне. За апошнія тры гады цалкам змяніўся і калектыў творчых супрацоўнікаў раёнкі, сярэдні ўзрост мясцовых журналістаў сёння складае 28 гадоў, ды і ўвогуле калектыў рэдакцыі «Зары» малады – сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складае 34 гады.


На змену ветэранам друку прыйшла моладзь, якая набіраецца ведаў, спасцігае хітрасці прафесіі, імкнецца захаваць лепшыя традыцыі, унесці ў газету нешта новае. Адным словам, мы робім усё магчымае, каб адпавядаць патрабаванням, якія ўскладаюцца ўрадам на дзяржаўныя сродкі інфармацыі, не страціць імідж раённай газеты, яе папулярнасць сярод чытачоў.


Трэці год сваю творчую біяграфію на старонках «Зары» піша загадчык аддзела па асноўных накірунках Кацярына Уладзіміраўна Субач. Летась карэспадэнтамі раёнкі пачалі працаваць Кацярына Аляксандраўна Петухова і Марыя Мікалаеўна Петухова. За знешні выгляд газеты, яе дызайн і вёрстку адказваюць, напэўна, нашы самыя вопытныя члены калектыву – старшыя аператары электроннага набору і вёрсткі Вольга Сяргееўна Вілюга і Наталля Іванаўна Іўчанка, якія працуюць у «Зары» ужо больш за 20 гадоў.


Рэдагуе газету Ларыса Віктараўна Давыдзенка, выконваць рэдакцыйныя заданні, знаёміцца з цікавымі жыхарамі вёсак раёна было б немагчыма без вадзіцеля Сяргея Уладзіміравіча Гаралевіча, за фінансы рэдакцыі адказвае галоўны бухгалтар Святлана Віктараўна Трубецкая, за ўтульнасцю і чысціней у памяшканнях сочыць кур’ер-прыбіральшчыца Дзіяна Дзмітрыеўна Талсташова. Разам з аператарам электроннага набору Вольгай Васільеўнай Аскерай у друкарні працуе друкар трафарэтнага друку Раіса Аляксанраўна Перапіліцына. Кожны нумар «Зары» – гэта вынік сумеснай працы такога вось невялікага калектыву, што складаецца ўсяго з 12 чалавек.


У нас у рэдакцыі захоўваюцца падшыўкі газеты з 1950-х гадоў. Часам мы перагортваем гэтыя пажоўклыя ад часу старонкі, узіраемся ў асобы, чытаем публікацыі. Колькі цікавага, новага кожны раз адкрываеш для сябе! І гэта не дзіўна, бо журналісты ва ўсе часы імкнуліся быць у цэнтры падзей, якія адбываюцца ў раёне. Мы і цяпер заўсёды разам з вамі: у вытворчых памяшканнях, на палях і фермах, на будаўнічых пляцоўках, у школах і канцэртных залах…


Нават святочныя дні для нас часцей за ўсё рабочыя. Але мы заўсёды рады, калі знаходзіцца новая тэма, сустракаецца цікавы чалавек. Рады, калі наладжваюцца добрыя адносіны з працоўнымі калектывамі, кіраўнікамі. Мы вельмі ўдзячныя за супрацоўніцтва і падтрымку нашым заснавальнікам – раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, кіраўнікам упраўленняў і аддзелаў райвыканкама. Даўнія сяброўскія сувязі ў калектыву нашай газеты з многімі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна. І мы вельмі рады гэтаму і гаворым усім вам сёння «дзякуй!» за вернасць і дружбу. Асобна хочацца падзякаваць нашым дарагім падпісчыкам, пазаштатным карэспандэнтам, якія з’яўляюцца надзейнай апорай у рабоце, паштальёнам, якія ў любое надвор’е дастаўляюць «Зару» адрасатам.


Дарагія землякі! Мы працуем для вас, і калі наша праца запатрабавана – гэта самая высокая ацэнка. Дзякуй вам, што з месяца ў месяц, з году ў год сярод вялікай колькасці падпісных выданняў вы выбіраеце «Зару», зычу вам здароўя, шчасця і ўдачы. Напярэдадні прафесійнага свята хочацца пажадаць, каб вы, паважаныя супрацоўнікі «Зары», не пераставалі адчуваць вялікую адказнасць перад грамадствам, каб вашы намаганні і талент заўсёды служылі духоўна-маральнаму ўзбагачэнню людзей, плённай і стваральнай працы, вострага пяра, даверу тых, хто чытае вашы артыкулы, натхнення, пастаяннага творчага пошуку, новых ідэй і задум! Шаноўныя ветэраны друку, пазаштатныя аўтары, няхай у вашым жыцці здараюцца знамянальныя падзеі, няхай будзе поўная чаша ў вашых дамах, мудрасці, дабрыні, міру і згоды.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *