Путь к успеху юных придвинцев

Мы -- молодые

Ушанаванне таленавітай моладзі прайшло не так даўно ў раённым Цэнтры культуры. Там віталі школьнікаў – прызёраў і пераможцаў прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў розных узроўняў і спартыўных спаборніцтваў, іх педагогаў, бацькоў. Ва ўрачыстай цёплай абстаноўцы да прысутных звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С. Л. Салоха.


Святлана Леанідаўна адзначыла, што вельмі прыемна пачынаць падвядзенне вынікаў навучальнага года з віншавання пераможцаў, і яна спадзяецца, што атрыманыя веды і навыкі абавязкова дапамогуць дзецям у іх дарослым жыцці. Выказала падзяку вучням, настаўнікам, бацькам за вялікія дасягненні, якія складаюць гонар не толькі сям’і, але і ўсяго раёна. Падкрэсліла, што таленавітыя школьнікі – апора будучыні, залаты фонд Бешанковіччыны.


Адметна, што ў нашым рэгіёне алімпіядны рух набывае ўсё большы размах. У гэтым навучальным годзе па выніках раённых алімпіяд і конкурсаў пераможцамі і прызёрамі сталі 168 прыдзвінскіх дзяўчат і хлопцаў. Усе яны сапраўдныя разумнікі і разумніцы, якія ведаюць, як трэба працаваць, каб дабіцца бліскучых вынікаў. Напрыклад, перамогу святкавалі 42 гімназісты. У СШ №1 г. п. Бешанковічы 11 юнакоў і дзяўчат атрымалі дыпломы па розных прадметах. 17 вучняў з СШ №2 райцэнтра былі лепшымі па розных вучэбных дысцыплінах. Трое навучэнцаў Бачэйкаўскай сярэдняй школы сталі дыпламантамі раённых алімпіяд, у Ульскай сярэдняй школе і Астровенскай дзіцячым садку-сярэдняй школе – па аднаму пераможцу. Таксама ў гэты дзень ушаноўвалі прызёраў абласных дыстанцыйных алімпіяд і інтэрнэт-турніраў. Такіх хлопчыкаў і дзяўчынак у нашым раёне 16. Гэта навучэнцы гімназіі, СШ №1 і СШ №2 гарпасёлка, Бачэйкаўскай і Ульскай сярэдніх школ. Гэтыя школьнікі дасягнулі высокіх вынікаў не толькі ў вывучэнні розных навук, але і ў веданні камп’ютарных тэхналогій і ўменні карыстацца імі. Ад усёй душы віншуем гэтых навучэнцаў і іх настаўнікаў з перамогай і жадаем ім поспехаў і новых вялікіх здзяйсненняў!


Парад пераможцаў адкрылі школьнікі, якія падняліся на прыступку вышэй і сталі прызёрамі абласных прадметных алімпіяд. Так, на сцэну запрасілі Дзмітрыя Голубева, навучэнца 10-га класа гімназіі, разам са сваім настаўнікам хіміі С. Я. Баранок, якая і дапамагла юнаку зрабіць яшчэ адзін крок на шляху да поспеху. Разам са сваім педагогам Дзіма выдатна папрацаваў і ў выніку быў удастоены дыплома ІІ ступені на абласной алімпіядзе па хіміі. Таксама ўшаноўвалі вучняў 10-га класа СШ №2 г. п. Бешанковічы Віталя Пагарэльскага і Рыгора Пятроўскага. Хлопцы атрымалі дыпломы ІІІ ступені ў 3-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. А дапамог ім дасягнуць такіх высокіх ўзнагарод настаўнік працоўнага навучання гэтай школы А. А. Пятроўскі. Важна адзначыць, што Віталь і Рыгор – таленавітыя і захопленыя. Разам са сваім настаўнікам яны не ў першы раз дасягаюць высокіх вынікаў.


Любую справу, перш чым прыступіць да яе ажыццяўлення, неабходна добра спланаваць, спраектаваць. Пагадзіцеся, у цяперашні час праекты трывала ўвайшлі ў школьнае жыццё. Юнакі і дзяўчаты пішуць іх у розных сферах навукі, эканомікі краіны, каб дапамагчы дарослым берагчы і прымнажаць яе багацці і атрымліваюць за гэта высокія ўзнагароды. Напрыклад, на цырымоніі ўзнагароджання віншаванні прымалі Мікіта Яначкін (навучэнец Вярхоўскай БШ), які стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці «Энергія і асяроддзе пражывання», і яго педагог А. П. Кавалеўская. Шмат добрых слоў прагучала і ў адрас Аляксандра Аўчыннікава, Уладзіслава Пагарэльскага (ДУА «Бешанковіцкая гімназія-інтэрнат») і іх настаўніка фізікі У. У. Гаськова. На абласным этапе конкурсу праектаў па эканоміцы і беражлівасці «Энергамарафон» хлопцы адзначаны дыпломамі ІІІ ступені.


Пад апладысменты на сцэну запрасілі хлопчыкаў і дзяўчынак, чые работы здзіўляюць палётам фантазіі і сваёй незвычайнай прыгажосцю – гэта пераможцы абласных творчых конкурсаў. Сярод іх навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Флорадызайн» ДУДА «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі» Вераніка Зянькова, Таццяна Ярмак, Ксенія Бурнэйка, Дар’я Яцук і іх таленавіты педагог Л. А. Сёмак. Дзяўчаты сталі ўладальніцамі дыплома ІІ ступені абласнога конкурсу фітадызайну «Лёд. Кветкі. Фантазія». Ушаноўвалі і навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах «Чароўны клубок» РЦДіМ Насцю Вашук, Дзіяну Сарокіну, Марыю Пішчэйка і іх дзіўна творчага педагога Т. Г. Акуневіч. Гэтыя дзяўчаты занялі першае месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка». Кацярыну Аўчыннікаву (аб’яднанне па інтарэсах «Кераміка» РЦДіМ) запрасілі на сцэну разам са сваім настаўнікам, майстрам сваёй справы Ю. В. Фіешка. Дзяўчына адзначана дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка». Віншавалі і навучэнку аб’яднання па інтарэсах «Атэлье юных модніц» РЦДіМ Дар’ю Пятроўскую, якая стала ўладальніцай дыплома ІІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Калядная зорка» і яе педагога, мадэльера-дызайнера адзення М. Ю. Інчыну. Падняліся на сцэну ва ўрачыстай абстаноўцы Дар’я Іванова і Іван Корпусь, навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Акварыўмістыка» РЦДіМ разам са сваім педагогам, «феяй» флоры і фаўны С. А. Дзядковай. Калекцыя юных аматараў прыроды папоўнілася дыпломам ІІІ ступені абласной культурна-экалагічнай акцыі «Дапаможам пярнатаму сябру». Ушаноўвалі ў гэты дзень і юных мастакоў аб’яднанняў па інтарэсах «Палітра» і «Творчасць» РЦДіМ Грэту Манукян, Ганну Петракоўскую, Яну Пясецкую, Уладзіслава Грундо, Максіма Семяніду, а таксама іх кіраўніка, педагога з вялікім творчым патэнцыялам і вопытам М. М. Гайсёнак. Яны сталі пераможцамі рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці «Салют, Перамога!» і атрымалі дыпломы І ступені.


Зусім нядаўна адбыўся абласны конкурс па дрэваапрацоўцы і нашы юныя землякі прывезлі восем дыпломаў. Два дыпломы І ступені ў абласным конкурсе і практычным туры і дыплом ІІ ступені ў тэарэтычным туры прынёс камандзе Віталь Пагарэльскі, дыплом І ступені ў выставе ў рамках абласнога конкурсу па дрэваапрацоўцы – Рыгора Пятроўскага. Двума дыпломамі ІІ ступені ў абласным конкурсе і практычным туры і дыпломам ІІІ ступені ў тэарэтычным туры скарбонку ўзнагарод папоўніў Ягор Белы. І як вынік – бешанковіцкія дрэваперапрацоўшчыкі сталі першымі ў вобласці ў камандным заліку. Усяго гэтага юнакі дасягнулі дзякуючы карпатлівай працы настаўніка працоўнага навучання СШ №2 г. п. Бешанковічы А. А. Пятроўскага.


На імправізаваны Алімп запрасілі і вучаніцу Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы Аляксандру Шарко і яе настаўніцу замежнай мовы І. К. Вахітаву, навучэнку СШ №2 гарпасёлка Аляксандру Літвінчук, якая атрымала дыплом ІІІ ступені ў абласным конкурсе паэтычных твораў «Рыфма.by», а таксама навучэнцаў гімназіі Дар’ю Даўгяла, Ксенію Малец і Лізавету Зюлькову, уладальніц дыпломаў ІІІ ступені абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый і іх педагога Д. В. Ружынскую.


Марыя Асташкевіч і Аляксандра Дармідошына (Бачэйкаўская СШ) узнагароджаны дыпломамі ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу краязнаўчых даследчых работ навучэнцаў «Святыні Беларусі: пакуты і перамогі» (педагог А. Г. Арлова). Гімназістка Аляксандра Корбан заняла трэцяе месца ў абласным этапе алімпіяды «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць».


Зорным часам гэтае свята таксама стала і для юных спартсменаў. Так, Кацярына Івашнёва заваявала дыпломы ІІІ ступені па вольнай барацьбе ва Усерасійскіх спаборніцтвах, першынстве Віцебскай вобласці. Марыя Альшэўская стала пераможцай і ўладальніцай дыплома І ступені адкрытага рэспубліканскага турніру па вольнай барацьбе памяці заслужанага чыгуначніка Рэспублікі Беларусь, майстра спорту СССР, трэнера М. Ф. Ерамеева. Ілля Казуноў адзначаны дыпломамі І ступені першынства Віцебскай вобласці па грэка-рымскай барацьбе сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння. Максім Бабарэнь узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені Усерасійскага турніру па вольнай барацьбе памяці У. Д. Лаўрыненкава сярод юнакоў 2003-2005 гадоў нараджэння і дыпломам ІІІ ступені першынства Віцебскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння. Вячаслаў Маеўскі стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені першынства Віцебскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння. Максім Круцілін узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені Усерасійскага турніру па вольнай барацьбе памяці У. Д. Лаўрыненкава сярод юнакоў 2003-2005 гадоў нараджэння, дыпломам ІІІ ступені Віцебскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2001-2003 гадоў нараджэння. І, вядома ж, самымі цёплымі апладысментамі ўшаноўвалі таленавітага і мэтанакіраванага трэнера Л. Б. Леганькова.


Усе тыя, хто ў гэты незабыўны дзень з хваляваннем і радасцю падымаўся на сцэну, атрымалі сваю хвіліну славы. І толькі яны ведаюць, якіх намаганняў, ведаў і ўменняў каштавалі ім гэтыя перамогі. А нам застаецца толькі ў чарговы раз павіншаваць юных землякоў і сказаць, што мы ганарымся маладымі талентамі, цвёрда верым, што дасягнутыя поспехі будуць прымнажацца на іх жыццёвым шляху.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *